5 июня — День охраны окружающей среды. Великолепная природа — большое богатство и потенциал Ушачского района

Экология

Асабліва багата Ушаччына на водныя рэсурсы, ахове якіх раённая экалагічная інспекцыя надае пастаянную ўвагу. Прыемна канстатаваць, што рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў гарпасёлка зняла вострую праблему забруджання ракі Ушача: ніводная з проб вады, якія рэгулярна накіроўваюцца ў Наваполацкую лабараторыю аналітычнага кантролю, не паказала перавышэння нарміраваных значэнняў шкодных рэчываў. Пад пастаянным кантролем інспекцыі знаходзяцца ўсе размешчаныя ў водаахоўных зонах жывёлагадоўчыя аб’екты, якія з’яўляюцца патэнцыяльнымі крыніцамі забруджвання вадаёмаў.

Важным экалагічным накірункам з’яўляецца захаванне чысціні паветра, таму ў раёне пастаянна робяцца замеры выкідаў кацельняў – тут таксама перавышэння норм зафіксавана не было.

Сёлета і ў нашым рэгіёне, і ў краіне, як ніколі вялікая ўвага надаецца пытанню навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў, і вынікі гэтай работы нельга не заўважыць. У раёне створаны штаб, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых службаў, у тым ліку і экалагічнай. Толькі з пачатку бягучага года работнікі інспекцыі правялі 244 абследаванні самых розных аб’ектаў – вытворчых і прыдамавых тэрыторый, дарог, мініпалігонаў, кар’ераў і іншых – падчас якіх было выяўлена 109 парушэнняў, выдадзена 49 прадпісанняў і рэкамендацый, складзена адміністрацыйных пратаколаў на агульную суму больш 13 мільёнаў рублёў.

Па­ранейшаму вострай праблемай застаецца ўтрыманне сельскіх мініпалігонаў для захавання бытавых адходаў. І хоць УП ЖКГ робіць многае ў гэтым напрамку, аднак з­за нястачы тэхнікі і фінансавання не заўсёды своечасова праводзяцца работы па захаванні смецця, а гэта не толькі псуе выгляд і стан аб’екта, але і стварае небяспеку ўзгарання адходаў. І такія факты, на жаль, сёлета меліся: адбыліся пажары на мініпалігонах у Сарочыне і Двор­Пліне, у выніку чаго ў атмасферу трапілі таксічныя рэчывы, якія ўтвараюцца пры згаранні пластыку і іншых сінтэтычных матэрыялаў.

Навядзенню парадку на зямлі ў нашым раёне моцна перашкаджае распаўсюджанне баршчэўніку Сасноўскага. У канцы красавіка­пачатку мая наша інспекцыя праводзіла маніторынг месцаў яго росту, па выніках якога ў адрас землекарыстальнікаў было накіравана 16 рэкамендацый. Для барацьбы з раслінай хімічным спосабам ва Ушацкім ПМС створана спецыяльная брыгада, па меры магчымасці вядзецца гэтая работа і ў сельсаветах. На цяперашні момант каля 100 гектараў плошчаў раёна вызвалена ад зараснікаў баршчэўніку, з іх 77 апрацавана радыкальным хімічным спосабам.

З пачаткам сезона адпачынку асаблівую актуальнасць набывае кантроль за выкананнем арандатарамі вадаёмаў сваіх абавязкаў. А недахопаў у гэтым пытанні хапае. Так, нядаўна падчас планавай праверкі аднаго з арандатараў устаноўлены шэраг парушэнняў, выдадзена прадпісанне, выкананне якога зараз на кантролі. Ёсць у гэтым плане і станоўчыя прыклады. Так, прыкметна папрыгажэла наваколле возера Павульскага, арандатарам якога з мінулага года з’яўляецца ПТУП “Асланов і Ко”: тут праведзена ачыстка берагавой тэрыторыі, устанаўліваюцца скрыні для смецця, вядзецца будаўніцтва альтанак.

Вядома ж, якой будзе экалагічная абстаноўка ў раёне, залежыць не толькі ад дзейнасці нашай інспекцыі і суб’ектаў гаспадарання, але найперш ад паводзін кожнага ўшачаніна. Не варта чакаць, што нехта прыйдзе і навядзе парадак ля нашых сядзіб, скосіць пустазелле, прыбярэ сметнік, здасць металалом – усё гэта можам і павінны рабіць мы самі, калі хочам жыць у дастойных умовах, дыхаць чыстым паветрам, ганарыцца прыгажосцю роднага краю.

І.ПАДГОЛ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *