Водные приключения гостей из Китая в Ушачах

Ушаччина туристическая

На гэтае незвычайнае фота давялося натрапіць у адной з сацыяльных сетак. Калі ж стала высвятляць яго паходжанне, даведалася шмат цікавага. Па-першае, пра тое, што адпачынак у нашым раёне прывабіў грамадзян Кітая – зрэшты, гэта падаецца лагічным у сувязі з умацаваннем апошнім часам палітычных і эканамічных стасункаў паміж нашымі краінамі. Абралі ж азіяцкія госці для пражывання ўтульную аграсядзібу “Апельсін”. Яе гаспадар Віктар Стэльмах мусіў наладзіць для іх актыўны адпачынак. Турысты з задавальненнем пакаталіся на квадрацыкле, катэры, пракат якіх арганізаваны на былой водналыжнай базе, якая зараз належыць Міхаілу Дуніку. Наведалі яны і размешчаны побач на возеры Вечалле водна-аднаўленчы цэнтр з трасай для вейкбордзінгу. Трэба сказаць, што госці з Кітая аб гэтым новым відзе экстрэмальнага спорту нават не чулі, таму захацелі больш даведацца пра яго і нават рашыліся паспрабаваць сябе на трасе. Даць кітайцам некалькі ўрокаў з задавальненнем згадзіліся члены нядаўна створанага ва Ушачах вейк-клуба “W.R.Center”. “Нашы вучні аказаліся хоць і не вельмі здатнымі, але адважнымі. І хоць не пазбеглі купання ў халаднаватых хвалях Вечалля, аднак весялосці, вострых адчуванняў і незабыўных уражанняў ад прабывання ва Ушачах ім дакладна хапіла!” – расказваюць вейкбардзісты.

У склад новаўтворанага клуба пакуль уваходзіць шэсць чалавек: гаспадар водна-аднаўленчага цэнтра Сяргей Фамін, Дзмітрый Шаўчэнка, Дзмітрый Долгі, Уладзімір Корабаў, Аляксандр Пугач і Канстанцін Тарасеня. Выказвае жаданне “разбавіць” мужчынскі спартыўны калектыў Ганна Клопава. Дарэчы, сваю дзейнасць спартсмены-аматары адразу пачалі з добрай справы, выступіўшы з ініцыятывай напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі дапамагчы райкаму БРСМ навесці парадак ля замацаванага за грамадскай арганізацыяй помніка, устаноўленага на беразе Вечалля на месцы былога партызанскага аэрадрома. “Працавалі з вялікай ахвотай, – адзначаюць спартсмены. – Гэта і даніна памяці загінуўшым за нашу свабоду героям, і ўклад у навядзенне парадку ў адной з самых прыгожых мясцін нашай малой радзімы. Распачаўся летні сезон, і вельмі хочацца, каб ушачане і госці раёна атрымлівалі асалоду ад адпачынку на Вечаллі”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *