В Ушачах прошла спартакиада трудовых коллективов

Cпорт

“Усе такія моцныя, як гляну – аж страшна!”, – на пачатку паядынкаў па дыгатлоне дзяліўся ўражаннямі пры ацэнцы сапернікаў і сам зусім не слабы прадстаўнік каманды РАУС Дзмітрый Жарнасек. “Саня, ты чацвёрты!” – побач сваю расстаноўку на перацягванне каната дзелавіта абмяркоўвалі выратавальнікі. Зрэшты, шансы на поспех, як уласныя, так і сапернікаў, горача абмяркоўвалі і члены іншых каманд, якія ў мінулую суботу сабраліся для ўдзелу ў зімовай спартакіядзе працоўных калектываў.

Спаборніцтвы атрымаліся куды больш масавымі, чым мінулагоднія. Заяўкі падалі 22 каманды, а ўлічваючы тое, што сярод іх былі аб’яднаныя, то прадстаўніцтва працоўных калектываў фактычна было яшчэ большым. Усе віды праграмы спартакіяды кампактна праходзілі ў памяшканні Ушацкай школы, таму шматлікія гледачы мелі магчымасць практычна адначасова назіраць і шашачныя баталіі, і выступленні гімнастаў або гіравікоў.

“Сфатаграфуй будучага чэмпіёна!” – клікаў у цір прадстаўнік каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму Віктар Акулёнак і дэманстраваў мішэнь, дзе ўсе тры пробныя стрэлы ляглі ў “дзясятку”. Цяжка было не паверыць такому вопытнаму стралку, а свае словы ён пацвердзіў, заваяваўшы ўпэўненую перамогу з выдатным вынікам – 49 ачкоў з 50 магчымых! Другім у спаборніцтвах стралкоў стаў добра вядомы сваімі поспехамі на папярэдніх стартах Сяргей Аваднёў з аб’яднанай каманды райаддзела МНС і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а трэцяе месца ў саперніцтве з мужчынамі даволі нечакана заваявала Наталля Полазава з прамкамбіната.

У адрозненні ад стральбы, адправіць дроцікі ў цэнтр мішэні ў дартсе не азначае аўтаматычна стаць прызёрам. Тут складаная сістэма падліку ачкоў. Калі трапленне, напрыклад, у крайні сектар дазваляе набраць іх больш, чым у “яблычка”. Спрытней за ўсіх атрымалася гэта ў Ільі Бірукова з каманды райбальніцы, на два балы менш сабраў у суме намеснік начальніка райаддзела МНС Андрэй Уліновіч. Трэцім стаў Аляксей Малаток з райгаза, які толькі па дадатковых паказчыках апярэдзіў Анжаліку Хахлову з прадпрыемства жыллёва­камунальнай гаспадаркі.

У фае школы, дзе лепшых вызначалі шашысты, акрамя ўнушальнай колькасці ўдзельнікаў сабралася шмат жадаючых паназіраць за самым “ціхім” відам спартакіяды. Зразумела, што згуляць па сістэме “кожны з кожным” не ўяўлялася магчымым – удзельнікі турніру правялі па пяць сустрэч. Ва ўсіх сваіх партыях і ў спаборніцтвах у цэлым перамог прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Уладзімір Барысёнак, другім стаў Канстанцін Дабравольскі з ПМК­-66, а на трэцяе месца прэтэндавала адразу некалькі спартсменаў, якія набралі аднолькавую колькасць ачкоў. У выніку, пакінуўшы за межамі прызавой тройкі дырэктара школы Віталя Клімашэўскага, вадзіцеля РЭСа Алега Апёнка і дырэктара райгаза Дзмітрыя Лунева, бронзавым прызёрам стаў выратавальнік Аляксандр Жукаў. Трэба сказаць, што арганізатары спартакіяды ў спаборніцтвах шашыстаў вырашылі асобна ўзнагародзіць прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва. Сярод іх лепшыя вынікі паказалі Галіна Талстая з каманды аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, юрысконсульт райвыканкама Ганна Кандрацкая і прадстаўніца КУСГП “Глыбачаны” Марына Сяліцкая.

Не жартоўныя страсці ў гэты час кіпелі ў спартыўнай зале, а першыя пераможцы і прызёры вызначыліся ў гімнастычных дысцыплінах. Жанчыны адціскаліся ад лаўкі: трэцяе месца заваявала Вольга Рубанік з каманды райбальніцы, другой была Вера Стрыжонак з прадстаўніцтва Белдзяржстраха, а з падманным уражаннем лёгкасці і вялікім адрывам перамогу атрымала настаўніца Ушацкай школы Таццяна Плікат, якая выканала практыкаванне 55 разоў і больш чым удвая апярэдзіла бліжэйшых праследавальнікаў! У спаборніцтвах мужчын трэцім стаў выратавальнік Віталь Баркоўскі, а маладому супрацоўніку раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрыю Гардзіёнку 27 падцягванняў на перакладзіне для першага месца не хапіла – прадстаўнік каманды ПМК-­66 Ігар Клімашэўскі, хоць і не працуе зараз у спартыўнай галіне, але трымае сябе ў выдатнай фізічнай форме. Ён падцягнуўся ўсяго на два разы менш, але пасля прымянення пры падліку вынікаў узроставага каэфіцыента стаў пераможцам. Дарэчы, Ігар Уладзіміравіч, не чакаючы жараб’ёўкі, добраахвотна вызваўся выступаць першым – спяшаўся на спаборніцтвы па дыгатлоне.

Яны, як заўсёды, прыцягнулі вялікую ўвагу балельшчыкаў і незацікаўленых гледачоў. У адрозненні ад іншых сілавых відаў, дзе сапернікі змагаюцца адзін з адным завочна, тут прысутнічае барацьба тварам да твару, ды яшчэ якая – у асобных схватках стол літаральна хадзіў хадуном, бо моцныя мужчыны ў запале так і імкнуліся сцягнуць яго ў іншы канец залы. Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымаў асілак з каманды выратавальнікаў, мінулагодні чэмпіён спаборніцтваў Дзмітрый Цюкала, другім стаў І.Клімашэўскі, а трэцяе месца заваяваў волат з ДРБУ­105 Андрэй Агіевіч. Сапраўдным упрыгожаннем паядынкаў стаў удзел у іх Сяргея Клопава з каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму, які ўпарта змагаўся за перамогу з больш маладымі сапернікамі. У супрацьстаяннях дыгатланістаў папраўкі на ўзрост няма, ды і прызавыя месцы толькі тры, таму і засталіся многія дастойныя ўдзельнікі без узнагарод. Акрамя пераможцы і прызёраў варта адзначыць Уладзіміра Урбана з ААТ “Ільюшынскі”, Анатоля Амбражэвіча з райгаза, Міхаіла Шука з каманды райвыканкама.

Не меншай моцы, упартасці і вынослівасці патрабуе і гіравы спорт. Мікалай Пруднікаў у штуршку і рыўку ў суме падняў снарад 70 разоў – першае месца! Крыху саступіў яму Алег Лемеш з Ушацкай школы, а яшчэ адно трэцяе прызавое месца для каманды райгаза ў гэтым відзе заваяваў Кірыл Аўдошка.

Між тым адзін з пастаянных удзельнікаў спартакіяд М.Пруднікаў адзначыў, што перамога ў гіравым спорце сіл і энергіі адняла ў яго значна менш, чым намаганні ў перацягванні каната. Спаборніцтвы ў гэтым масавым, калектыўным і відовішчным відзе завяршалі праграму спартакіяды. Каманда прадстаўніцтва Белдзяржстраха была не адзінай, у складзе якой за перамогу нараўне з мужчынамі выходзілі змагацца жанчыны. Але трэба зазначыць, што Вера Стрыжонак не “адбывала нумар”, таму каманда страхоўшчыкаў нягледзячы на жаночы фактар перамагла некалькі выключна мужчынскіх дружын і заняла ў гэтым відзе высокае сёмае месца! Перамогу прадказальна заваявалі выратавальнікі, а аддаць усе сілы барацьбе за першынство іх прымусіла каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, трэцяе месца – у калектыву ПМК-­66, які ў многім за кошт зладжаных дзеянняў апярэдзіў традыцыйна моцных “канатчыкаў” з ДРБУ­-105 і райгаза.

Сярод спартсменаў хапала і маладых аматараў спорту, як у камандзе КУСГП “Глыбачаны”, а склад некаторых калектываў быў укамплектаваны сталымі ўдзельнікамі. Тым не менш яны не саступалі моладзі ні ў майстэрстве, ні ў зараджанасці на барацьбу. Ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прыз атрымаў самы ўзроставы ўдзельнік – галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм Мікалай Леанідавіч Фядосенка: не было сёлета яго любімай лыжнай эстафеты, таму гэты прыхільнік здаровага ладу жыцця спрабаваў свае сілы ў дартсе. Знайшлі ўладальнікаў і два спецыяльныя камандныя прызы: за волю да перамогі – яго атрымала прадстаўніцтва Белдзяржстраха, а прыз глядацкіх сімпатый прадказальна дастаўся камандзе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Менавіта гэтых спартсменаў на стартах вітала адна з самых вялікіх, эмацыянальных  і “гучных” груп падтрымкі, а паспрачацца з ёй маглі хіба што балельшчыкі гаспадароў спаборніцтваў – каманды Ушацкай школы, якая даволі нечакана стала трэцяй у агульнакамандным заліку. Паспяховаму выступленню спартсменаў установы адукацыі паспрыяла высокая шчыльнасць вынікаў ва ўсіх відах – ніжэй 10 прыступкі ў пратаколах яны апынуліся толькі ў дартсе. Вельмі роўна выступіла каманда райгаза, якая ўпэўнена і заслужана стала другой, а кубак пераможцаў з рук начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іны Фёдараўны Сыроўчанкі атрымала аб’яднаная каманда райаддзела МНС і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Прыемна, што ў чарадзе вытворчых будняў знайшлі магчымасць адкласці справы і асабіста ўзначаліць свае калектывы многія кіраўнікі арганізацый Ушаччыны. І хай не ўсе з іх трапілі ў прызёры, але гэта не галоўнае. Саперніцтва з’яўляецца безумоўным спадарожнікам спорту, ды ўзводзіць гэтую катэгорыю ў абсалют у нашым выпадку ўсё ж не варта: дзейсным падаецца вядомы алімпійскі прынцып аб перавазе факта ўдзелу над перамогай. Таму большасць удзельнікаў раённай спартакіяды працоўных калектываў проста атрымлівалі асалоду ад спартыўнага свята, якое ўдалося, бо любая спартакіяда каштоўная найперш паказчыкам масавасці.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *