Праздник детства в Ушачах

Наши дети

Першага чэрвеня вуліцы гарпасёлка поўніліся звонкімі дзіцячымі галасамі – менавіта ў гэты дзень адзначаецца цудоўнае свята дзяцінства. Прыкмячальна, што супадае яно з першым днём лета і пачаткам канікул. Надвор’е яшчэ з раніцы адарыла ўсіх ласкавым і цёплым сонейкам, быццам далучала такім чынам і свае віншаванні.

На адкрытай пляцоўцы каля раённага Дома культуры сабраліся маленькія жыхары Ушаччыны. Добры настрой усім удзельнікам свята стварыў канцэрт, які быў насычаны яркімі нумарамі. Выхаванцы дзіцячых садоў гарпасёлка, раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў прыгожых сукенках і касцюмах вельмі стараліся ў час выступленняў і смела выходзілі на сцэну. Здавалася, што бацькі, бабулі, дзядулі, выхавацелі і настаўнікі, якія займалі глядацкія месцы, хваляваліся больш за іх саміх. А паказаць сапраўды было што: хтосьці пакарыў гледачоў мілагучнымі спевамі, нехта “запаліў” прысутных дынамічнымі рухамі. І ніхто не застаўся раўнадушным ад танца юных дэсантнікаў з ясляў­сада №2 гарпасёлка.

Вельмі стараліся юныя ўшачане і падчас конкурсу малюнкаў на асфальце, які арганізаваў ушацкі разлікова­касавы цэнтр ААТ “Белаграпрамбанк”. Тэмай конкурсу стала 25­годдзе банка, а таму асфальт каля танцпляцоўкі расквецілі разнастайныя віншавальныя паштоўкі да юбілею арганізацыі. Трэба сказаць, што дзеці праявілі і здольнасці, і фантазію. Выявіць самы лепшы малюнак было няпроста, аднак пераможцам прызнана калектыўная работа юных дзюдаістаў са спартыўнага лагера. Усе мастакі атрымалі за свае малюнкі салодкія падарункі.

Яблыку не было дзе ўпасці ў гэты святочны дзень і ў скверы. Тут дзеці з задавальненнем каталіся на арэлях, выстройваліся ў чаргу, каб з’ехаць з горкі, а таксама ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і гульнях, арганізаваных работнікамі культуры, дзіцячай бібліятэкі, раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У палатцы з караоке любы жадаючы мог праспяваць сваю любімую песню. А найбольшай папулярнасцю ў дзетак карысталася гульня з рагаткай.

Аб тым што нашы дзеці таленавітыя, сведчыла і выстава дэкаратыўна­прыкладнога мастацтва, дзе былі прадстаўлены разнастайныя работы дзяцей з гурткоў клубных устаноў раёна.

Дапаўнялі атмасферу свята атракцыёны і гандлёвыя кропкі з цацкамі, салодкай ватай і іншымі прысмакамі, якія так падабаюцца дзецям. Пацвярджэннем таго, што свята ўдалося, сталі радасныя ўсмешкі на тварах дзяцей.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *