В напряжённом режиме из-за дождей работают работники ДРСУ-105

Зваротная сувязь

У напружаным графіку працуюць зараз рабочыя Ушацкага ДРБУ-105, на балансе якога ўсе гравійкі нашага раёна. Месцамі яны моцна пацярпелі ад працяглых дажджоў. Дарожнікі стараюцца ліквідаваць наступствы стыхіі, вядуць падсыпку і грэйдзіраванне дарог, убіраюць з праезнай часткі буралом, але адразу ўсюды не паспееш. Пра гэта тлумачыў грамадзянам падчас “прамой лініі” дырэктар прадпрыемства Анатоль Іванавіч Коцур.

Пытанні будуць вырашацца паступова. Чакаюць рамонту размытыя на ўзгорках участкі дарог у Кублічах, Кляпцах, Двор Усвеі і некаторых іншых населеных пунктах. Пра іх дарожнікі памятаюць, а непасрэдна падчас сувязі з жыхарамі раёна паступіў сігнал аб прасяданні дарожнага палатна ў Бычках. У Сарочыне па дарозе на Бікальнічы з-за няспраўнасці трубы ў вадзе аказаўся агарод аднаго з гаспадароў. Трубу гэту раней чысцілі, але пры рамонце дарогі яна аказалася засыпанай. Анатоль Іванавіч паабяцаў разабрацца з сітуацыяй у бліжэйшы час.

Перыядычна скардзяцца грамадзяне на нездавальняючы стан гравійкі ад Царкавішча на Малыя Дольцы. І, трэба сказаць, маюць рацыю, бо не так даўно давялося праязджаць у гэтым напрамку і дарога сапраўды нагадвала, як кажуць аўтамабілісты, “пральную дошку”. Абураліся мясцовыя жыхары, што “месяцамі не бачаць тэхніку дарожнікаў”. Па словах Анатоля Іванавіча, гэта не адпавядае рэчаіснасці – грэйдзіраванне і падсыпка ўказанай дарогі перыядычна праводзіцца, апошні раз работы выконваліся на мінулым тыдні. Іншая справа, што падчас дажджоў палатно хутка прыходзіць у нездавальняючы стан, чаму таксама “садзейнічаюць” лесавозы і буйнагабарытная тэхніка сельгаспрадпрыемстваў.

Звузілі кусты дарогу ад Двор Пліна на Старае Сяло. Гэта пытанне агучыў Уладзімір Ільіч Барысёнак, і яно таксама будзе на кантролі, а вось тэрміны выканання работ А.І.Коцур не агучваў – як будуць свабоднымі людзі і тэхніка.

З падобным пытаннем да кіраўніка дарожнай службы ад імя усіх уласнікаў зямельных участкаў садаводчага таварыства “Дружба” звярнуўся Васіль Кірылавіч Чабатар, які скардзіўся на стан абочын уздоўж дарогі да Пранікаў. На асобных участках яны моцна зараслі кустоўем, што ўскладняе рух, цяжка размінуцца нават двум аўтамабілям. Ды і на тэрыторыі самога таварыства ёсць месцы, дзе разросся алешнік, які ператварае дарогу ў “тунэль”. “Мы б і самі арганізаваліся і высеклі, але ж гэта будзе незаконна, баімся атрымаць штраф! Ці можаце вы дапамагчы?” – цікавіўся старшыня садаводаў. Праблему ачысткі абочын ад расліннасці на пад’ездзе да Пранікаў начальнік дарожнай службы абяцаў вырашыць станоўча, а вось участак дарогі ў межах таварыства ў юрысдыкцыі арганізацыі не знаходзіцца. Для законнасці вырашэння пытання з дапамогай самастойнай высечкі таварыству неабходна звяртацца ў раённыя экалагічную і землеўпарадкавальную службы, сельвыканкам.

Падрыхтаваў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *