Чарговую высокую ўзнагароду паклала ў скарбонку сваіх творчых дасягненняў выхаванка эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, прэзідэнцкі стыпендыят Дар’я Крупская: на гэты раз юнай спявачцы апладзіравалі жыхары і госці 47-га міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячых, юнацкіх і прафесійных творчых калектываў “Мора. Натхненне. Тэатр”, які праходзіў у сярэдзіне ліпеня ў Анапе ў рамках праекта “Берагі надзей”. На творчым форуме талентаў Даша была адзінай прадстаўніцай Беларусі, а песня з рэпертуару Пятра Ялфімава “На крылах лета”, якую яна праспявала на роднай мове, мела лейтматывам тэму еднасці славянскіх народаў і надзвычай дакладна адпавядала атмасферы конкурсу. Другі ж паказаны дзяўчынай нумар – песня “Боль” з рэпертуару Крысціны Агілеры – дазволіў прадэманстраваць моцны вакал і артыстычныя здольнасці. “Ужыцца ў вобраз страціўшай бацьку гераіні Дашы дапамог і той факт, што яна з маленства выхоўваецца без таты і ёй у пэўным сэнсе знаёмы падобныя пачуцці”, – расказвае педагог дзяўчыны Алена Сазонава. Удалы выбар рэпертуару і, канечне, выканаўчае майстэрства дапамаглі юнай спявачцы пакарыць журы і гледачоў: Даша стала лаўрэатам ІІ ступені ў адной з самых складаных узроставых намінацый конкурсу.
Наталля БАГДАНОВІЧ.