Обязаны ли ремесленники платить взносы в Фонд социальной защиты населения?

Правовая консультация

Пытанняў, з якімі звяртаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі ў раённы аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельнітцтва, нямала. Сёння мы папрасілі начальніка аддзела Алену Васільеўну Пашковіч праз газету даць адказы на найбольш актуальныя з іх. Спадзяемся, гэтая інфармацыя будзе карысная многім.

– Ці абавязаны рамеснік плаціць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва? І калі так, якая іх сума?

– Фізічныя асобы, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю па заяўным прынцыпе без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, маюць права добраахвотнага ўдзелу ў дзяржаўным сацыяльным страхаванні. Калі рамеснік выявіць жаданне плаціць узносы, яму неабходна будзе стаць на ўлік у органах Фонду сацабароны насельніцтва па месцы жыхарства.

Што датычыцца памеру ўзносаў, то ён зараз складае: 29 працэнтаў прыбытку – на пенсійнае страхаванне, 6 – на сацыяльнае. Прычым, рамеснік можа па сваім выбары аплачваць адзін з названых відаў страхавання ці адразу два – 35 працэнтаў прыбытку. Дарэчы, суму апошняга вызначае сам рамеснік, аднак яна не павінна быць меншай за мінімальную заработную плату, устаноўленую і праіндэксаваную ў адпаведнасці з заканадаўствам. Напрыклад, у сакавіку 2016­га “мінімалка” складала 2 мільёны 300 тысяч рублёў, адпаведна, мінімальны плацеж за гэты месяц складзе: у выпадку выплаты ўзносаў толькі на пенсійнае страхаванне – 667 тысяч, толькі на сацыяльнае – 138, на абодва віды – 805 тысяч рублёу.

– Ці існуюць ільготы па адлічэннях у Фонд сацабароны для індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх трое і больш дзяцей (мнагадзетных сямей)?

– На жаль, не. Ільгота ў выглядзе добраахвотнага парадку выплаты ўзносаў у бюджэт Фонду ўстаноўлена толькі для ІП, якія адначасова з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці знаходзяцца ў працоўных ці звязаных з імі адносінах. Гэта можа быць членства (удзел) у арганізацыях, валоданне маёмасцю юрыдычных асоб і выкананне функцый іх кіраўнікоў. Па сваім жаданні выплачваць узносы могуць таксама прадпрымальнікі, якія атрымліваюць пенсію, маюць права на дапамогу па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, у дзённай форме атрымліваюць прафесійна­тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю. Іншыя выключэнні ў адносінах ІП заканадаўствам не ўстаноўлены.

– Я замежны грамадзянін, рэзідэнт Беларусі і індывідуальны прадпрымальнік. Да 1 студзеня 2016 года быў вызвалены ад плацяжоў у Фонд. Што зараз змянілася?

– У канцы мінулага года Прэзідэнт падпісаў указ “Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння”, паводле якога замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія працуюць у Беларусі ці з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам для грамадзян нашай краіны. Гэта значыць, з 1 студзеня 2016 года замежныя грамадзяне, якія з’яўляюцца ІП, абавязаны выплачваць страхавыя ўзносы ў бюджэт Фонду ў агульнапрынятым парадку.

– Я індывідуальны прадпрымальнік, але адначасова працую ў арганізацыі. Да 1 студзеня 2016 года – па кантракце, а потым па дагаворы найму. Арганізацыя аплачвае ўзносы ад сумы заробку ў Фонд. Акрамя формы працоўных адносін, нічога не змянілася. Чаму тады я як ІП абавязаны плаціць узносы ў Фонд?

– Пад кантрактам разумеюцца працоўныя адносіны, а пад дагаворам найму – грамадзянска­прававы дагавор – у гэтым ёсць прынцыповая розніца. Добраахвотна аплачваць узносы, як мы расказвалі вышэй, могуць толькі ІП, якія адначасова з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці знаходзяцца ў працоўных ці звязаных з імі адносінах. Такім чынам, за перыяд, калі вы перайшлі з работадаўцам на грамадзянска­прававыя, а не працоўныя адносіны, падставы для вызвалення ад выплаты ўзносаў у бюджэт Фонду зніклі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *