25 июня — 110 лет со дня рождения белорусского поэта, нашего земляка — Петруся Бровки

Наши земляки Юбилейные даты

У маёй сям’і з гэтым знакамітым чалавекам звязана адна гісторыя, якая характарызуе яго як незвычайна простага, акрытага людзям. Нездарма ж Народны пісьменнік Беларусі. Мой дзядуля Сцяпан Бутоўскі жыў у Ваўчы, а працаваў у магазіне ў мястэчку Ушачы. Аднойчы, калі ён быў дома, да яго наведаўся статны інтэлігентны мужчына, у якім ён пазнаў Петруся Броўку. Той ехаў да сябе ў Пуцілкавічы, хацеў нешта купіць ва Ушачах, а магазін быў зачынены. І вось прыехаў за прадаўцом. Сям’ю маіх продкаў тады ўразіла, што ў вадзіцеля, які вёз пісьменніка, таксама быў дабротны карычневы касцюм. Значыць, вядомы чалавек не хацеў адрознівацца ад падначаленага, вырашылі сяляне…

А ён і сапраўды быў добрым, мяккім, “ад вёскі”. У глыбінцы, у трох дзясятках кіламетраў ад непрыкметнага тады мястэчка Ушачы, у Пуцілкавічах (тады – Барысаўскага павета Мінскай губерні) ён нарадзіўся, здавалася, на гора: сям’я ж была незвычайна бедная, а бацькам трэба было выхоўваць дзевяць дзяцей, маючы дзве з паловай дзесяціны зямлі. Але Усцін Адамавіч займаўся цяслярствам, Алена Сцяпанаўна з раніцы да ночы завіхалася па гаспадарцы, спраўлялася дома.

Будучы вядомы літаратар, грамадскі дзеяч, вучоны пазнаваў жыццё з азоў, дапамагаючы бацькам. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вышэйшае пачатковае вучылішча. Сёння маладыя і не зразумеюць, як гэта з 13-гадовага ўзросту Пятрусь ужо стаў працаваць у Вялікадолецкім ваенным валасным камісарыяце, потым – валвыканкаме перапісчыкам, рахункаводам у сельскай гаспадарцы, а пазней і старшынёй Маладолецкага сельсавета (1924 год). Быў камсамольскім актывістам. Змагаўся разам з іншымі з хібамі вясковага жыцця. Разумеў важнасць культасветработы, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці.

Яшчэ ў дзяцінстве пазнаёміўся з вершамі Я.Купалы, Я.Коласа, але не дапускаў і думкі, што некалі будзе складаць іх сам. Але…

Спачатку Пётр Усцінавіч накіраваў лісты з заметкамі ў Барысаўскую павятовую газету “Бядняк”, у газеты “Беларуская вёска”, “Советская Белоруссия”, “Звязда”. У 1923 годзе яго нават выклікалі на 1-ы з’езд селькораў Беларусі, але не было за што ехаць. А ў 1926 годзе ў газеце “Чырвоная Полаччына” і ў альманаху “Наддзвінне” пачаў друкаваць свае вершы.

У 1925 годзе наш зямляк папрацаваў у Полацкім акруговым камітэце ЛКСМБ, праз два гады стаў адказным сакратаром акруговай газеты “Чырвоная Полаччына”. У 1928-м П.Броўка паступае на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (да гэтага займаўся ў Полацкай вячэрняй школе для дарослых).

А 1934-ы стаў адметным для Петруся Усцінавіча, ён ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, праз два гады ў іх нарадзіўся сын Юрый.

У даваенным 1940-м нашаму земляку даверылі важную пасаду рэдактара часопіса “Полымя” (паўторна стане ім пасля Вялікай Айчыннай).

У Чырвоную Армію Пётр Усцінавіч пайшоў добраахвотнікам. Накіравалі інструктарам-літаратарам у газету “Советская Белоруссия” на Бранскім і Заходнім франтах. Дасылаў заметкі ў партызанскую газету.

Яшчэ не скончылася вайна – у 1943-м П.Броўка становіцца адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Доўгі час – з 1948 да 1967 – ён перавыбіраўся старшынёй праўлення гэтага Саюза. Вельмі адказную пасаду займаў наш зямляк у 1967-1980 гадах, калі ён працаваў галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Да работы, як заўсёды, адносіўся вельмі сур’ёзна. Памятаю, да нас у “Патрыёт” паступалі просьбы ўдакладніць тыя ці іншыя звесткі – у такім выданні пераправяралі ўсё не адзін раз.

Грамадская дзейнасць не перашкаджала, а наадварот садзейнічала літаратурнай творчасці нашага земляка.

Што было характэрна для ранняй творчасці П.Броўкі? Канечне ж дух паслярэвалюцыйных перамен. Пазней – ваенная, патрыятычная тэматыка. Грамадзянскі пафас – і ў яго творах 60-70 гадоў. Падмурак беларускай культуры спалучаецца ў яго творчасці з савецкім патрыятызмам і сацыялістычным інтэрнацыяналізмам.

Тры дзясяткі зборнікаў паэзіі, яшчэ – і кніжкі для дзяцей. Раман “Калі зліваюцца рэкі” (1957), зборнік апавяданняў “Разам з камісарам” (1974), лібрэта опер “Міхась Падгорны”, “Алеся”, у сааўтарстве з Я.Рамановічам “Дзяўчына з Палесся” (1974), пераклады, нарысы – усё гэта наш Пётр Усцінавіч.

Зборнікі паэзіі “Гады як шторм”, “Прамова фактамі”, “Цэхавыя будні”, “Паэзія”, “Так пачыналася маладосць”, “Прыход героя”, “Вясна радзімы”, “Кацярына”, “Шляхамі баравымі”, “Насустрач сонцу”, “У роднай хаце”, “Сонечнымі днямі”, “Цвёрдымі крокамі”, “Пахне чабор”… Усіх не пералічыць. Прывяду вытрымкі з вершаў: “Мая радзіма” Родны дом! Напеў бароў, раздолле пожань! Мне ўсё тут люба і прыгожа”… “Ты ходзіш, маці, сцежкамі вайны, і з вуснаў рвуцца ворагам праклёны. З братамі прыйдзем мы, твае сыны, – і выйдзе Беларусь з палону!” “Над маёй галавой журавы… Ну, куды адлятаеце вы?.. Застаюся засмучаны дома я”.

Пайшоў паэт з жыцця ў 1980 годзе, каб назаўсёды застацца дома – у нашай памяці.

П.Броўка – народны паэт БССР. Акадэмік АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені, 3-й ступені, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР.

Дэлегатам ад БССР Пётр Усцінавіч прымаў удзел у рабоце ХIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1959 год). Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1947-1955 гадах і Вярхоўнага Савета СССР у 1956-1980 гадах. Узнагароджаны чатырма ордэнамі: імя Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы Народаў, “Знак Пашаны”, медалямі…

На малой радзіце народнага пісьменніка Беларусі – Ушаччыне – свята захоўваецца памяць пра яго. У Пуцілкавічы – філіял літаратурнага музея Петруся Броўкі (Мінск, вул.К.Маркса, 30) – прыязджаюць дэлегацыі літаратараў і іншых творцаў, розныя іншыя людзі. Тут знаходзіцца адноўленая хата Броўкаў і ля яе – стэла памяці маці пісьменніка, якая ваенным часам загінула ў Асвенцыме. На гэтай хаце і ў Мінску на доме, дзе жыў апошні час літаратар, устаноўлены мемарыяльныя дошкі, у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і Вялікадолецкай сярэдняй школе маюцца мемарыяльныя пакоі. Імя П.Броўкі прысвоена выдавецтву “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

Асабліва блізкі Пётр Усцінавіч тым, хто памятае яго асабіста. Пяць гадоў назад на юбілей пісьменніка прыязджалі ў Пуцілкавічы з розных месцаў пражывання яго аднавяскоўкі, дочкі сям’і Мацуткевічаў. Яны расказвалі, якім быў іх сусед, з ім нават перасякаюцца роднасныя сувязі. Іх маці, Міхаліна Іванаўна, была стрыечнай сястрой Анастасіі Юльянаўны, такой жа сястры паэта па другой лініі, якая была сведкай гібелі ў Асвенцыме яго маці. Сёстры Мацуткевічы расказвалі пра Пятра Усцінавіча:

Бывала, прыедзе (а прыязджаў штогод), абавязкова наведаецца да нас, спытае: “Як ты, Міхалінка, жывеш?” Мы яго заўсёды так чакалі, бяжым насустрач, а ён нам накупляе цукерак, ліманаду шмат. Во ўжо радасці было.

І яшчэ жанчыны з гонарам заўважылі:

– Свае новыя творы Пётр Усцінавіч чытаў перш за ўсё мясцовым жыхарам. Асабліва ўразіла паэма “Голас сэрца”, прысвечаная маці.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *