В центре внимания Сорочинского сельского Совета депутатов улучшение качества жизни людей, наведение порядка на земле

Саветы і жыццё

Дзейнасць сельскага Савета дэпутатаў уключае ў сябе многія накірункі работы, але заўсёды ў цэнтры ўвагі – паляпшэнне якасці жыцця вяскоўцаў, навядзенне парадку на зямлі. Як гэтыя задачы ажыццяўляліся ў мінулым годзе ў самым вялікім у раёне па плошчы і колькасці насельніцтва Сарочынскім сельсавеце – пра гэта і пойдзе гаворка.

Статус цэнтральнага абавязвае

Сарочынскі сельсавет знаходзіцца ў цэнтры раёна, а шэраг яго населеных пунктаў размешчаны абапал адной з буйных айчынных магістралей, а таму па іх выглядзе праязджаючыя складваюць уражанне пра ўвесь наш рэгіён. Натуральна, што пытанням навядзення парадку на зямлі ў гэтым сельсавеце надаецца першачарговая ўвага.

Шмат чаго было зроблена за апошні час у вёсцы Сарочына. Мінулай вясной тут было высечана кустоўе ўздоўж трасы, прыбраны стыхійныя сметнікі. Як і па ўсім раёне, вялася актыўная работа з гаспадарамі неахайных падворкаў. Падчас рэйдаў, якія праводзілі ўдзельнікі раённага штаба па добраўпарадкаванні, старшыня райвыканкама В.В.Родзіч звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць прывесці ў парадак тэрыторыю на ўездзе ў вёску з полацкага боку – у прыватнасці, прапанаваў акультурыць мясцовасць, зрабіўшы на месцы зарослага трыснягом прыдарожнага балота пажарны вадаём. Старшыня сельвыканкама Л.Я.Птушка падтрымала ідэю і ўзялася за яе ажыццяўленне. На гэтую годную справу вырашана было выдаткаваць сродкі самаабкладання – каля 6 мільёнаў рублёў. І хоць зараз справа яшчэ цалкам не завершана (трэба разраўняць бераг, правесці рэкультывацыю прылеглага ўчастка зямлі), аднак асноўныя работы па выкопванні супрацьпажарнага вадаёма ўжо выкананы. Вядома ж, гэты аб’ект у вялікім населеным пункце будзе вельмі дарэчы, бо пры ўзнікненні пажару спецтэхніка МНС зможа хутка аднавіць тут запас вады і, магчыма, выратаваць такім чынам жыцці і маёмасць людзей. Увогуле ж стану пажарнай бяспекі ў Сарочынскім сельсавеце надаецца значная ўвага, аб чым сведчаць і нядаўна падведзеныя вынікі адпаведнага раённага конкурсу, у якім сельвыканкам заняў трэцяе месца.

Дарэчы, новы штучны вадаём – не адзіны аб’ект, які з’явіўся нядаўна ля гэтага ўчастка дарогі: на другім яе баку можна ўбачыць прыгожы калодзеж з драўлянай паветкай, да якога вядзе лесвіца – спусціцца па ёй, каб папіць крынічнай вады, адпачыць на лавачцы пад цяністымі дрэвамі, будзе прыемна і мясцовым жыхарам, і праязджаючым праз Сарочына людзям. Адметна, што на гэты праект не было патрачана ніводнага бюджэтнага рубля – усё зроблена за кошт спонсарскай дапамогі. Вось што расказвае яго ініцыятар Людміла Яўгенаўна Птушка:

– Земляныя работы выканалі нашы безадмоўныя памочнікі ва ўсіх справах па добраўпарадкаванні – работнікі мясцовага лясніцтва на чале з Ігарам Ардынскім, КУСГП “Арэхаўна” дапамагло з транспартам, зруб выдзеліў індывідуальны прадпрымальнік Генадзь Малашчанка, бетоннае кальцо – Сяргей Мільчанін, які займаецца ў Сарочыне вытворчасцю адпаведных вырабаў. Увогуле з гэтым чалавекам мы пастаянна супрацоўнічаем на ўзаемавыгадных умовах. Вось і калі задумалі ўстанавіць новую агароджу на сарочынскіх могілках, заказ на бетонныя пралёты зрабілі менавіта ў яго і засталіся цалкам задаволены і коштам, і якасцю.

Дарэчы, па добраўпарадкаванні месцаў пахавання на тэрыторыі сельсавета ў апошні час праведзена даволі вялікая работа. Так, прыкметна лепш сталі выглядаць могілкі ў Арэхаўне, Плігаўках, Ліпаўках, Славенях, Пятніцах, Лутаве, Кавалеўшчыне. На пастаянным кантролі ў мясцовай улады таксама пытанні стану мініпалігонаў і ліквідавання сметнікаў, абмежавання распаўсюджвання баршчэўніку.

Ламаць – не будаваць?

Калі б год таму які­небудзь рэжысёр пачаў шукаць пляцоўку для здымкаў фільма жахаў пра вёску­прывід, лепшага антуражу, чым у Вярхоўі, напэўна, і не пажадаў бы. Магчыма, я і ўтрырую, але ў гэтым населеным пункце ўсе дамы акрамя двух мелі статус пустуючых і трухлявых. Летась старшыня сельвыканкама задалася мэтай прывесці вёску ў парадак, знесці дрэнныя пабудовы. Але зламаць стары дом іншы раз бывае нават складаней, чым пабудаваць новы. Найперш таму, што для зносу патрабуецца згода ўладальнікаў ці спадчыннікаў, якіх не заўсёды магчыма адшукаць. Асобныя ж сістэматычна ігнаруюць пісьмы і нават прадпісанні, абяцаюць адрамантаваць хаты і навесці парадак на падворках, але марудзяць з гэтым. Тым не менш у названай вёсцы сёлета было разабрана 8 трухлявых дамоў. Усяго ж па сельсавеце за прайшоўшы год знесена 16 старых пабудоў.

– Калі прымаем рашэнне па чарговым доме, найперш высвятляем, ці ёсць у наваколлі родныя былых жыльцоў, мясцовыя жыхары, якія выкажуць жаданне разабраць пабудову на дровы ці будматэрыялы для сябе. Такім спосабам летась былі знесены дамы ў Славенях, Ліпаўках, Корсакаве, Кавалеўшчыне. Калі ж жадаючых не знаходзіцца, падключаем ПУП “Меналайн”, з кіраўніком якога Віктарам Прашкевічам наладзілі трывалыя сувязі. Трэба сказаць, што спецыялісты прадпрыемства аказваюць вельмі прафесійныя і недарагія паслугі па зносе пабудоў, забуртоўванні іх рэшткаў, – расказвае Л.Я.Птушка.

Па выкананні мерапрыемстваў, акрэсленых Указам Прэзідэнта краіны №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці”, Сарочынскі сельсавет летась стаў лепшым у раёне – на яго тэрыторыі было знесена 16 старых пабудоў. Працягваецца гэта работа і ў надышоўшым годзе: ужо зараз разбіраюцца два дамы ў Бікальнічах і адзін – у Арэхаўне.

Крочаць праз Крошынку

Хоць па сваёй назве рэчка Крошынка падаецца невялікай, аднак з’яўляецца адчувальнай перашкодай на шляху жыхароў вёскі Ціханяты, якія гадамі прывыклі хадзіць у Ваўчо да аўтобуснага прыпынку ці крамы напрамкі. І сапраўды, пешшу па сцяжынцы праз агароды і раку да суседняй вёскі куды бліжэй, чым па дарозе. Вось толькі масток праз рэчку апошнім часам прыйшоў у нягоднасць. З просьбай адрамантаваць яго жыхары звярталіся да раённай улады – для высвятлення пытання на мясцовасць была накіравана камісія, якая прызнала, што мост не з’яўляецца першачарговай патрэбай вяскоўцаў, а таму выдаткоўваць на яго бюджэтныя сродкі немэтазгодна. Мясцовыя жыхары з разуменнем аднесліся да гэтага рашэння, аднак ад сваёй задумы аднавіць зручны маршрут не адмовіліся. Пад кіраўніцтвам старэйшыны Ціханят І.А.Прашкевіч сабралі сродкі самаабкладання і ўласнымі сіламі адрамантавалі масток. Зрэшты, Ірына Аляксандраўна з уласцівай ёй сціпласцю свой удзел у справе лічыць мінімальным:

– Асноўная заслуга ў тым, што мы зноў можам хадзіць напрамкі, належыць нашым працавітым вясковым хлопцам – Максіму Кучаронку, Віктару Змуленку, Уладзіміру Півульскаму. Дзякуй і ўсім жыхарам, якія здалі грошы на рамонт моста. Увогуле лічу, што мне пашанцавала быць старэйшынам населенага пункта, у якім жывуць такія дружныя, неабыякавыя, працавітыя людзі.

Ну а прыведзены прыклад сведчыць аб тым, што некаторыя пытанні вяскоўцы могуць вырашаць самастойна, грамадой, не перакладваючы іх на плечы мясцовай і раённай улады.

Надзейныя памочнікі

На якасць жыцця жыхароў населеных пунктаў у значнай меры ўплывае актыўнасць іх старэйшын: яны як ніхто добра ведаюць праблемы і патрэбы людзей, трымаюць на кантролі пытанні розных сфер жыццядзейнасці, а часта і самі вырашаюць іх. У Сарочынскім сельсавеце такіх адказных лідараў вёсак нямала. Вось і на момант свайго візіту ў сельвыканкам я застала там Веру Уладзіміраўну Друк, якая на працягу некалькіх год прадстаўляе інтарэсы не толькі сваіх аднавяскоўцаў з Бікальнічаў, дзе з’яўляецца старэйшынам, але і жыхароў Ліпавак, Плігавак, Казлоў, часткі Сарочына, што належыць да выбарчай акругі, дэпутатам якой у сельскім Савеце дэпутатаў з’яўляецца жанчына. Вера Уладзіміраўна абмяркоўвала са старшынёй сельвыканкама надзённую праблему небяспекі, якую ўяўляюць сабой для вяскоўцаў бяздомныя сабакі. І сапраўды, са з’явай гэтай трэба змагацца. Дарэчы, станоўчы вопыт у падобнай справе ў сельсавеце маецца: не так даўно старэйшына вёскі Кублішчына Мікалай Іосіфавіч Федарэнка арганізаваў збор сродкаў, на якія быў арганізаваны адлоў бадзяжнай жывёлы, што жыла ў наваколлі.

Прыгаданыя старэйшыны – адны з тых, на каго заўсёды можа абапірацца ў сваёй рабоце старшыня сельвыканкама. Сярод сваіх самых актыўных памагатых Л.Я.Птушка таксама называе Зінаіду Аляксандраўну Рубіс, якая прадстаўляе інтарэсы жыхароў вёскі Белае, старэйшыну Чарсцвяд Надзею Цімафееўну Агароднікаву, Святлану Міхайлаўну Мілую з Увалокаў, Людмілу Леанідаўну Хвашчэўскую з Ляснеўшчыны.

Асобна хочацца сказаць пра старэйшыну Славеняў Ганну Андрэеўну Таргавец. Годна выконваць грамадскія абавязкі гэтай жанчыне не перашкаджаюць ні шаноўны ўзрост (ёй ужо за 80), ні нават тое, што рухацца яна можа толькі з дапамогай кастылёў. Ганна Андрэеўна пастаянна на сувязі са старшынёй сельвыканкама: рэгулярна тэлефануе, паведамляе пра жыццё вёскі, праблемы і патрэбы жыхароў. На пытанне ж, як удаецца захоўваць бадзёрасць і актыўнасць, старэйшына адказвае:

– Пакуль ёсць хоць крыху сіл, трэба рабіць нешта карыснае, не сядзець склаўшы рукі. Ну а ў дамашніх справах мне дапамагае сацыяльны работнік Іван Анатольевіч Пацэйка – вельмі мне з ім пашанцавала: літаральна кожны дзень прыходзіць, і вады, і дроў прынясе, і любую іншую работу зробіць.

На жаль, нядаўна пайшоў з жыцця адзін з самых актыўных памочнікаў мясцовай улады – старэйшына вёскі Пятніцы Пётр Іванавіч Грышчанка.

– Гэты цудоўны чалавек, які адстойваў інтарэсы вяскоўцаў, як свае ўласныя, быў і застанецца прыкладам сумленных і адказных адносін да любой справы, – адзначае Л.Я.Птушка.

Ёсць сярод абраннікаў вёсак сельсавета і новае папаўненне: старэйшынам Слабады стала Людміла Сафонаўна Пузатка, якая да нядаўняга часу працавала прадаўцом, а ў Забалацці грамадская пасада даручана былому паштальёну Алене Генадзьеўне Корсак. Абедзве жанчыны – аўтарытэтныя, актыўныя, добра ведаюць усіх жыхароў наваколля, таму няма сумненняў, што яны будуць дастойна спраўляцца з абавязкамі вясковых лідараў.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *