В Городокском районе сельчане продали телят скупщику за российские рубли и оказались на скамье подсудимых

Калейдоскоп

Беспрэцэдэнтны выпадак адбыўся нядаўна ў Гарадоцкім раёне. На лаве падсудных аказалася адразу 6  вяскоўцаў! За тое, што прадалі цялят, якіх вырасцілі на ўласных падворках, скупшчыку за расійскія рублі. І хоць справа з­-за малазначнасці здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння была спынена, а канфіскаваныя грошы вернуты, нервовых клетак гэта каштавала сялянам нямала.

Усе яны парушылі заканадаўства, якое забараняе валютныя аперацыі паміж фізічнымі асобамі, а таксама юрыдычнымі, калі на гэта няма адпаведных ліцэнзій. Гэта прапісана ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, яшчэ больш узмацнілася адказнасць Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  №49 “Аб забеспячэнні парадку пры ажыццяўленні валютных аперацый”, падпісаным 9 лютага 2015 года. Дарэчы, вяскоўцы сцвярджалі, што не ведалі ні пра існуючую адказнасць, ні пра тое, што расійскія рублі – таксама замежная валюта.

Тэма актуальная і для нашага раёна, паколькі некаторыя ўшачане таксама прадаюць вырашчаных цялят прыватнікам ці камерсантам.  Спадзяёмся, што ў нас ніхто не скажа, што расійскі рубель – гэта не валюта, таму адразу хочацца папярэдзіць аб вельмі сур’ёзнай адказнасці. Каб не застацца без сродкаў за вырашчанае цяля, ці любую іншую маёмасць, якую вы вырашылі прадаць, ажыццяўляйце здзелкі толькі ў беларускіх рублях. Паколькі законам за незаконныя валютныя аперацыі прадугледжана як канфіскацыя атрыманых сродкаў, так і немалы штраф – для фізічных асоб ад 50 да 100 базавых велічынь, а гэта ад 10,5 да 21 мільёна (старымі) ці 1050, 2100 рублёў (новымі).

Гарадоцкія працавітыя вяскоўцы аказаліся ў непрыемнай сітуацыі па няведанні заканадаўства. Аднак небяспека ў падобнай сітуацыі магла падсцерагаць і іншая. Падобныя здзелкі ніякім чынам не страхуюць “прадаўцоў” і застаюцца толькі на сумленні скупшчыкаў. Ніякіх дагавораў, таму і ніякіх абавязкаў бакоў. Вам могуць прапанаваць у якасці разліку фальшывыя долары, еўра, расійскія рублі ці падробкі на беларускія грошы. Вас могуць падмануць пры ўзважванні. Каб гэтага не здарылася, канечне, лепш мець справу з дзяржаўнымі пакупнікамі.  Тым больш што дзяржаўная палітыка ўсе гады накіравана на падтрымку асабістай падсобнай гаспадаркі. Таму ў каапнарыхтпраме ў вас заўсёды прымуць кароўку ці быка,  да дому пад’едуць закупшчыкі лішкаў малака, сельвыканкамы даведаюцца пра патрэбу, і аграрыі цэнтралізавана завязуць у вёску зерне, бульбу.

Заўсёды зацікаўлены ў закупцы маладняку сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Сёлета закуплена пакуль толькі 16 цялят. Разлікі з насельніцтвам ажыццяўляюцца як наяўнымі сродкамі, так і натураплатай – прапаноўваецца сена, зерне, насенне ці  паслугі аграрыяў па апрацоўкі агародаў. Прычым, не проста заключаецца дагавор, а і дагаворнымі з’яўляюцца адносіны.

– Нам пазваніла Надзея Пятроўна Жаваранак з Селішча. Ёй шкада было  аддаваць цялушку камерсантам – і гэта зразумела, людзі, якія расцяць жывёлу – любяць яе і хацелі б, каб яна служыла далей, а не ішла пад нож.  Сказала, што хоча за яе пяць мільёнаў. Выехалі, паглядзелі, укормленая добрая цялушка, забралі ад дома і разлічыліся з жанчынай на месцы, – прыводзіць адзін з апошніх прыкладаў дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка. — Канечне, не заўсёды ў касе ёсць наяўныя сродкі, аднак заўсёды можам дамовіцца і знайсці прымальны для здатчыка варыянт.

Выбар у любым выпадку за тымі, хто трымае падсобную гаспадарку. І гэта вельмі важна, што яны яго маюць і ведаюць аб усіх крыніцах здачы лішкаў. Дарэчы, менавіта гэтаму пытанню прысвячаюць падваровы абыход спецыялісты сельскіх выканаўчых камітэтаў, актыў сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Папярэджаны – значыць узброены, гаворыць народная мудрасць. А нашы вяскоўцы – людзі разважлівыя і дальнабачныя, і ва ўсялякім выпадку будзем спадзявацца, што вучацца яны на чужых памылках і не паўтораць гарадоцкі варыянт.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *