Несмотря на инвалидность, Николай Рагиня из деревни Поровно живёт полноценной жизнью

Общество

Калі прыехалі ў Пораўна, Мікалай Уладзіміравіч Рагіня рыхтаваўся ісці ў дровы. У свае шэсцьдзесят з невялікім гадоў ён з’яўляецца самым маладым жыхаром вёскі, і ўпершыню ўбачыўшы высокага, моцнага з выгляду мужчыну, можа падацца, што справа нарыхтоўкі паліва на зіму не выклікае ў яго асаблівых цяжкасцей. Але складана ўявіць, што не толькі такую працаёмкую, але і многія іншыя справы можа выконваць чалавек з пратэзам замест нагі.

Яе Мікалай Уладзіміравіч страціў у 2006 годзе, а да таго часу амаль усё жыццё пакутаваў і змагаўся з наступствамі траўмы, атрыманай яшчэ юнаком. Працоўную дзейнасць пачаў у 16 гадоў, адразу пасля заканчэння прафесійна­тэхнічнага вучылішча, а неўзабаве з ім здарылася бяда.

– На Сцюдзёнцы (так называецца мясцовае балотца) здабывалі торф, – расказвае Мікалай Уладзіміравіч. – Падчэпліваў камбайн, і так атрымалася, што трапіў пад гусеніцы трактара. Пашкоджанымі аказаліся абедзве нагі, але правая зусім раздробленая. Паўгода ў бальніцы ў Наваполацку праляжаў, перанёс восем аперацый, нагу складалі наноў.

Атрыманая траўма пастаянна давала аб сабе знаць і ў далейшым, калі працаваў у калгасе шафёрам, трактарыстам. Нага балела, але, як і многія іншыя, “цягнуў” да апошняга і да медыкаў накіраваўся ўжо не маючы магчымасці трываць боль.

– Калі прыехаў у Наваполацк да траўматолага – той схапіўся за галаву, бо звяртацца трэба было намнога раней, – пра кожнага з дактароў Віцебскай абласной бальніцы і сталічнага інстытута траўматалогіі і артапедыі, якія яго лячылі і спрабавалі выратаваць нагу, Мікалай Уладзіміравіч адклікаецца толькі добрымі словамі. – Але пры ўсіх метадах лячэння не было гарантыі, што ўсё абыдзецца, і я згадзіўся на ампутацыю. Аперыравалі ў Віцебску, доўга не зажывала, давялося і ў Мінск ездзіць.

Размаўляючы з мужчынам, літаральна праз некалькі хвілін забываеш пра факт яго інваліднасці – Мікалай Уладзіміравіч не проста цікавы і разумны субяседнік: ён ні словам, ні рухам не акцэнтуе ўвагу суразмоўцы на сваёй немачы, вініць у ёй толькі сябе і, самае дзіўнае – практычна ўсім у сваім няпростым жыцці задаволены. Расказвае мужчына, што пратэзы яму мяняюць бясплатна. Ёсць яны зараз розныя, некаторы не адрозніш ад жывой плоці, але і кошт яго дасягае некалькі тысяч долараў. М.У.Рагіня не ўпаў у адчай, навучыўся жыць паўнацэнным жыццём з простым пратэзам, бо дарагія дазволіць сабе не мог.

– У мяне трэцяя група інваліднасці, рабочая, – кажа Мікалай Уладзіміравіч і, убачыўшы маё здзіўленне, працягвае: – з­за таго, што нага ампутавана ніжэй калена. Ужо пенсію па ўзросце атрымліваю, а апошнія гады жыў на дапамогу па інваліднасці. Памер яе невялікі, але матэрыяльную дапамогу ўлады аказвалі, напрыклад, на набыццё паліва. Хапала, бо гарэлкай не захапляюся, а так – ці многа аднаму трэба?! Пад’еўшы, апрануты, у цёплым доме. Сястра звала ў Смальяны Аршанскага раёна, але падумаў і не паехаў – тут я сам сабе гаспадар. Калі ўзнікаюць праблемы са здароўем – заўсёды на дапамогу прыйдуць нашы цудоўныя ўрачы Крыштопенкі, якія, прынамсі, пастаянна нас наведваюць. А пытанні бытавога кшталту дапамагае вырашаць старшыня сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс.

Ёсць у Мікалая Уладзіміравіча яшчэ дзве сястры ва Ушацкім раёне. Не забываюць: тэлефануюць, прыязджаюць дапамагчы і самі, і пляменнікі. М.У.Рагіня старэйшы з трох братоў, але так сталася, што малодшыя ўжо пайшлі з жыцця. Іх партрэты вісяць на сцяне побач з падоранымі карцінамі – родныя Мікалая Уладзіміравіча былі людзі творчых прафесій, таму можна сказаць, што цяга да прыгожага ў яго – сямейная рыса. На падворку бацькоўскага дома гасцей сустракаюць драўляныя буслы, прывабна выглядаюць аздоблены разьбой зруб калодзежа, франтон хаты. А парадку ў ёй пазайздросцілі б і асобныя гаспадыні. На заўвагу наконт адсутнасці такой М.У.Рагіня жартуе, што з’яўляецца закаранелым халасцяком і цэніць сваю свабоду.

Ён навучыўся ездзіць на веласіпедзе, хаця і зазначае, што цягне заваліцца на той бок, дзе нага нездаровая, спрабаваў нават за плугам хадзіць, але цяжка, з гэтай работай дапамагае справіцца сусед­дачнік. Усё ў Мікалая Уладзіміравіча “як у людзей”:

– Агародніна ўрадзіла, памідоры добрыя ў парніку выраслі і нарыхтовак шмат. Зараз жывёлу не трымаю, а раней былі трусы, ды не вядуцца ў мяне: далікатная жывёла – прышчэпкі трэба рабіць. У зіму не буду, а вось вясной паспрабую завесці в’етнамскіх свіней. А што, кажуць выгадна, вунь і ў вашай газеце аб’яў колькі.

“Раёнку” ён выпісвае даўно, пра падзеі ў краіне і свеце даведваецца таксама з іншай перыёдыкі, якую набывае ў паштавікоў, доўгімі зімовымі вечарамі глядзіць навіны і іншыя тэлеперадачы.

– Восем каналаў мне хапае, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – А летам дык і іх некалі паглядзець, працы шмат: агарод прапалоць, прыбрацца, памыць бялізну трэба. Траву абкошваю, і не толькі ля хаты. У дзяцінстве ў Звонскую васьмігодку 28 чалавек з Пораўна ў адзін клас хадзіла, а зараз зусім людзей мала засталося, зарастае вёска…

Іншы раз здзіўляешся: як у душы такога чалавека хапае месца, каб перажываць за ўсё тое, на што іншы здаровы махнуў бы рукой? Мікалаю Уладзіміравічу баліць за зніклыя агароды, за пустыя хаты, за стан спраў у калгасе, дзе працаваў калісьці. А яшчэ за тых маладых і здаровых, якія губяць уласнае жыццё дрэннымі звычкамі і гультайствам. Апошняе ён проста адмаўляецца разумець, бо прывык не проста жыць, а рабіць усё, на што толькі здольны. І нават звыш таго.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *