«Рыбакова хата» на легенды богата. Ещё на одну агроэкоусадьбу станет больше в Ушачском районе

Ушаччина туристическая

– Гэтай хаціны і бачна не было. Аграэкатурызм для маіх сяброў з Магілёва пачынаўся з працатэрапіі, – высякалі кустоўе, убіралі пустазелле, каб адкрыць подступы для маёй “Рыбаковай хаты”, – расказвае гаспадыня сядзібы Ірына Навагродская.

Назву для гасцявога доміка яна знайшла імгненна. Маленькая хатка на адзін спальны пакой і міні­кухню падыходзіць для адпачынку адной кампаніі. Гэта, канечне, можа быць і сям’я. Ну а для непатрабавальных рыбакоў, якія так любяць паспрабаваць удачу на Белым, тут ёсць усё, што ім патрэбна, каб адпачыць, а на золку зноў пабегчы да вады. А яшчэ “Рыбакова хата” ідэальнае месца для таго, хто стаміўся ад гарадскога шуму, мітусні, і так жадае спакою і еднасці з прыродай. Хоць і размешчана аграсядзіба ў вёсцы Белае, а такое адчуванне, што навокал ні душы. Так ціха і ўтульна тут, нягледзячы на тое, што на добраўпарадкаванне яшчэ не раз спатрэбіцца выклікаць групы жылістых сяброў. Тут няма кветнікаў і альтанак, дарожак і лазні – невядома, што з гэтага патрэбна і калі з’явіцца. А ў самых блізкіх планах гаспадыні – барацьба з баршчэўнікам, які яўна перашкаджае нетаропкаму і заварожваючаму расказу Ірыны пра мясцовыя легенды.

– Вось гэта алея кахання, яна тут з часоў пана Забэлы. Непасрэдна панскі палац стаяў правей, а тут быў сад, парк, гаспадарчыя пабудовы, мой цяперашні дом – панская клець, усё ў адзіным ансамблі. Прыгожа, ці не праўда. А вунь камень лесавіка Белуна, пра яго ёсць асобная легенда. Пра нашы мясціны я магу расказаць многа, гэта, дарэчы, і будзе асаблівасцю маёй аграсядзібы.

І хоць дарог да возера многа, Ірына правяла мяне да вады менавіта па ліпавай алеі – зацямнёнай і рамантычнай. На беразе ж – наадварот: вольна, прасторна, так і цягне ў ваду. На гэтай прыстані ўлетку збіраецца нямала кампаній за юшкай і шашлыкамі, пакатацца на лодках і пакупацца. Рай, ды і толькі, нездарма ж пан абраў такое месца для маёнтка.

Сёння на месцы яго дагледжанага памесця – можна сказаць лес – з кустоў, дрэў і баршчэўніку. Усё гэта ўжо не тэрыторыя аграсядзібы Ірыны Фёдараўны, аднак яна вызвалася апраца­ваць баршчэўнік ядам і метр за метрам адваёўвае тэрыторыю.

– Хочацца ўсё расчысціць – каб людзі маглі любавацца былым панскім паркам, каб проста было прыгожа, як раней, я ж нарадзілася, расла ў Белым, вунь там – у пачатку алеі – наш былы дом.

Хто, калі не я! Гэта дэвіз Навагродскай у справе навядзення парадку на роднай ёй зямлі. Што датычыцца аграэкатурызму, то хоць і зарэгістравала сядзібу, да прыёму турыстаў пакуль не гатова. Па­першае, пакуль “Рыбакова хата” стала месцам жыхарства сына. Па­другое, вельмі многа яшчэ трэба зрабіць. Вунь там будзе альтанка з мангалам – паказвае на заліты фундамент Ірына. Вунь першыя градкі адваявалі ў суцэльнага пустазелля. Усё ў стадыі пачатку, для пашырэння карыснай плошчы сядзібы і добраўпарадкавання патрэбны сродкі, крэдыт жа хоць і льготны, Ірына не бярэ прынцыпова. Зарплата невялікая, а ў кабалу лезці – не ў характары. Мяркуе паступова абжывацца.

Што і робіць. І літаральна за некалькі тыдняў сядзіба яўна прырасла. Расчышчана дарога да возера, абкошаны сам пляж, баршчэўнік, што не паддаўся хіміі, а зараз Ірына Фёдараўна разам са сваякамі збіраецца пассякаць кветканосы ў блізкім наваколлі. Думаюць тут аднак не толькі пра летні адпачынак. Прыгатаваць юшку, шашлык ды і ўсё, што душа жадае, можна будзе і ў зімовай альтанцы, якая з’явілася побач з домам. Гэта на перспектыву, ну а хутка зацвітуць ліпы (алеі ж пераважна ліпавыя) – і можна страціць прытомнасць ад мядовага паху.

Калі ж да Ірыны Фёдараўны наведваюцца сябры – яны канечне прыязджаюць сюды. І ўсім вельмі падабаецца. Калі нехта з іх жадае ўсіх выгод вясковага адпачынку – ёсць і лазня па­чорнаму. Ірына дамовілася, што гарадскіх сяброў пусцяць паспытаць экзотыкі сябры­аднавяскоўцы. Можна, канечне, знайсці ў Белым лазню і па­беламу, але гэта ўжо не тое.

Прыгадваю сваю зусім непрацяглую вандроўку ва ўладанні “Рыбаковай хаты” – і не ўяўляю яе з мураванымі дарожкамі, кветнікамі… Мабыць і не трэба ёй усяго гэтага, каб заставацца ўнікальным месцам адпачынку, спакойным і прыгожым. Там так утульна і без усяго гэтага, што зноў захацелася ў Белае, дзе ад графа Забэлы засталіся не толькі вінаградныя смаўжы, але алеі, парк…, легенды. А яшчэ выдатна, што ёсць такая ўнікальная гаспадыня “Рыбаковай хаты”, якая даўно вывучае гісторыю Ушаччыны, побыт і абавязкова зробіць сваю сядзібу месцам адпачынку з асаблівай разынкай.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *