На 22-й сессии Ушачского районного Совета депутатов анализировали работу, проведённую в 2015 году

Саветы і жыццё

Дваццаць другая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, першая ў гэтым годзе, была справаздачнай. Грунтоўны аналіз работы, праведзенай у 2015 годзе, зрабіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, яе справаздачу дапоўнілі дэпутаты. Удзел у сесіі прыняў дэпутат абласнога Савета дэпутатаў ад Ушацкай выбарчай акругі №35 Сяргей Аляксандравіч Даніловіч. Прапануем вашай увазе вытрымкі аб асноўных накірунках работы дэпутацкага корпусу.

Знакавы, запамінальны год

“Галоўнае для Савета дэпутатаў – стварыць дзейсны механізм зваротнай сувязі з насельніцтвам. І самае галоўнае – дэпутатам трэба больш працаваць з людзьмі”.

Гэтым тэзісам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнкі пачала сваё выступленне В.М.Захарэнка. Яна адзначыла, наколькі мінулы год быў насычаны на знакавыя падзеі. Год 70-ай гадавіны Вялікай Перамогі савецкага народа, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Год моладзі і завяршаючы год пяцігодкі. Асаблівым ён быў і для Ушаччыны. Пры падтрымцы і непасрэднай ініцыятыве Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама мы прыступілі да рэканструкцыі нашага гонару і святыні – мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. У раёне ўпершыню была створана Маладзёжная палата, а за многія гады ўпершыню на галоўную сцэну абласных “Дажынак” у якасці пераможцы падымаўся прадстаўнік раёна – дырэктар ААТ “Дземенец” А.В.Шарыпенка. Мы сталі першапраходцамі ў правядзенні рэгіянальных “Рождественских чтений”. Упершыню прайшоў народны сход з удзелам дэпутатаў усіх узроўняў і праведзены раённыя “Дажынкі”. Усе прыгаданыя мерапрыемствы прайшлі з непасрэдным удзелам дэпутатаў і сталі асноўнымі накірункамі ў дзейнасці дэпутацкага корпуса раёна.

За справаздачны перыяд раённым Саветам дэпутатаў праведзена 9 сесій, на якіх разгледжана 37 пытанняў. Для іх падрыхтоўкі і разгляду матэрыялаў працавала 4 пастаянныя камісіі, адбылося 16 пасяджэнняў, а таксама 12 пасяджэнняў прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, з іх 4 – выязныя. Прынята 42 пастановы. Праведзена тры сумесных пасяджэнні з раённым выканаўчым камітэтам.

Прыярытэтны накірунак

Датацыйнасць сельскіх Саветаў дэпутатаў за мінулы год склала 22 працэнты пры планавых 23,9, на 2016 год запланавана – 21,4. За два месяцы 2016 года бюджэт папоўніўся на 24,1 мільёна рублёў за кошт продажу зямельных участкаў.

Па-ранейшаму важнай крыніцай папаўнення даходаў, а значыць і вырашэння злабадзённых задач з’яўляюцца сродкі самаабкладання – за мінулы год сабрана 27,9 мільёна рублёў. Трэба адзначыць у гэтым напрамку работу Глыбачанскага сельсавета, дзе добраахвотныя ахвяраванні склалі 4,6 мільёна. Прыклад трэба актыўней пераймаць астатнім, паколькі ў сёлетні складаны ў фінансавым плане год гэта застаецца бадай адзінай крыніцай фінансавання добраўпарадкавання населеных пунктаў. Летась на гэтыя мэты са сродкаў самаабкладання (з улікам астаткаў папярэдняга года) па Вяркудскім сельсавеце было накіравана 1,3 мільёна рублёў, Глыбачанскім і Ушацкім – 4, Жарскім – 4,5, Вялікадалецкім, Кубліцкім – 3,1, Сарочынскім – 8,1 мільёна рублёў.

На 2016 год на добраўпарадкаванне населеных пунктаў запланавана саб­раць 43,5 мільёна рублёў. Гэта работа была і застаецца прыярытэтнай, аднак і праблем яшчэ шмат. Выпрацаваны план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні на 2016 год, згодна з якім і надалей будуць уцягвацца ў агульны севазварот, перадавацца гаспадаркам пустуючыя ўчасткі – летась узарана 15 гектараў раней кінутай зямлі.

Праблемай былі і застаюцца несанкцыянаваныя звалкі, сметнікі. Летась было ўбрана 315 гектараў ляснога масіву, асаблівая ўвага – у месцах адпачынку людзей, культура якіх таксама застаецца вельмі нізкай. Ліквідаваны сметнікі ў лясным фондзе, што прымыкае да аўтамабільных дарог, абсталявана 4 месцы адпачынку.

Вялікай праблемай застаецца распаўсюджванне баршчэўніку Сасноўскага – на плошчы 443 гектараў. І хоць выдзяляюцца сродкі і вядзецца работа па яго лакалізацыі – яе пакуль нельга назваць эфектыўнай. 70 мільёнаў з бюджэту былі накіраваны на ліквідацыю нічыйных і старых дамоў – знесена 39 такіх пабудоў. Найбольш эфектыўна гэту работы правялі старшыні Вяркудскага і Сарочынскага сельвыканкамаў.

Летась добраўпарадкаваны тэрыторыі ўсіх помнікаў, абеліскаў і месцаў пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай, асабліва значныя работы праведзены ў аграгарадку Вялікія Дольцы, дзе быў адрэстаўрыраваны помнік воінам і партызанам, на гэтыя мэты было выдзелена 430 мільёнаў бюджэтных сродкаў.

На ўтрыманне сельскіх могілак накіравана 106 мільёнаў, на баланс ДРСУ-105 перададзены пад’езды да могілак працягласцю 2,6 кіламетра.

На ўтрыманне і рамонт аб’ектаў сельскіх населеных пунктаў з бюджэту накіравана 467 мільёнаў рублёў, дарог – 1090,5 мільёна. Праведзены рамонт і палепшана дарожнае пакрыццё па вуліцах вёсак Скачыхі, Пад’язна, Чарапоўшчына Кубліцкага сельсавета, Качаны, Броўчына, Гарадзец, Жары Жарскага, Двор Пліна і Станулева Ушацкага. Жыллёва-камунальнай гаспадаркай набыта 67 кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў і ў адпаведнасці з даведзеным заданнем 20 дадаткова ўстаноўлена для раздзельнага збору смецця. Абсталяваны 4 кантэйнерныя пляцоўкі ў вёсцы Ліпавец. Адрамантавана 70 водаразборных калонак і добраўпарадкаваны 16 артэзіянскіх свідравін, абсталявана 2 і адрамантавана 30 шахтных калодзежаў.

З дапамогай шэфаў

У справаздачным перыядзе было наладжана цеснае супрацоўніцтва з Полацкім раённым Саветам дэпутатаў па аказанні шэфскай дапамогі. У якасці прыкладу можна назваць філіял “Полацкія электрычныя сеткі”, лакаматыўнае дэпо, паліграфічнае прадпрыемства “Спадчына Скарыны”. Пры падвядзенні агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні працоўныя калектывы названых арганізацый узнагароджаны Падзякай Ушацкага раённага Савета дэпутатаў. Вялікую дапамогу ў навядзенні парадку аказалі арганізацыі і прадпрыемствы нашага раёна. Прыкладам з’яўляюцца Касарское, Вялікадолецкае, Сарочынскае лясніцтвы, “Белдзяржстрах”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ПУП “Ляснеўшчына”, КУСГП “Вялікадолецкае”, паліўзбыт, усе ўстановы адукацыі раёна.

На заахвочванне пераможцаў раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні накіравана 38289 тысяч рублёў.

Дэпутаты пярвічнага звяна

Важным крытэрыем работы мясцовых органаў кіравання, дэпутатаў усіх узроўняў застаецца работа па зваротах грамадзян. За справаздачны перыяд з удзелам дэпутатаў было разгледжана больш сотні пытанняў, многія з якіх зняты дэпутатамі самастойна, з дапамогай прадпрыемстваў і арганізацый. Старшынёй райсавета праведзена 45 асабістых прыёмаў, падчас якіх звярнулася 29 грамадзян і паступіла 35 зваротаў. У цяперашні час на кантролі застаецца пяць. На прамую тэлефонную лінію паступіла 12 зваротаў.

Мэтанакіраваная работа з насельніцтвам праводзіцца дэпутатамі пярвічнага звяна, якія працуюць разам з мясцовымі органамі ўлады, старэйшынамі, кіраўнікамі раённых службаў. Найбольш актыўнымі дэпутатамі з’яўляюцца Ганна Аляксееўна Аскерка, Жанна Віктараўна Аваднёва, Наталля Іванаўна Бандарэнка з Вяркудскага сельсавета, Міхаіл Пятровіч Хоміч, Мікалай Алегавіч Рахманенка, Пётр Аляксандравіч Алексяёнак з Вялікадолецкага, Вера Уладзіміраўна Друк, Ніна Пятроўна Рубанік, Ірына Аляксандраўна Пятніца, Ларыса Аляксандраўна Булаўка з Сарочынскага, Людміла Іванаўна Крывёнак, Аляксей Сяргеевіч Хмялеўскі (Кубліцкі сельсавет), Таццяна Барысаўна Бондарава, Алена Барысаўна Мачульская, Любоў Антонаўна Мікіцевіч (Жарскі сельсавет), Андрэй Мікалаевіч Малахаў, Марыя Фёдараўна Папельская, Надзея Восіпаўна Дунец, Аляксандр Станіслававіч Баратынскі, Вольга Уладзіміраўна Хамёнак, Галіна Сцяпанаўна Шайтар (Ушацкі сельсавет).

Першыя памочнікі

Значная роля ў рабоце Саветаў усіх узроўняў належыць органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, якое ў раёне прадстаўлена 153 старэйшынамі. Менавіта ад іх актыўнасці, грамадзянскай пазіцыі часта залежыць аператыўнасць вырашэння жыццёвых пытанняў аднавяскоўцаў. У Вяркудскім сельсавеце актыўна працуюць старэйшыны Ніна Васільеўна Кірпічонак (Вяркуды), Марыя Ісакаўна Пухава (Усая), Аляксандр Карлавіч Рэут (Апанаскавічы, Гарбаціца), у Вялікадолецкім – Ніна Міхайлаўна Піскун (Вялікія Дольцы) і Валянціна Іванаўна Шышова (Казімірова), у Сарочынскім – Ганна Лявонаўна Гірсёнак (Ліпаўкі), Надзея Цімафееўна Агароднікава (Чарсцвяды), Зінаіда Аляксандраўна Рубіс (Белае), Мікалай Восіпавіч Федарэнка (Кублішчына), Людміла Леанідаўна Хвашчэўская (Ляснеўшчына), Мікалай Сцяпанавіч Леднік (Ваўчо). Лепшымі старэйшынамі Жарскага сельсавета з’яўляюцца Тамара Іванаўна Макрыдзіна (Жары) і Валянціна Пятроўна Валяйцёнак (Гарадзец). Актывістамі Глыбачанскага сельсавета з’яўляюцца Галіна Фёдараўна Маціеўская (Двор Усвея) і Алена Уладзіміраўна Быкава (Краснае), Ушацкага – Віктар Паўлавіч Крывёнак (Старое Сяло), Надзея Восіпаўна Дунец (Двор Пліна), Тамара Пятроўна Пэк (Угрынкі), Галіна Ігнатаўна Косых (Цялічына), Сяргей Міхайлавіч Смык (Ліпавец). За ўсімі гэтымі імёнамі – канкрэтныя прыклады сістэмнай работы з сельвыканкамамі і аднавяскоўцамі, накіраванай на добраўпарадкаванне вёсак, дарог, могілак.

Менавіта ад зладжанай работы дэпутатаў ўсіх узроўняў, старэйшын, грамадзянскай пазіцыі кожнага чалавека і залежыць, якім будзе наша будучыня. А членам Маладзёжнай палаты, якім жыць у ёй, спатрэбіцца вопыт, атрыманы падчас сумеснай работы з раённым Саветам дэпутатаў.

Даведачна. На 1 студзеня ў раёне пражывае 13 тысяч 805 чалавек. У мінулым годзе нарадзілася 152 дзіцяці, памёр 301 чалавек. Смяротнасць знізілася на 10,9 працэнта, нараджальнасць павысілася на 16,9. У эканоміцы занята 5840 чалавек – на 44 меней у параўнанні з 2014 годам.

На пачатак гэтага года пенсіі атрымлівае 5172 чалавекі і 354 – дапамогі, сярэдні памер пенсіі па ўзросце склаў 2659394 рублі.

У раёне знаходзіцца 254 населеных пункты, з іх ніхто не пражывае ў адзінаццаці, а ў 117 колькасць насельніцтва – ад аднаго да дзесяці чалавек, у 96 – ад 11 да 50, 8 – ад 51 да 100, у 9 – ад 101 да 200, у 11 – ад 202 да 500 і ў двух насельніцтва перавышае паўтысячы: аграгарадкі Глыбачка і Арэхаўна.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *