Этим летом на территории Ушачского района будут работать 4 лагеря с круглосуточным пребыванием детей

Наши дети

Штогод напярэдадні канікул перад многімі бацькамі ўзнікае пытанне: куды ўстроіць на лета сваё дзіця. Не пакідаць жа на волю лёсу дома, перажываючы потым, чым яно занята ў вольны час… Добры варыянт у такім разе – запісаць школьніка ў аздараўленчы лагер, у якім ён не толькі будзе пад наглядам старэйшых, але яшчэ і паправіць здароўе.

Гэтым летам аддзел адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама плануе арганізаваць работу чатырох лагераў з кругласутачным прабываннем школьнікаў. Як нам расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета А.М.Жук, ужо напачатку чэрвеня гасцінна адчыніць дзверы перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі стацыянарны аздараўленчы лагер “Турасполле”. Ён традыцыйна будзе працаваць у тры змены, кожная працягласцю 18 дзён. Першая змена стартуе 9 чэрвеня, другая – 28 чэрвеня, трэцяя – 17 ліпеня. Зараз лагер актыўна рыхтуецца да адкрыцця. Штогод у ім паляпшаюцца ўмовы для аздараўлення і актыўнага адпачынку дзяцей. Сёлета, напрыклад, арганізавана ацяпленне спальнага корпусу, дзе таксама абсталяваны туалет, падведзена каналізацыя да вулічных “санітарных пакояў”. Поўны кошт пуцёўкі ў названым аздараўленчым лагеры складзе 2 мільёны 970 тысяч рублёў, бацькоўская даплата – 1 мільён 570 тысяч. Акрамя гэтага на базе “Турасполля” 17 ліпеня адкрыецца кругласутачны палатачны лагер. Парадуе дзяцей таксама турыстычны лагер на базе Кубліцкай школы (пачатак работы – 23 чэрвеня), а таксама лагер працы і адпачынку на базе Ільюшынскай (ліпень), дзе хлопчыкі і дзяўчынкі будуць занятыя на зборы ягад для ААТ “Ільюшынскі”.

Летам ва ўсіх установах адукацыі раёна будуць працаваць таксама дзённыя лагеры. А ў Вялікадолецкай, Вяркудскай, Арэхаўскай і Ушацкай школах дадаткова адкрыюцца лагеры працы і адпачынку.

Па пытаннях набыцця пуцёвак і рашэння іншых пытанняў, звязаных з аздараўленнем дзяцей, можна звяртацца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кабінет 73 да метадыста Алены Мечыславаўны Жук (рабочы тэлефон 2-74-92).

* * *

Бяспечныя канікулы абяцаюць і праваахоўнікі. З мэтай папярэджання безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, арганізацыі вольнага часу дзяцей і забеспячэння кантролю за іх паводзінамі ў перыяд з 1 мая па 1 кастрычніка дзейнічае міжведамасная спецыяльная праграма “Клопат”.

Энергію маладосці супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі прапануюць накіраваць у грамадска-карыснае рэчышча. Запланавана правядзенне розных спартыўных і грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў. “Педагогі ў пагонах” будуць частымі гасцямі ва ўсіх месцах масавага адпачынку непаўналетніх.

Актуальнасць праводзімых мерапрыемстваў абумоўлена тым, што за чатыры месяцы 2015 года падлеткамі Ушаччыны здзейснена 1 злачынства і 11 адміністрацыйных правапарушэнняў, за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей пакарана 3 бацькоў, за прыцягненне непаўналетніх да супрацьпраўных паводзін – 11 грамадзян, за рэалізацыю непаўналетняму спіртных напояў – 1 работнік гандлю. Зараз на прафілактычным уліку ў інспекцыі знаходзяцца 15 юнакоў і дзяўчат.

– У перыяд канікул у першую чаргу будзе забяспечана занятасць навучэнцаў з малазабяспечаных і мнагадзетных сямей, тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або на прафілактычным уліку, – аб прыярытэтных накірунках “Клопату” расказвае старшы інспектар ІСН РАУС Канстанцін Васільевіч Аўсіевіч, дадаючы, што толькі ад саміх падлеткаў залежыць, чым запомніцца ім гэтае лета…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *