В Плинской библиотеке всегда с удовольствием и улыбкой встречает посетителей Галина Кашненко

К профессиональному празднику

– Работа бібліятэкара зусім не руцінная, наадварот – цікавая, пазнавальная. Я нават часта не паспяваю за рабочы дзень зрабіць усе запланаваныя справы. Гэта прафесія дапамагла мне раскрыць сябе! – сцвярджае бібліятэкар Плінскай бібліятэкі Галіна Мікалаеўна Кашненка.
Яна працуе тут ужо чатыры гады, а складваецца такое ўражанне, быццам правяла ў свеце кніг большую частку свайго жыцця. Між тым, працоўная дзейнасць Галіны Мікалаеўны пачыналася зусім у іншай сферы – атрымаўшы спецыяльнасць цырульніка, працавала ва Ушачах і Пліне. А праз некаторы час была вымушана пакінуць сваё рабочае месца па сямейных абставінах – трэба было даглядаць хворую дачку. Калі ж з’явілася магчымасць зноў выйсці на работу, Г.М.Кашненка вырашыла змяніць прафесію і ў 40 гадоў паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Адразу хочацца зазначыць, што ніколькі аб гэтым не пашкадавала. Працэс навучання настолькі захапляў жанчыну, што гады вучобы праляцелі непрыкметна.

– Самой нават не верыцца, што ў дзяцінстве і юнацтве я не любіла чытаць, памятаю, як не хацелася асвойваць прадугледжаныя школьнай праграмай творы. Здавалася, што я ніколі не асмелюся прачытаць вершы перад вялікай аўдыторыяй. Зараз жа ўсё інакш. У вольны час абавязкова чытаю, захапляюся творчасцю Ясеніна і Пушкіна, цяпер вось каторы раз перачытваю Дастаеўскага. Шмат новага і цікавага для сябе адкрыла, работа ў мяне не аднімае сілы, як гэта звычайна бывае ў многіх, а наадварот – дае нейкую асаблівую энергію, – расказвае Г.М.Кашненка.

Той, хто думае, што ў цяперашні час камп’ютарных тэхналогій людзі мала чытаюць кнігі і не ходзяць у бібліятэкі, памыляецца. Напрыклад, сёння ў Плінскай бібліятэцы налічваецца 350 чытачоў. Самымі актыўнымі з’яўляюцца людзі старэйшага ўзросту, а таксама малодшыя школьнікі. Для адных і другіх Галіна Мікалаеўна падбярэ цікавую і пазнавальную кнігу. Дарэчы, штомесяц філіял папаўняецца разнастайнымі кніжнымі навінкамі. Якраз у час нашага наведвання бібліятэкар толькі атрымала новенькія дзіцячыя кніжкі, якія прыцягвалі ўвагу яркай і прыгожай вокладкай. Заўсёды клапоціцца Галіна Мікалаеўна і пра тых, хто не можа дайсці да бібліятэкі. Так, напрыклад, калі едзе на сваю радзіму ў Старое Сяло, абавязкова прыхопіць з сабой кнігі і часопісы для тутэйшых жыхароў. Калі ж бібліятэкар ідзе ў водпуск, пастаянныя чытачы таксама не застаюцца без кніг – Галіна Мікалаеўна перыядычна па іх просьбе прыходзіць у бібліятэку, каб выдаць ім новыя.

Пра свае працоўныя поспехі Г.М.Кашненка сціпла змаўчала, дырэктар жа цэнтральнай раённай бібліятэкі Л.Ф.Голуб расказала пра яе дасягненні:

– У 2013м годзе Плінская бібліятэка заняла першае месца ў раённым конкурсе “Мая вёска – радзімы часціца”, дзе мы выбіралі лепшую гісторыю вёскі. У 2014м стала пераможцам раённага аглядуконкурсу сярод бібліятэк на лепшую выставу, прысвечаную 90годдзю ўтварэння Ушацкага раёна ў намінацыі “Творчае самавыражэнне”. У гэтым годзе Галіна Мікалаеўна падрыхтавала выставу, прысвечаную Году моладзі, вынікі гэтага конкурсу будуць падведзены пазней. Таксама бібліятэкі раёна рэалізуюць і мэтавыя комплексныя праграмы па розных накірунках, у прыватнасці Плінская паспяхова займаецца краязнаўчым. Вельмі кранула і выступленне Галіны Мікалаеўны падчас мерапрыемства, прысвечанага 110годдзю з дня нараджэння П.Броўкі, дзе яна пранікнёна прачытала вершы земляка. На выдатна бібліятэкар спраўляецца з усімі сваімі абавязкамі, прывіваючы вяскоўцам любоў да кнігі.

Прывівае любоў да чытання Галіна Мікалаеўна і сваёй сям’і – мужу Валерыю, дзецям Дар’і і Яраславу. Для яе ў задавальненне нават дома пэўны час удзяліць рабочым справам – падрыхтоўваць і раздрукоўваць матэрыялы для выстаў і конкурсаў (для гэтага давялося асвоіць камп’ютар). А гэта толькі падкрэслівае, што вучыцца і шукаць сваю справу ніколі не позна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *