Ушачские мелиораторы начали работы третьего этапа реконструкции «Прорыва» — по благоустройству

Общество

Не заціхаюць работы на “Прарыве”. У будаўнічых лясах яшчэ фігура партызана, з рамонтам якой скончыцца другі этап рэканструкцыі, а працаўнікі Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм ужо распачалі работы трэцяга этапу – па добраўпарадкаванні. Тэхніка арганізацыі на працягу некалькіх тыдняў працуе над стварэннем штучнага вадаёма, які “прапішацца” на месцы прылягаючай да мемарыяльнага комплексу балацявіны, дзякуючы чаму пад’езд да “Прарыву” набудзе больш прывабны выгляд.

Пачынаў работы на месцы будучай сажалкі адзін экскаватар, а ўжо на мінулым тыдні тут працавала дзве адзінкі тэхнікі. Каб расчысціць берагі для далейшага добраўпарадкавання, выдаля­юць грунт, які дасталі раней. Таму яшчэ адзін экскаватар перакідвае торф, прычым перамяшчаць яго з месца на месца прыходзіцца некалькі разоў – памеры вадаёма вялікія і люстра вады зойме плошчу 30 на 70 метраў.

Давялося задзейнічаць на аб’екце і іншую спецыяльную тэхніку. Як расказаў адказны за работы прараб прадпрыемства Уладзімір Напрыенка (на здымку) эфектыўная работа гусенічнага экскаватара немагчыма без папярэдняга адпампоўвання вады, колькасць якой не змяшча­юць берагі вадаёма. Праблему меліяратары вырашаюць з дапамогай мотапомпы, якую бяруць у лясгасе, і пажарных рукавоў райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Па іх лішкі вільгаці падаюцца праз трубу на другі бок дарогі, адкуль ужо па прыродных шляхах трапляюць у возера Баравёнак.

Падняты грунт вывозіцца не будзе, а пойдзе на засыпку і выроўніванне нізін, берагі вадаёма меліяратары сплануюць. Прылягаючы да дарогі ўчастак, напрыклад, узнімецца да ўзроўню пешаходнай дарожкі. Пасля завяршэння гідрамеліярацыйных работ для зручнасці наведвальнікаў тут можна будзе ўстанавіць лаўкі, альтанкі, іншыя малыя архітэктурныя формы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *