Конкурс «Посвящение в профессию» прошёл в Ушачской районной больнице

Образование и молодежь

Медыцынская сястра. Ужо ў самой назве гэтай прафесіі – спагада і пяшчота,гатоўнасць быць роднай кожнаму з нас. Дотык рук медсястры-акушэркі – гэта першае, што адчувае на пачатку жыцця чалавек. Менавіта сястрычку клікалі на полі бою смяротна параненыя байцы. “Мы, урачы, толькі назначаем лячэнне, а праводзяць яго медыцынскія сёстры, якія ўносяць самы вялікі ўклад у выздараўленне хворых”, – мяркуе галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ Сяргей Анатольевіч Маісееў. Адрасаваны ж яго словы былі ўдзельнікам і гледачам конкурсу “Пасвячэнне ў прафесію”, які праходзіў у мінулую пятніцу ў актавай зале ўстановы аховы здароўя.Галоўнымі гераінямі імпрэзы сталі медыцынскія сёстры Ганна Лукашэвіч, ГаннаРудзёнак, Марыя Малашкевіч і Ірына Завадзінец – маладыя спецыялісты, якія працуюцьу ЦРБ першы або другі год. Ну а вызначыць, якая з дзяўчат дастойна звання лепшай маладой медсястры ўстановы, павінна было кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак, галоўны ўрач ЦРБ С.А.Маісееў, намеснікі галоўнага ўрача В.А.Шэўчанка і А.В.Паншын, а таксама галоўная медсястра бальніцы А.В.Бабенка.

Падчас першага конкурсу “Візітоўка” ўдзельніцы з дапамогай відэаматэрыялаў расказалі пра сябе і свой шлях у прафесію. Пра высакароднасць абранай справы, сваю адказную работу ў кабінетах тэрапеўтычным і функцыянальнай дыягностыкі паведалі Марыя Малашкевіч і Ірына Завадзінец. Вельмі арыгінальнай была візітоўка Ганны Лукашэвіч: у відэароліку дзяўчына ў вобразе рэпарцёра Ганны Гаварушкінай узяла інтэрв’ю ў сябе самой, расказала пра працоўныя будні ў афтальмалагічным кабінеце паліклінікі. А з сюжэта, падрыхтаванага Ганнай Рудзёнак, прысутныя даведаліся, што дзяўчына паспела не толькі асвоіць абавязкі медсястры фізіятэрапеўтычнага аддзялення, але і стварыць сям’ю, нарадзіць сына. А яшчэ заручыцца падтрымкай уласнай фан-групы, якая актыўна хварэла за яе ў зале.Пра тое, што ўшацкія дзяўчаты былі ўліку лепшых навучэнак медыцынскіх каледжаў, сведчыў конкурс тэарэтычных ведаў: удзельніцы літаральна як на экзамене – бойка і дакладна – адказалі на ўсе пытанні. А былі яны самымі рознымі: ад паводзін у сітуацыі, калі хвораму стала дрэнна ад выгляду крыві, да таго, што рабіць з пакінутай у халадзільніку пратэрмінаванай смятанай пацыента. Экзаменам на прафесіяналізм стаў практычны конкурс. Ганна Лукашэвіч паўсіх правілах зрабіла ін’екцыю, ГаннаРудзёнак па-майстэрску наклала добраахвотнаму памочніку складаную павязку на галаву, Марыя Малашкевіч – сагравальны кампрэс на вуха, а Ірына Завадзінец за хвіліну зафіксавала з дапамогай шыны руку з умоўным пераломам.

Сапраўдным жа бенефісам кожнай здзяўчат стаў творчы конкурс, падчас якога высветлілася, што медсястрынскае майстэрства – далёка не адзінае,чым яны валодаюць. Цудоўнага цырульніка страціла наша бытавое абслугоўванне ў асобе Ірыны – зробленая яе рукамі грэчаская прычоска была вельмі да твару сяброўцы-саперніцы Марыі.У сваю чаргу Маша прэзентавала прыгожую сувенірную кампазіцыю, якую яна выканала ў моднай зараз тэхніцы тапіары. Тое, што ў вёсцы Матырына ўсе жыхары добра спяваюць і дэкламуюць вершы, пацвердзіла выступленне Ані Рудзёнак, якая прачытала байку сваёй зямлячкі Тамары Барадзёнак “Пазнаёміліся”. Ну а самым неардынарным нумарам творчага конкурсу было прадстаўленне лялечнага тэатра, якое разам са сваімі сябрамі паказала Аня Лукашэвіч. Бонусам да конкурснай праграмы стала сумесная мініяцюра “Напрыёме ўрача”, якая прымусіла смяяцца ўвесь зал і нагадала тыя часы, калі на канцэртах мастацкай самадзейнасці райбальніцы не было свабодных месцаў нават у РДК.Пачынаючы цырымонію ўзнагароджання, старшыня журы Вольга Мікалаеўна Захарэнка адзначыла: “Вельмі добра, што маладыя спецыялісты, якія выраслі ў нашым раёне, вяртаюцца працаваць на радзіму. Хочацца спадзявацца, што і надалей лёс дзяўчат будзе звязаны з Ушаччынай”. Ну а вынік конкурсу,напэўна, задаволіў усіх: набраўшы па 139 балаў, чатыры яго ўдзельніцы падзялілі паміж сабой першае месца. Напамінам жа пра гэты цудоўны вечар будуцьдля іх дыпломы і каштоўныя падарункі,падрыхтаваныя арганізатарам мерапрыемства – аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

“Сёння мы распачалі серыю прафесійных конкурсаў, якія мяркуем праводзіць сярод маладых работнікаў самых розных сфер дзейнасці”,– падзялілася планамі Надзея ІванаўнаГардзіёнак. І ў поспеху праекта можнане сумнявацца: працавітай і таленавітай моладдзю Ушаччына славілася заўсёды.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *