Он не дожил до Победы, чтоб её встречали мы. Исполнилось 100 лет со дня рождения Алексея Донукалова

70-годдзе Перамогі Листая страницы истории

29 лютага 1944 года Аляксей Данукалаў атрымаў віншаванне ад партызанскага атрада №12 “Інтэрнацыянал”: “Вашым імем ганарыцца кожны партызан брыгады. Ваша імя гучыць як заклік да барацьбы і перамогі. У гонар Вашага 28­-годдзя наш атрад яшчэ болей будзе біць паганых фрыцаў, знішчаць іх сувязь, пастаянна павышаць майстэрства партызанскай вайны, валоданне ваеннай тэхнікай, абяцаем ведаць сваю зброю толькі на выдатна”.

Так, за два месяцы да смерці Аляксею Фёдаравічу Данукалаву было толькі 28 гадоў, а ён ужо быў падпалкоўнікам, самым маладым камандзірам брыгады ў Беларусі, умелым стратэгам і храбрым воінам.

Першы хлопец на вёсцы і па жыцці

Пачатак вайны Аляксей Фёдаравіч сустрэў палітруком 33­га палка 17­й танкавай дывізіі Забайкальскай ваеннай акругі. Кадравым ваенным ён вырашыў стаць пасля праходжання тэрміновай службы спачатку ў танкавай брыгадзе, а пазней у гаўбічнай артылерыі, куды быў пераведзены як выдатнік ваеннай і палітычнай падрыхтоўкі памочнікам палітрука. Тады ж і атрымаў самы важны дакумент – партбілет. У сакавіку 1940 года ён накіраваны на гадовыя курсы Іркуцкага ваенна­палітычнага вучылішча.

У танкавыя войскі Аляксей трапіў таксама невыпадкова. Пасля заканчэння сямігодкі сын перасяленца­казака, каваля Фёдара Данукалы скончыў тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі і папрацаваў загадчыкам майстэрні машынна­трактарнай станцыі ў Омску. Нарадзіўся ж у Саратаўскай вобласці. Сям’я была мнагадзетнай. Аляксей быў першым хлопцам на вёсцы: старанна вучыўся, быў актывістам, танцорам, прыгажуном. Такім і застаўся па жыцці – першым.

Яго прозвішча ў біяграфічных матэрыялах часта ідзе з папраўкай Данукалаў і Данукала. Бацька меў апошняе. Дадатковая літара з’явілася, каб выправіць недарэчнасць: пры запісе хлопчыка назвалі Аляксеем, хоць у сям’і ўжо быў сын з такім імем. Кумы ж схлусілі, што назвалі хлопца Лёнькай, так яго і клікалі дома.

У лясы Беларусі

Баі пад Оршай, Лепелем, Смаленскам… Там ён і развітаўся са сваім “параненым” танкам. Батальён трапіў у акружэнне. Выйсце толькі адно – уброд перапраўляцца праз Днепр. І Аляксей з узводам прыкрывае адход аднапалчан. Калі скончыліся патроны і Данукалаў падпоўз да берага, натрапіў на параненага камандзіра батальёна Л.І.Хлыстова. Перавязаў. Два танкісты, што аказаліся побач, адцягнулі параненага ў прыкрыты ў кустах бліндаж. Накіраваліся за лодкай. Аднак так і не вярнуліся. У далечыні чуліся гукі баёў. Больш месяца яны былі ў бліндажы ўдвух. Хлыстоў прасіў піць, і Данукалаў тайком спускаўся да ракі. Немцы былі побач, рылі ўмацаванні на беразе.

Набліжалася восень. Рана камандзіра Хлыстова загаілася, аднак нага засталася нерухомай. Паступова сабралася 27 воінаў, васьмёра з якіх пайшлі з параненым камандзірам да вёсак, а Аляксей Данукалаў з дзевятнаццаццю байцамі – у лясы Беларусі. Так стварыўся атрад, а пазней і брыгада “Радзіма”. Калі ў пачатку 1944 года “аляксееўцы” прыйшлі ва Ушацкі раён і ўтрымлівалі 55­кіламетровую абарону, на іх рахунку было шмат трафеяў, дзёрзкіх аперацый, а на грудзях камбрыга вісеў ордэн Чырвонага Сцяга. 1 верасня 1942 года яго ў Маскве ўручыў К.Варашылаў.

200 тысяч марак і маёнтак

Аднак красамоўней за ўсё пра асобу Данукалава гаварылі адносіны да яго немцаў. Яны яго ненавідзелі і баяліся. За яго галаву спачатку было паабяцана 75 тысяч нямецкіх марак, а потым ганарар узрос да 200 і маёнтка ў прыдачу. Яго фотаздымкі паліцаі насілі ў нагрудных кішэнях. Адзін з рукапашных баёў падрабязна апісаў “аляксеевец” Іван Імшанецкі ў кнізе “Дай мне сілы, мая Дзвіна”. Камандзір паліцэйскага батальёна Нагаенка сумняваўся, што Данукалаў будзе так рызыкаваць сабой і акажацца разам з астатнімі ў схватцы. Ён углядаўся ў фотаздымак і ледзь не падпрыгнуў ад радасці. “Браць толькі жывым”, – сабраўшы з дзясятак салдат, ён пачаў прабірацца да Данукалава. Прыкладам па галаве збілі Дашу Пахоменку, Мішу Ландычанку, чацвёра немцаў наваліліся на ад’ютанта Данукалава ленінградца Мікалая Лапцева. На некалькі секунд камбрыг застаўся адзін. “Хапайце, вяжыце яго”. І раптам быццам з­-пад зямлі вырас камандзір разведкі Тарас Золатаў. Ён вадзіў аўтаматам, пакуль не скончыліся патроны. Падстрэлены, ён зваліўся на рукі Данукалава, засланіўшы яго сабой.

Паліцаям не ўдалося зарабіць 200 тысяч марак ні тады, ні крыху раней, калі здраднік Ізраіль Вольфман страляў у Данукалава падчас яго вячэрняга абходу шпіталя з параненымі.

Двойчы забіты

Гэтыя два эпізоды адбыліся за дзень да смерці легендарнага камбрыга – 27 красавіка. Варожае кола ўсё звужалася, і “аляксееўцы” вялі штодзённыя баі. Некалькі разоў адбівалі Казімірова, Лагі, Дубінец. Прымянялі тактыку двайнога ўдару, наступаючы па некалькіх напрамках, не давалі немцам уклініцца паміж імі і партызанамі І Антыфашысцкай брыгады пад кіраўніцтвам Гіль­Радыёнава. Вельмі частымі былі і бамбёжкі. Адна з бомб трапіла ў хату побач са штабам у Вялікіх Дольцах. З­пад абломкаў нехта прасіў дапамогі. Данукалаў падбег і быў смяротна паранены асколкам ад яшчэ адной бомбы.

Труну з целам устанавілі на лафеце адзінай уцалеўшай саракапяткі і падвезлі да ўзлеску. Паколькі баі не спыняліся, партызаны прыходзілі развітацца з камбрыгам па аднаму. Пахавалі яго ноччу.

А як толькі немцы занялі Вялікія Дольцы, камандуючы трэцяй танкавай арміяй Рэйнгард загадаў устанавіць месца пахавання свайго ворага. Труну вырылі з магілы, паставілі ў цэнтры вёскі і ўзарвалі на вачах сагнаных вялікадальчан. Сярод іх была і Аляксандра Восіпаўна Пярэдня – маці пяцярых дзяцей, якую неаднойчы катавалі, пяць разоў выводзілі на расстрэл. Жанчыну выратавала дзяўчына­перакладчыца. І вось Аляксандра Восіпаўна ноччу сабрала прах камбрыга і перапахавала. У 1946 годзе ён яшчэ раз быў перапахаваны ў Лепелі.

Застаўся ў Беларусі

“Если только выживу – навеки

Поселюсь я в этой стороне,

Мою жажду утолили реки,

А прохладу пущи дали мне,

И когда я умирал в воронке,

Думал не о смерти – о весне,

На родимой витебской сторонке

Сложат люди песню обо мне”.

Гэтыя радкі належаць самому Аляксею Данукалаву. А вось аб ім сапраўды складуць нямала вершаў, напішуць многа ўспамінаў. У брыгадзе былі журналісты, у тым ліку спецыяльны карэспандэнт “Віцебскага рабочага” Вольга Іванаўна Сіманава, мастакі, скрыпачы, кампазітары. Выходзіла газета і быў нават свой гімн.

Яго аўтарытэт быў непахісны. Ён быў прыкладам адвагі і мужнасці. Аляксей Данукалаў быў самым маладым камбрыгам Беларусі, а яго клікалі бацькам. “За задуменныя добрыя вочы і за пышныя вусы. Ён быў адчайна смелы, заўсёды цвёрды, рашучы і разам з тым вельмі сціплы камбрыг”, – напіша ва ўспамінах аб Данукалаве Уладзімір Елісеевіч Лабанок.

Яму было толькі 28. А ён так многа паспеў зрабіць. Пасмяротна А.Ф.Данукалаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імем названы вуліцы, школы, як на радзіме на Саратаўшчыне, так і ў Лёзненскім, дзе нараджалася брыгада “Аляксея”, Сенненскім, Лепельскім, Ушацкім раёнах Віцебшчыны, Мінску. Гэта яго постаць на кані – у цэнтры мастацкай стужкі “Полымя”. Углядзіцеся ўважлівей і моўчкі схіліце галаву. У яго не было ні дзяцей, ні ўнукаў, але жывуць нашы нашчадкі. Ён не дажыў да Перамогі, каб сустракалі яе мы.

Вольга КАРАЛЕНКА.

У дзень нараджэння Аляксея Фёдаравіча Данукалава дэлегацыя Ушацкага раёна ўсклала вянок на магілу легендарнага камбрыга, якая знаходзіцца на плошчы Свабоды ў горадзе Лепелі.



4 комментария по теме “Он не дожил до Победы, чтоб её встречали мы. Исполнилось 100 лет со дня рождения Алексея Донукалова

  1. А нельзя ли поподробнее об инциденте с Вольфманом? Просто история весьма двусмысленная, не находите? Ну, на какое вознаграждение от оккупантов мог рассчитывать еврей? Более того, ещё в сопливом детстве мне пришлось слышать об этом случае от очевидцев-партизан, однако и причины, и ход событий формулировались иначе.

  2. У беларускай мове няма слова «зпад зямлі» — а ёсць — «з пад зямлі»

  3. А калі дакладна, то з-пад зямлі, менавіта так і надрукавана ў нас у тэксце ў газеце. Пры выкладанні тэкста на сайт дэфіс, сапраўды, знік ( нярэдкія тэхнічныя недарэчнасці), ужо выправілі. Ва ўсялякім выпадку вельмі прыемна, што вы так уважліва чытаеце і задумваецеся над кожным словам.

  4. Этот эпизод описан в документальной книге Николая Имшенецкого » Дай мне силы, моя Двина,!»
    » Когда террориста поставили на ноги, все ахнули. Им оказался 23-летний переводчик штабы бригады- Волковой. ….
    — Фамилия ,имя , отчество?
    — Волковой Илья Савельевич.
    -А настоящая фамилия?- предатель молчал. — Ваше настоящее имя?- повторил Донукалов.
    -Вольфман Израиль Соломонович.
    (При этом Имшенецкий при указании на истинную фамилию делает ссылку на П.Л.Лебедева «Мы — алексеевцы».)
    Книга Имщенецкого документальная и все фамилии подлинные.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *