Ушачанка Анна Кравчёнок своими руками делает необычные украшения из ткани

Наш современник

Ці бачылі вы калі­-небудзь калье або пацеркі з… ласкутоў тканіны? А між тым выглядаюць такія нязвыклыя ўпрыгожванні модна і арыгінальна і могуць вельмі трапна дапоўніць і аздобіць касцюм. Нездарма модніцы еўрапейскіх краін у апошні час аддаюць перавагу менавіта такім аўтэнтычным упрыгожанням! Ушачанка Ганна Міхайлаўна Краўчонак можа прадэманстраваць ужо цэлую калекцыю падобных рэчаў, якія вырабляе сваімі рукамі.

Схільнасць да рукадзелля жанчына, напэўна, атрымала ў спадчыну ад мамы: жыхарка Вілейшчыны Ядвіга Адамаўна з маладосці была на ўсе рукі майстрыха – і ткала, і прала, і вышывала, і вязала. “Мама расказвала, як аднойчы пафарбавала простую льняную тканіну альховай карой і пашыла прыгожую спаднічку, калі ж апранула яе на танцы – сяброўкі зайздросцілі, а хлопцы не адводзілі ад яе вачэй”, – з усмешкай расказвае Ганна Міхайлаўна. І зараз у бацькоўскай хаце захаваліся прылады, што выкарыстоўваліся ў старажытных сялянскіх рамёствах, таму яна з задавальненнем удзельнічае ў нашым новым конкурсе “Фотазагадка”, прысвечаным рэчам народнага побыту. Зрэшты, рабіць унікальную прыгажосць з самай незамыславатай сыравіны ўмее і Ганна Краўчонак. Да рукадзелля яна прызвычаілася, калі працавала ў аўтаклубе, пры якім дзейнічаў гурток “Умелыя рукі”. На яго занятках дзеці пад кіраўніцтвам майстрыхі вучыліся вышываць гладдзю, рабілі мяккія цацкі. Сама ж Ганна асвойвала тэхніку вырабаў па спецыяльных падручніках, часопісах. Аднак сапраўдным захапленнем рукадзелле стала для яе пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Менавіта тады жанчына адкрыла для сябе новы напрамак творчасці – вырабы з лапікаў тканіны. – Зрабіць пацеркі з такога матэрыялу вельмі проста. Звычайна я выкарыстоўваю для вырабу дэталяў так званую тэхніку жмурэння: выразаецца круг, па перыметры сцягваецца ніткай, набіваецца ватай ці сінтэпонам – атрымліваецца пацерка, па якой потым іголкай з ніткай робяцца праколы, тканіна крыху сцягваецца і атрымліваецца эфект “скамячанай” паверхні, – апісвае сваю тэхналогію майстрыха.

А яшчэ з тканіны атрымліваюцца вельмі прыгожыя кветкі, з якіх жанчына стварае адмысловыя кампазіцыі. Дарэчы, у якасці асновы для іх можна выкарыстаць, напрыклад, каробку з­пад цукерак. Такім чынам, у дызайнерскую справу можна пусціць абсалютна ўтыльныя рэчы, якія большасць з нас проста выкідваюць на сметнік. Патрэбны для творчасці толькі фантазія і ўмелыя рукі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *