Творческая работа ученицы Ушачской школы Екатерины Ледник стала лучшей на республиканском конкурсе рисунков

Наши дети

У тым, што ўшацкая моладзь мае шматгранныя таленты, сумнявацца не прыходзіцца. Толькі мы парадаваліся паспяховаму выступленню нашых школьнікаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (нагадаем: усе 4 дэлегаты раёна вярнуліся з дыпломамі), як са сталіцы прыйшла яшчэ адна прыемная навіна – творчая работа адзінаццацікласніцы Ушацкай школы Кацярыны Леднік прызнана адной з лепшых на рэспубліканскім конкурсе малюнкаў “Мой родны лес”. Арганізатарам апошняга выступілі прадстаўніцтва Ляснога апякунскага савета ў Беларусі і грамадская арганізацыя “Экапартнёрства”.

Аб пачатку правядзення конкурсу было аб’яўлена яшчэ ў верасні на сайце “Школьнага праекта выкарыстання рэсурсаў і энергіі” (SPARE). Інфармацыя зацікавіла настаўніцу біялогіі Ушацкай школы В.А.Жыткую, якая не першы год выкарыстоўвае ў сваёй рабоце інтэрнэт-тэхналогіі і найноўшыя адукацыйныя падыходы. А вучаніца 11 “А” класа Кацярына Леднік, якая за аловак і фарбы ўзялася ў раннім дзяцінстве, адной з першых адгукнулася на прапанову настаўніцы. Жывапісу дзяўчына не адзін год вучылася ў мастацкай школе, зараз марыць аб прафесіі дызайнера інтэр’ера.

– Над ідэяй будучага малюнка доўга не думала, – расказвае Каця. – Выпадкова знайшла ў інтэрнэце інфармацыю пра дастаткова рэдкага для ўшацкіх лясоў цецерука і спынілася на ім. Трэба сказаць, што гэтую птушку я ніколі не бачыла (хіба што ў выглядзе чучала ў кабінеце біялогіі), хоць і жыву недалёка ад лесу і часта там бываю з роднымі і сябрамі. Напэўна, таму ­ўдвая цікавей было выпрабаваць свае творчыя здольнасці.

Не напужалі Кацярыну, здавалася б, непрывабныя на дылетанцкі погляд чорна­шэрыя адценні малюнку – акрамя звычайнай гуашы выкарыстала для бляску фарбу для батыку. Некалькі гадзін карпатлівай работы – і выдатны малюнак гатовы.

У чарадзе школьных спраў, якімі насычаны будні выпускніка, К.Леднік забылася пра конкурс. Таму калі напрыканцы студзеня В.А.Жыткая на ўроку біялогіі аб’явіла аб перамозе, нават крыху здзівілася.

– Вельмі прыемна, што маю работу заўважылі і ацанілі, – прызнаецца Кацярына. – Ганарова было прыняць удзел разам з Вольгай Анатольеўнай ва ўрачыстым узнагароджанні ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, атрымаць дыплом пераможцы і галоўны прыз – каляндар на 2016 год, на якім знайшоў адлюстраванне і мой малюнак.

– Узгаданы конкурс не толькі выяўляе мацнейшых юных жывапісцаў, але і дае ім магчымасць больш даведацца аб багатым жывёльным і раслінным свеце беларускага лесу, – дадае В.А.Жыткая. – Думаю, папоўніла багаж ведаў школьнікаў экскурсія па жывёльным кутку і акварыумным класе цэнтра. Цікава было паслухаць валанцёраў арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якія расказалі пра віды кармушак і правялі віктарыну на веданне прыкмет і нораваў нашых крылатых сяброў. Дарэчы, добрую кемлівасць прадэманстравала і Каця, якая атрымала ад “Аховы птушак Бацькаўшчыны” памятны падарунак.

Каляндар, на якім 38 лепшых малюнкаў школьнікаў з усёй Беларусі, зараз займае пачэснае месца на стэндзе кабінета біялогіі Ушацкай школы. Гэта не толькі памяць аб конкурсе, але і добры стымул для іншых школьнікаў дасягаць такіх жа высокіх творчых і вучэбных перамог.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *