Скорость и качество — составляющие успеха. ОАО «Ильюшинский» лидирует в Ушачском районе по заготовке кормов

Сельское хозяйство

– Яны ж не ездзяць па полі, а лётаюць, як тыя верталёты! За адзін дзень скасілі больш 70 гектараў, – гаворыць дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка, пад’язджаючы да поля на ўскрайку Старога Сяла, дзе працуюць касілкі.

Па зялёнай сакавітай траве першага ўкосу хутка рухаюцца тры трактары МТЗ­83 з касілкамі. Захапіўшыся сваёй справай, Аляксандр Майсеенка, Віктар Буйніцкі і Уладзімір Урбан (на здымку) нават не адразу спыняюцца для размовы.Працаўнікі “Ільюшынскага” ўжо прывыклі да аб’ектыву нашых фотакамер і без праблем згаджаюцца пазіраваць. А іх праца сапраўды заслугоўвае ўвагі. У мінулыя выхадныя, калі ў некаторых гаспадарках толькі пачыналі ці збіраліся пачынаць нарыхтоўку кармоў, у таварыстве ўжо закладвалі другую 800­тонную траншэю.

“Касцы” практычна кожны дзень перавыконваюць норму, а было і такое, што В.Буйніцкі скошваў і трайную. У гэты дзень яны з лёгкасцю справіліся са старасельскім полем і з энтузіязмам пыталіся, дзе іх наступны аб’ект.

Вельмі важна ў час “зялёнага жніва” не ўпусціць момант. Трава не будзе чакаць і хутка перарасце, згубіўшы свае карысныя рэчывы. Прамаруджванне недапушчальна і па той прычыне, што ў сельгаспрадпрыемстве вельмі вялікія аб’ёмы работы, трэба забяспечыць кармамі тысячнае пагалоўе.

– Распачалі корманарыхтоўку сёлета крыху раней, чым звычайна. І не таму, што хочам узяць колькасцю і абысці ўсіх хуткасцю, а таму, што паставілі сабе задачу запасціся на зіму якаснымі кармамі, без гэтага не будзе вялікіх прыбавак у жывёлагадоўлі – асноўнай крыніцы даходаў. Згадзіцеся, нават калі ў нас будзе вялікая колькасць кармоў, але яны будуць нізкай класнасці, то які з гэтага толк? – разважае Сяргей Анатольевіч.

Для таго, каб дасягнуць гэтай мэты, работнікі сельгаспрадпрыемства стараюцца прытрымлівацца ўсіх тэхналагічных норм. Тут не закладваюць ніякіх буртоў – толькі траншэі, якія былі загадзя падрыхтаваны. Каб не быць галаслоўнай дадам, што яшчэ задоўга да пачатку нарыхтоўкі траншэя ў тым жа Старым Сяле на ўездзе ў вёску прыцягнула маю ўвагу, бо была абкошана, вычышчана і пабелена. Непасрэдна перад закладкай – выслана саломай, падрыхтаваны пад’езд. На траншэях арганізавана пастаянная трамбоўка, каб сянаж быў максімальна ўшчыльнены. Стараюцца тут укласціся і ў аптымальны тэрмін закладкі адной траншэі – не больш трох дзён, а каб корм быў больш якасным, абавязкова прымяняюць кансерванты. Не менш важна выканаць тэхналогію і пры закрыцці траншэі.

Тым часам на другім полі стаяў духмяны водар падвяленай травы, дзе з раніцы была сканцэнтравана ўся астатняя тэхніка, задзейнічаная на гэтых работах. Трактары з граблямі ўжо падрыхтавалі для камбайнаў валкі. У мінулым годзе гаспадарка набыла новыя граблі, якія пусцілі ў ход у гэтым сезоне. Новы агрэгат не падводзіць, вельмі старанна працуе на ім малады работнік прадпрыемства Аляксей Базылеў, не адстаючы ад свайго вопытнага перадавога калегі Сяргея Клопава. Пра тое, што ідэальна ведаюць сваю справу Уладзімір Лёля і Мікалай Ступко, і гаварыць не трэба – без іх не абыходзіцца ні адзін цыкл сельскагаспадарчых работ, і гэтым летам яны ўжо каторы раз селі за штурвалы кормаўборачных камбайнаў. Хутчэй адвезці зялёную масу, каб не прастойвалі КВК, спяшаюцца Аляксандр Селезень, Юрый Бука, Пётр, Качан, Ігар Коўшаль, Міхаіл Рэут. Не толькі новыя граблі, а і практычна ўсе атрыманыя гэтай вясной новыя МТЗ­82 задзейнічаны на корманарыхтоўцы, атрыманая тэхніка аказалася вельмі дарэчы.

– На старасельскіх землях працаваць – адно задавальненне! Тут няма дробнаконтурных палёў, невялікіх кавалкаў зямлі, ёсць дзе развярнуцца тэхніцы, ды і ўраджай вырастае заўсёды нядрэнны, – зазначаюць працаўнікі пра добра вядомыя мне яшчэ з дзяцінства палеткі.

З улікам эканоміі паліва і часу ў гаспадарцы наладжана работа валкаўтваральнікаў. Прычым, тут не бяздумна зграбаюць некалькі пракосаў у адзін, каб тэхніцы рабіць менш кругоў, а ў залежнасці ад ураджайнасці травы, улічваючы пры гэтым і тое, што яна павінна хутчэй правяліцца.

Любая сумленная праца, безумоўна, павінна быць заахвочана. Механізатары знаёмы з нормамі і расцэнкамі. Арганізавана тут і традыцыйнае ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, аднак добра настроеныя на работу працаўнікі “Ільюшынскага” плануюць заняць п’едэстал і раённага спаборніцтва. І для гэтага ў іх ёсць усе шанцы – на ўчарашні дзень гаспадарка займала першае месца ў раёне, нарыхтаваўшы больш за 2700 тон сенажу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *