Делегация Ушачского района побывала на областном фестивале-ярмарке тружеников села «Дожинки-2015» в Толочине

Общество

Святочны Талачын 3 кастрычніка прымаў перадавікоў жніва. Такой колькасці людзей ён не бачыў, напэўна, ніколі. Па цэнтральнай вуліцы раённага цэнтра ў суправаджэнні аркестраў, барабаншчыц, прайшлі дэлегацыі ўсіх раёнаў. Іх віталі шматлікія гледачы, утварыўшыя жывы калідор. Уздоўж яго раёны прадстаўлялі свае брэнды і, канечне, не заставаліся ў баку ад святочнага дзейства, заклікалі на свае падворкі, віншавалі ўсіх са святам. Узначаліў жа святочнае шэсце ўдзельнікаў абласнога фестывалю­кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-­2015” каравай вагой 150 кілаграмаў, выраблены з ураджаю гэтага года. Ён і заняў пачэснае месца побач са святочная сцэнай.

Вітаючы ўдзельнікаў “Дажынак”, старшыня аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў зазначыў, што сёлета атрыманы лепшы за апошнія 40 год ураджай – 1 мільён 440 тысяч тон зерня. Упершыню сярэдняя ўраджайнасць у рэгіёне дасягнула 36,6 цэнтнера з гектара, у пяці раёнах яна вышэй 40 (Верхнядзвінскі, Аршанскі, Пастаўскі, Дубровенскі і Бешанковіцкі), некалькі раёнаў пераадолелі стотысячны намалот, прычым Верхнядзвінскі, Талачынскі і Дубровенскі – упершыню. 80,5 цэнтнера з гектара (рэкордны паказчык на Віцебшчыне) атрымалі “Хацілы­Агра”, больш 40 гаспадарак завяршылі ўборку з ураджайнасцю 50 цэнтнераў. Больш чым па тысячы тон намалацілі 524 экіпажы (сярод якіх 62 – маладзёжныя) і перавезлі 370 вадзіцеляў. Губернатар зазначыў, што атрымана гэта не за кошт пашырэння пасяўных плошчаў, а інтэнсіўнага земляробства. Самая вялікая па краіне сёлета на Віцебшчыне і ўраджайнасць бульбы – 277 цэнтнераў з гектара. Больш з усіх абласцей – 22 тысячы тон атрымана і льнотрасты.

Сярод амаль двухсот намінантаў, што падымаліся на сцэну, сёлета быў і прадстаўнік Ушацкага раёна – дырэктар ААТ “Дземенец” Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка. Прычым, прымаў узнагароды самы вопытны кіраўнік сельгаспрадпрыемства раёна двойчы – з рук губернатара вобласці Мікалая Мікалаевіча Шарснёва сертыфікат на трактар “Беларус‑3522” за дасягненне гаспадаркай высокіх паказчыкаў ва ўборцы зерневых і зернебабовых 2015 года, а таксама за актыўны і рэзультатыўны ўдзел у вырошчванні і ўборцы ўраджаю – сертыфікат на горны веласіпед ад нашага дэпутата абласнога Савета дэпутатаў, генеральнага дырэктара Віцебскага ДВЛГА Сяргея Аляксандравіча Даніловіча.

А ўдзел А.В.Шарыпенкі ў караваі як “Дземенца”, так і раёна, сапраўды, вельмі важкі. Менавіта дзякуючы вопыту і правільнай арганізацыі вытворчасці гаспадарка з’яўляецца ўзорам у раёне па раслінаводстве. Больш таго, у “Дземенцы”, які штогод пашырае плошчы, няма агранома, і работы ад падбору ўчасткаў, культур, так і кантролю за імі ажыццяўляе сам дырэктар. І калі ўся дэлегацыя Ушацкага раёна ганарылася і гучна апладзіравала свайму прадстаўніку, то што адчуваў у гэты час Аляксандр Віктаравіч.

– Гонар за ўшацкую зямлю, якая не горш за іншыя, калі да яе прыкласці старанне, розум і сэрца. Гонар за свой калгас, за сваіх людзей. Мы ўпершыню атрымалі такую ўраджайнасць – 45,4 цэнтнера з гектара, хоць ўжо дванаццаты год абсалютныя пераможцы па ўраджайнасці ў раёне. Было 41,7 цэнтнера на круг, 41,3, але гэта яшчэ на традыцыйных плошчах “Дземенца” (Кірава), калі атрымлівалі каля дзвюх тысяч тон збожжа. Сёлета асабліва прыемна, таму што і плошчы большыя ўдвая, і вал 5,5 тысячы тон.

Прыгадаў Аляксандр Віктаравіч і дзевяностыя гады, калі на абласным свяце аграрыяў падобную ўзнагароду за добрую ўраджайнасць атрымліваў з рук губернатара вобласці У.П.Андрэйчанкі.

Фестываль­кірмаш у Талачыне прымаў вялікую колькасць прадстаўнічых гасцей: старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, старшыня камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Васільевіч Анфімаў, старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, кіраўнікі і прадстаўнікі многіх міністэрстваў, дэлегацыі Пскоўскай і Магілёўскай абласцей, ветэраны працы, а таксама прадстаўнік вядомай фірмы “Клас” з Германіі. Усе яны прынялі ўдзел у віншаванні перадавікоў. Толькі дзякуючы спонсарам былі ўручаны сертыфікаты на кормаўборачны камбайн КСЗ‑3000, 21 трактар МТЗ‑82, 53 веласіпеды і камп’ютары.

Падчас свята ўраджаю ў Талачыне адкрылася аддзяленне гемадыалізу ў ЦРБ, адноўленага Дома культуры, сквера з фантанам і алеяй маладажонаў. Заўсёды былі гледачы ля выставы караваяў, якія прывезлі літаральна ўсе раёны. На пляцоўках ішлі выступленні артыстаў, упершыню ў рамках свята прайшлі абласныя спаборніцтвы па барацьбе “Асілак сяла”, у якіх прынялі ўдзел аграрыі вобласці. Самыя розныя стравы прапаноўвалі падворкі райспажыўтаварыстваў.

Уся тэхніка, якую пераможцы атрымалі ў якасці падарункаў, была выстаўлена на асобнай пляцоўцы, дзе было таксама ажыўлена ўвесь дзень. І малыя, і дарослыя з цікавасцю разглядалі агрэгаты, сярод якіх быў і адноўлены рукамі навучэнцаў Ульскага вучылішча трактар “Універсал”, што выпускаўся ў Ленінградзе і Уладзіміры з 1934 па 1955 гады, і кормаўборачны аналаг “Ягуара”, зроблены на Ціраспальскай станцыі.

– Нам бы такі на ўборку кукурузы, – не скрывалі зачаравання ад машыны механізатары ААТ “Ільюшынскі” Юрый Бука і Анатоль Спірыдзёнак. – У нас стаіць два ротары, а тут чатыры, на два метры шырэйшы захоп.

– На выставе я з задавальненнем разглядаў “Універсал”, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак. – На такім трактары ў 22 конскія сілы, на газавым рухавіку, з падвясным ліхтаром, з сядзеннем ззаду для плугара, які рэгуляваў плугі, апрацоўвалі зямлю нашы папярэднікі. Стаяць яны побач – “Універсал” і “Беларус‑3522” – і ўся гісторыя працы на зямлі перад вачамі прабягае. Умовы нельга параўнаць.

– Я сёлета два дні папрацаваў у кабіне без кандыцыянера, – далучаецца да размовы перадавік з гэтай жа гаспадаркі Уладзімір Лёля. – Без сучаснай тэхнікі ў сёлетнюю спякоту проста немагчыма. Айчынная тэхніка сапраўды годная, з задавальненнем паглядзеў выставу. І наогул я ўдзячны за ўключэнне ў склад дэлегацыі. Мы змаглі пабываць на такім маштабным мерапрыемстве. Атрымаўся вельмі насычаны і цікавы выхадны, а іх так мала было за сезон і ў мяне, і ў калег.

Самым шчаслівым удзельнікам “Дажынак” мне падаўся механізатар нашай гаспадаркі­пераможцы Анатоль Грачоў. Менавіта яму было даручана прыгнаць на фестываль­кірмаш новы трактар, ён даставіў яго ў гэты дзень у Глыбачку. “Кіраванне абсалютна такое ж, як і 3222, але ж ён намнога большы і па магутнасці, і па памерах”, – не скрываў задавальнення Анатоль, які і стоячы ва ўвесь рост лёгка хаваўся за заднім колам. Такім чынам “Дземенец” стаў першым у раёне ўладальнікам самага магутнага трактара, здольнага замяніць 350 коней.

Дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” Іван Піліпавіч Дарошчанка трэці раз прымае ўдзел у падобных святах, быў у складзе дэлегацыі на “Дажынках” у Расонах, Гарадку і вось у Талачыне. Сёлетнюю ўрачыстасць вылучае асабліва: “Упершыню на сцэну, ды яшчэ і двойчы падымаўся наш прадстаўнік. Гэта вельмі прыемна”. А яго калега Генадзь Паўлавіч Грабоўскі з КУСГП “Арэхаўна” дадае: “Мне таксама “Дажынкі‑2015” спадабаліся больш. І з-­за таго, што ганарыліся за Аляксандра Віктаравіча, і таму, што наогул было намнога больш узнагароджаных”. “Спадабалася літаральна ўсё”, – казаў задаволены механізатар Васіль Алексяёнак з КУСГП “Вялікадолецкае”.

– Хацелася б, каб і далей прафесіяналізму ўшацкіх хлебаробаў, а сярод іх сапраўды вельмі многа ўніверсалаў, спрыяла сёлетняя ўдача. Дзякуючы спалучэнню гэтых складнікаў мы атрымалі рэкордны намалот. Без гэтага проста немагчыма ў зоне рызыковага земляробства, – радаваўся за вынікі гадавой працы намеснік начальніка райсельгасхарча па інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў.

І сапраўды, хочацца, каб зерне, што закладаецца ў зямлю гэтай восенню, прынесла хлебаробам яшчэ большую аддачу. Каб і ўшацкія хлебаробы, і наогул Віцебшчына змаглі захаваць і павялічыць той рэкордны ўраджай, які быў атрыманы сёлета.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *