Доблесть национальности не имеет. Памятник воинам и партизанам в Глыбочке имеет интересную историю

70-годдзе Перамогі

Многія ўшачане памылкова лічаць, што найбуйнейшай брацкай магілай часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Прарыў”. На самой жа справе гэта не адпавядае рэчаіснасці. Больш 500 чалавек пахаваны ў Бабовішчы Вялікадолецкага сельсавета, больш 900 – на ўскрайку могілак у гарадскім пасёлку. Але гэта мірныя жыхары, ахвяры крывавага гітлераўскага рэжыму. Буйнейшым жа пахаваннем воінаў і партызан, людзей, якія са зброяй у руках вызвалялі наш раён і набліжалі Перамогу, па афіцыйных даных з’яўляецца брацкая магіла ў аграгарадку Глыбачка.

Знешне і па сваіх маштабах гэтаму помніку, канечне, далёка да “Прарыву”. Свой блізкі да сучаснага аблічча выгляд свяшчэннае для многіх пакаленняў мясцовых жыхароў месца набыло 40 гадоў таму, калі тут былі ўстаноўлены сілумінавыя пліты з імёнамі вядомых пахаваных воінаў і партызан, а таксама з прозвішчамі загінуўшых на франтах і ў партызанскіх атрадах ураджэнцаў Глыбачанскага сельсавета. Скульптура ж воіна з аўтаматам вышынёй больш двух метраў сёлета адзначае 50­гадовы юбілей, бо была ўстаноўлена на магіле да дваццацігоддзя Перамогі. А вось пераважная большасць пахаваных тут людзей да такога ўзросту не дажылі…

У канцы чэрвеня 1944 года падчас наступлення савецкіх войскаў у ходзе аперацыі “Багратыён” часці 2­га Прыбалтыйскага фронту выйшлі да Заходняй Дзвіны. У тыле засталася яшчэ не зломленая групоўка нямецкіх войскаў, вяліся цяжкія баі за Полацк, а 51­ая Гвардзейская Чырванасцяжная і 270­ая Чырванасцяжная Дзямідаўская стралковыя дывізіі рыхтаваліся да фарсіравання ракі з боку Полацкага, Шумілінскага і Бешанковіцкага раёнаў. У выніку цяжкіх баёў ударныя часці панеслі вялікія страты, але, пераадолеўшы супраціўленне ворага, імклівым ударам вызвалілі паўднёва­усходнюю частку нашага раёна. Глыбачанская зямля, яшчэ да моманту вызвалення шчодра палітая крывёю народных мсціўцаў, прыняла ў сябе і мноства загінуўшых савецкіх воінаў. Па словах мясцовых жыхароў, іх астанкі былі перанесены ў Глыбачку ўжо ў пасляваенныя гады з шэрагу іншых населеных пунктаў. У данясеннях аб беззваротных стратах часцей Чырвонай Арміі месцамі пахавання салдат значацца могілкі і наваколле Адэліна, Краснай Горкі, Шалапечына, Асінаўкі, Быстрыкаў, Астраўлян, Якавак, іншых населеных пунктаў, многія з якіх зараз не існуюць – напрыклад, Кісялі.

У баях 27­29 чэрвеня дывізіі панеслі самыя вялікія страты з пачатку чэрвеня. Праз архіўныя звесткі паўстаюць імёны байцоў самых розных нацыянальнасцей, прычым у некаторых данясеннях можна ўбачыць, у баях за якую канкрэтна вёску загінулі воіны. Напрыклад, у спісе беззваротных страт 973­га стралковага палка насупраць прозвішчаў дзевятнаццацігадовых сібірака радавога Фёдара Мішагіна і адэсіта старшыны Цімафея Бойкі прыгожымі літарамі штабнога пісара выведзены страшны надпіс “убит 27.06.1944 в бою за д.Шелопечино Ушатского района». Граматычныя памылкі, дарэчы, даволі часта сустракаюцца ў геаграфічных назвах нашага раёна, плюс не ў кожнага са штабных работнікаў быў каліграфічны почырк, таму некаторыя дакументы цяжка прачытаць ды і складаліся данясенні ва ўмовах баявых дзеянняў. Мабыць з­за гэтага ёсць і неадпаведнасці ў транскрыпцыі прозвішчаў некаторых байцоў. Напрыклад, на плітах помніка сярод шэрагу іншых пахаваных значыцца загінуўшы 28 чэрвеня 1944 года памочнік камандзіра Іван Панфілавіч Нікіценка. Прозвішча зацікавіла тым, што яно, у ліку іншых, характэрна для нашай мясцовасці. Але ў архіўных дакументах такога байца ў злучэннях вызваляўшых тэрыторыю Глыбачанскага сельсавета я не адшукаў, але нечакана высветлілася, што ў складзе 156­га гвардзейскага стралковага палка ў баях на левым беразе Заходняй Дзвіны ў гэты жа дзень загінуў гвардыі старшына Іван Панфілавіч… Кікценка, памочнік камандзіра ўзвода. Супаставіўшы дату гібелі, месца службы і месца пахавання (Соньчын Рог), можна амаль са стопрацэнтнай упэўненасцю сцвярджаць, што гаворка ідзе пра аднаго і таго ж чалавека. А вось прозвішчы чырвонаармейцаў Фёдара Ніканоравіча Вішнеўскага і Міхаіла Яфімавіча Ражкова зацікавілі мяне датамі гібелі – 14 і 15 лістапада 1943 года. Партызан у Глыбачцы ў той час хавалі, але не было зразумела, як сюды маглі трапіць воіны рэгулярных часцей. Высветлілася, што і Ф.Вішнеўскі, і М.Ражкоў сапраўды загінулі ў канцы 1943 года ў баях за Рацькава, толькі не Ушацкага, а Віцебскага раёна! Там жа яны і былі пахаваны…

У баях за вызваленне глыбачанскай зямлі вызначыліся многія байцы, шмат іх, на жаль, адзначана ўзнагародамі пасмяротна. Безумоўна, самы вядомы сярод пахаваных у Глыбачцы салдат – Герой Савецкага Саюза гвардыі сяржант Барыс Іванавіч Юркін, імя якога носіць мясцовая школа. Прыклады ж гераізму і самаахвяравання паказвалі многія байцы самых розных нацыянальнасцей. Плячом да пляча змагаліся і загінулі ў канцы чэрвеня 1944 года на абодвух берагах Заходняй Дзвіны Ашым Арбаеў і Яўген Бабарыка, Адам Мысаў і Рыгор Падунай, Шаліко Шубашвілі і Март’янкуб Юсупаў, сотні іншых гвардзейцаў 51­ай і 270­ай дывізій. “Доблесць нацыянальнасці не мае”, – успамінаў І.Х.Баграмян, камандуючы 1­ым Прыбалтыйскім фронтам, які свой баявы шлях пачынаў у 51 стралковай дывізіі. Наогул, глыбачанцы могуць ганарыцца не толькі сваімі партызанамі, землякамі­франтавікамі, а нават тым фактам, што тэрыторыю іх сельсавета вызваляла адна з самых доблесных часцей Чырвонай Арміі. 51 дывізія адзначылася ў Сталінградскай бітве, штурмавала Мамаеў курган, вызваляла Курск, Белгарад і Харкаў, у 1943 годзе стала Гвардзейскай, была ўзнагароджана ордэнам Леніна і ў лютым 1944 года была перададзена ў складзе арміі 1­му Прыбалтыйскаму фронту. Падчас аперацыі “Багратыён” злучэнне прайшло з баямі 250 кіламетраў, фарсіраваўшы чатыры водныя перашкоды, а Заходнюю Дзвіну – двойчы. За паспяховыя баі з 22 чэрвеня па 5 ліпеня 1944 года дывізіі прысвоена ганаровае званне “Віцебскай”, а тром яе палкам – “Полацкія”, адзін з іх, 156­ы, найбольшыя страты панёс якраз пры наступленні ў напрамку Глыбачкі…

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *