Освещение подъездов производится за средства жильцов, а от уборки подъезда можно отказаться

Ваш вопрос - наш ответ

Чуў, што з гэтага года асвятленне пад’ездаў поўнасцю ажыццяўляецца за сродкі жыхароў. У нашым доме № 2 корпус 2 па вуліцы Віцебскай лямпачкі ў пад’ездах га­раць пастаянна, таму хацелася б замяніць іх на лямпачкі з датчыкамі, якія запальваюцца на рух. Акрамя таго чулі, што камунгас працягвае работу па замене абсталявання ў пад’ездах на энергазберагаючае. Як нам дзейні­чаць: збіраць подпісы ад жыхароў пад’езда ці ўсяго дома. І ці варта спадзявацца, што нам заменяць абсталяванне за сродкі камунгаса.

В.Ярмош.

На пытанне адказвае дырэктар УП ЖКГ С.Б.ЗАВАДСКІ:

Сапраўды, камунгас працягвае замену абсталявання на энергазберагальнае. Аднак гэта работа вядзецца з дамоў, якія пабудаваны ў гарпасёлку ў даўнія часы. Таму я б не раіў жыхарам такога адносна маладога дома чакаць, тым больш што калі набываць абсталяванне самім, гэта будзе танней, чым кошт для арганізацый. У любым выпадку трэба пакінуць калектыўную заяўку, лепш каб гэта былі подпісы адразу ўсіх жыхароў дома, паколькі лічыльнік стаіць агульны.

Жыхароў пад’езда № 8 дома 19 па вуліцы Ленінскай Белавусава, Мазго, Падольскага і іншых зацікавіла тэма змяненняў парадку разліку за камунальныя паслугі. У прыватнасці, яны хочуць удакладніць, колькі прыкладна будзе зараз каштаваць уборка пад’ездаў для жыльцоў іх пяціпавярховага дома, каб вырашыць, адмовіцца ад яе ці не, а таксама з якога месяца гэта можна зрабіць. Ці будзе выдзелена ў асобную графу жыроўкі плата за асвятленне і колькі арыенціровачна будзе каштаваць розны тып асвятлення – напрыклад, з устаноўкай уключальнікаў, якія рэагуюць на рух, і святлодыёдных лямпаў? Ці магчымы варыянт устаноўкі жыхарамі электралічыльніка ў пад’ездзе і аплаты за электраэнергію па ім?

На пытанні адказвае майстар камунгаса Н.В.МАКОВІЧ:

Адмовіцца ад нашых паслуг па ўборцы пад’езда можна ў любы час, для гэтага на імя дырэктара трэба напісаць заяву ад імя ўсіх жыхароў пад’езда. А каб зарыентавацца ў суме паслуг, можна паглядзець на жыроўку гэтага месяца. Напрыклад, жыхары двухпакаёвай кватэры гэтага дома (плата залежыць ад метражу кватэры) заплацяць за ўборку 26 тысяч, здаецца, гэта прымальна.

Кошт асвятлення бярэцца па паказчыку лічыльніка – ён агульны на дом. І тут цэны значна адрозніваюцца. Напрыклад, жыхары трохпакаёвай кватэры дома № 6 корпус 1 па вуліцы Віцебскай заплацяць усяго 1 тысячу 300 рублёў, жыхары Камсамольскай і Ленінскай, 19 – ад 6 да 9, ну вось мне (Віцебская 2, корпус 1) у жыроўцы выстаўлены кошт 30 тысяч. Чаму такая розніца – трэба высвятляць. Калі ў першым доме і па Ленінскай, 19 у пад’ездах стаяць кнопкі, святло загараецца, калі на яе націскаеш, і трымаецца пэўны час, то ў нас лямпачкі гараць пастаянна. Могуць быць і незаконныя падключэнні. Пакуль за асвятленне плаціў камунгас – усім было ўсё роўна, а зараз кожны зацікаўлены ў эканоміі і будзе сачыць. Канечне, жыхары могуць устанавіць і індывідуальны лічыльнік святла на свой пад’езд.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *