Заведующий Кубличским ФАПом Виктория Кальчевская всегда торопится на помощь своим пациентам

К профессиональному празднику

Пра людзей, вернутых з таго свету, Вікторыя Пятроўна Кальчэўская не расказвае – такіх выпадкаў за яе адносна непрацяглую працу загадчыкам Кубліцкага фельчарска-акушэрскага пункта не было. Але больш чым за два гады яна паспела адчуць усю важнасць і адказнасць справы вясковага медыка.

Сарочынская дзяўчына трапіла ў Кублічы, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца. Пазнаёміліся на навагоднім агеньчыку, калі побач гулялі медыкі і лясгасаўцы – муж, Вадзім Васільевіч Кальчэўскі, і зараз працуе ляснічым Кубліцкага лясніцтва.

– Працаваць у фізіятэрапеўтычным кабінеце было куды прасцей, – смяецца маладая жанчына, якая прымяненне ведам, атрыманым у Полацкім медыцынскім вучылішчы, знайшла спачатку ў райбальніцы. – Але сама перайшла на ФАП, надакучыла кожны дзень ва Ушачы з Кубліч ездзіць, ды і нятанна гэта стала.

Яна не ўтойвае, што з адукацыяй медсястры пачынаць дзейнасць загадчыкам ФАПа было вельмі няпроста, прыйшлося праходзіць спецыяльныя курсы, ды і зараз працуе над самаадукацыяй. Кола абавязкаў фельчара вялікае, неабходна дакладна ведаць лякарствы, спіс якіх пастаянна мяняецца, аказаць першую дапамогу і нават дыягназ паставіць. Таму ўдзячна Вікторыя ўрачу Вялікадолецкай сельскай участковай бальніцы Але Мікалаеўне Крыштопенка за тое, што можа звярнуцца да яе за кансультацыяй па любым пытанні і ў любы час. Так, як звяртаюцца да фельчара жыхары 19 вёсак з зоны абслугоўвання ФАПа. На ім В.Кальчэўская вядзе прыём да 12 гадзін, а потым накіроўваецца па населеных пунктах – усіх, хто стаіць на ўліку ва ўрачоў райбальніцы, неабходна перыядычна абследаваць. Акрамя таго, асаблівыя катэгорыі – ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, вязні канцлагераў, інваліды, дзеці. Апошніх на ўчастку Кубліцкага ФАПа нямнога, да году няма зусім, але Вікторыя Пятроўна кажа, што “ў хуткім часе павінны з’явіцца двое”, і вочы маладой жанчыны і маці гараць радасцю, бо за будучыню вёскі, дзе прыжылася і стала сваёй, яна шчыра перажывае. Да яе ідуць не толькі зрабіць укол, атрымаць кансультацыю, а і проста пачуць добрую параду, з ёй раяцца і давяраюць сямейныя сакрэты – ні ў чым не можа адмовіць малады фельчар.

Таму спяшаецца да людзей па першым тэлефанаванні – і з галасістымі пеўнямі, і з апошнімі праменямі сонца. Дабірацца прыходзіцца па-рознаму: дзе пешшу, дзе на веласіпедзе, а дзе і на ўласным транспарце. Два разы ў месяц да тых, хто па стане здароўя не можа дайсці да ФАПа, выязджае і А.М.Крыштопенка, часта выручае старшыня сельвыканкама Ірына Віктараўна Ластаўка, дапамагаюць у дастаўцы лекаў у аддаленыя вёскі сацыяльныя работнікі. У памочніках фельчара і яшчэ адзін прадстаўнік мясцовага самакіравання – старэйшына Кубліч Любоў Восіпаўна Гарнак, якая працуе санітаркай.

– Санітарную сумку бяру з сабою дадому, каб калі што здарыцца, не траціць час, – расказвае В.Кальчэўская. – Так прывыкла, што бывае па сваіх справах у горад збіраюся, ці на госці, дык акрамя дамскай бяру і яе – муж смяецца: “Каго ты ўжо там лячыць сабралася?!”.

Яна поўнасцю падыходзіць пад апісанне сельскай інтэлігенткі – разважлівай, добразычлівай і сціплай, да якой з павагай ставяцца і старыя, і малыя. Вікторыя Пятроўна з мужам і сынам у Кублічах жывуць ва ўласным доме, пабудаваным непадалёк ад бацькоў Вадзіма Васільевіча. Вучоба, сям’я, работа, клопаты па гаспадарцы. Часу, здаецца, не застаецца зусім. Але яна знаходзіць яго для любімых кветак, асабліва вулічных – нездарма сям’я ў мінулым годзе трапіла ў лік пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Летам у ягады, парадкаваць агародніну – усё як і ў іншых вясковых людзей. Але не зусім, бо прыходзіцца не лічыцца ні з часам, ні з асабістымі справамі, калі камусьці з вяскоўцаў патрэбна дапамога – гэта для В.Кальчэўскай заўсёды на першым месцы.

Д.Раманоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *