В центре Ушач машина сбила двух собак: случайность или новый способ уничтожения бездомных?

Общество

Ціхай раніцай серады ў цэнтры Ушач раздаўся пранізлівы віскат – шэрая “Волга” збіла на дарозе двух сабак і, не збаўляючы хуткасці, рушыла далей. Адна з жывёл дабралася да парку, дзе неўзабаве памерла. Другая засталася ляжаць на праезнай частцы вуліцы. За перадсмяротнымі пакутамі сабакі, якая, дарэчы, мела ашыйнік і, напэўна, камусьці належала, назіралі прахожыя, гандляры рынку, самыя неабыякавыя імкнуліся дапамагчы. Маладая ўшачанка Вольга, якая была сведкай наезду, з абурэннем расказала, што склалася ўражанне, быццам вадзіцель наўмысна збіў жывёл. Выказваліся і меркаванні, што гэта камунальнікі такім вар’яцкім чынам знішчаюць бяздомных сабак. А госць нашага райцэнтра палачанін Аляксандр Шчарбакоў, які, дарэчы, і паведаміў пра здарэнне ў рэдакцыю, звярнуўся да работнікаў РАУС, каб тыя выклікалі ветэрынара, і атрымаў адказ, што займацца бадзяжнай жывёлай – абавязкі ЖКГ. Урэшце рэшт камунгасаўцы прыбралі збітых сабак з вуліцы, людзі ж яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачанае, а некаторыя нават пілі заспакаяльныя лекі…

Трэба сказаць, што праблема блукання па населеных пунктах бяздомнай жывёлы стаіць востра літаральна паўсюдна. І ніхто не будзе аспрэчваць факт, што змагацца з гэтай з’явай неабходна. Нават па сабе ведаю, што іншы раз у прыцемках боязна вынесці смецце на кантэйнерную пляцоўку, бо там “дзяжураць” бобікі і барбосы. Аб падобных фактах сведчаць і заявы ад жыхароў, якія пастаянна паступаюць ва УП ЖКГ. Прадпрыемства перыядычна праводзіць адлоў бадзяжных сабак, аб чым мы нядаўна паведамлялі ў газеце, а таму гаспадарам жывёлы трэба паклапаціцца, каб іх гадаванцы (нават калі яны ў ашыйніках) не разгульвалі па вуліцах. Толькі ў тым выпадку, калі на адлоўленым сабаку будзе жэтон (ён выдаецца пры рэгістрацыі жывёлы), работнікі змогуць выявіць гаспадара і перадаць яму гадаванца. Калі ж вярнуцца да апісанай вышэй сітуацыі, то ва УП ЖКГ нам паведамілі, што ў сераду адлову жывёлы работнікі прадпрыемства не праводзілі і што рабіць такія акцыі стараюцца ў час, калі на вуліцах бязлюдна.

Даволі складана адназначна ахарактарызаваць сітуацыю, калі вадзіцель збівае на дарозе жывёлу. І сапраўды, як паводзіць сябе ў падобным выпадку? Як паведаміў нам начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Яўген Фёдаравіч Каўнурка, паняцце ДТЗ дакладна вызначана як “здарэнне, здзейсненае з удзелам хаця б аднаго знаходзячагася ў руху транспартнага сродку, у выніку якога прычынена шкода жыццю або здароўю фізічнай асобы, яе маёмасці”. Выходзіць, калі пры такім сутыкненні аўтамабіль не пашкоджаны, грамадзяне не пацярпелі, а жывёла бяздомная – сітуацыя не класіфікуецца як дарожнатранспартнае здарэнне. Аднак у любым выпадку вадзіцель павінен спыніцца, каб агледзець аўтамабіль і па магчымасці высветліць, ці з’яўляецца збітая жывёла бяздомнай. Калі транспартны сродак атрымаў пашкоджанні – трэба выклікаць інспектара ДАІ для афармлення пратаколу. Калі ў жывёлы ёсць гаспадар – яна лічыцца яго маёмасцю, а значыць, шафёр дапусціў ДТЗ. У абодвух выпадках пакіданне вадзіцелем месца здарэння можа пацягнуць за сабой пакаранне аж да пазбаўлення правоў.

Да слова, нярэдка бывае, што рэзка выскачыўшая на дарогу жывёла правакуе сур’ёзныя аварыі: летась у Віцебску жанчына-вадзіцель, спрабуючы не збіць сабаку, урэзалася ў дрэва і загінула. А таму інструктары ў аўташколах рэкамендуюць вучням лепш збіць жывёлу, чым выехаць на сустрэчную і трапіць пад фуру.

Зрэшты, далёка не кожны вадзіцель, пад коламі якога апынуўся кот ці сабака, раўнадушна паедзе далей. Некаторыя перажываюць за сваю ахвяру і намагаюцца ёй дапамагчы. Вось што патлумачыў наконт гэтага выконваючы абавязкі начальніка райветстанцыі Віктар Уладзіміравіч Даўгаполаў: “Калі вадзіцель прывязе да нас траўміраваную жывёлу, мы, вядома ж, акажам ёй дапамогу – прычым, бясплатна. Можна выклікаць нашага спецыяліста і на дом – такая паслуга абыдзецца ў 30 тысяч рублёў”.

Увогуле ж тэма гуманных адносін да жывёлы знаходзіцца пад увагай не толькі адпаведных грамадскіх арганізацый, але і заканадаўцаў. Так, у кастрычніку 2015 года на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паступіў законапраект “Аб звароце з жывёламі”, скіраваны на абарону “братоў нашых меншых”. У ім, напрыклад, прапаноўваецца забараніць утрыманне сабак на прывязі, даўжыня якой менш 2,5 метра. Калі раней колькасць бяздомнай жывёлы рэгулявалася выключна з дапамогай адлову і знішчэння, то пасля прыняцця закону будзе прымяняцца і стэрылізацыя. Калі ў цяперашні час пункты для часовага ўтрымання бяздомнай жывёлы маюцца толькі ў сталіцы і абласных гарадах, то новы варыянт законапраекту прадугледжвае іх стварэнне і ў райцэнтрах, дзе зараз зза адсутнасці такіх месцаў адлоўленая жывёла адразу знішчаецца. Калі ж пункты з’явяцца, бяздомныя каты і сабакі атрымаюць шанс на выжыванне, напрыклад, калі знойдуцца іх старыя ці новыя ўладальнікі.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *