Ушачские газовики — настоящие профессионалы своего дела

К профессиональному празднику

Аварыйная газавая служба ўваходзіць у квартэт самых экстранных – нават школьнік адразу назаве кароткі нумар 104, па якім трэба званіць пры паху газу. Ад таго, наколькі хутка даімчыць да месца аварыі аўтамабіль спецыялізаванага падраздзялення, ад дакладнасці і аператыўнасці дзеянняў работнікаў у сіняй уніформе залежыць вельмі многае. І канечне, людзі, якія ў адказе за нашу бяспеку, павінны быць надзейнымі і праверанымі – менавіта такія спецыялісты працуюць у аварыйнай службе Ушацкага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз”.

5 хвілін на зборы – гэтае бытавое выслоўе ў работнікаў службы мае абсалютна літаральны сэнс: якраз такі час адведзены аварыйнай брыгадзе на тое, каб атрымаць інструктаж, сабрацца і выехаць на “баявое заданне”. І такі эпітэт не назавеш перабольшваннем: газ уяўляе сабой смяротную небяспеку, а прымаць рашэнні ў надзвычайных сітуацыях трэба, як на полі бою – хутка і дакладна. Менавіта так дзейнічалі ўшацкія газавікі на нядаўнім выездзе, калі ад жыхароў шматпавярхоўкі паступіў трывожны сігнал пра пах газу ў пад’ездзе. Абследаваўшы дом, яны выявілі крыніцу загазаванасці ў адной з кватэр – паставіўшы на пліту каструлю, гаспадар прылёг адпачыць і не пачуў, як вадкасць збегла і заліла полымя. Толькі дзякуючы высокаму прафесіяналізму “аварыйшчыкаў” у гэтай сітуацыі абышлося без ахвяр.

А пра тое, што ўшацкія спецыялісты з’яўляюцца аднымі з лепшых у рэгіёне, сведчаць, прынамсі, іх паспяховыя выступленні ў прафесійных конкурсах. Вось і сёлета на абласных спаборніцтвах аварыйных брыгад каманда ў складзе старшага майстра Дзмітрыя Васільевіча Карэйшы, вадзіцеля Андрэя Васільевіча Мялешкі і слесара Аляксандра Мікалаевіча Дразда ўвайшла ў шасцёрку лепшых. На гэтых спаборніцтвах, дарэчы, правяраецца не толькі веданне тэорыі, але і мадэлююцца аварыйныя сітуацыі накшталт апісанай.

“Сёлета, напрыклад, наша брыгада шукала і ліквідавала ўмоўную ўцечку газу на падземным газаправодзе”, – расказвае Д.Карэйша. А на пытанне, ці хваляваліся падчас конкурсу, яго калега А.Дрозд заўважыў: “Хіба толькі крыху перад пачаткам. Потым жа думаеш толькі пра справу – у нашай рабоце ніякіх лішніх эмоцый быць не павінна”. Аляксандр хоць і мае адносна невялікі стаж, але ўжо з’яўляецца даволі вопытным і ўмелым спецыялістам. І сапраўдным гонарам для сваёй маці Святланы Васільеўны Дрозд, якая таксама працуе ў спецыялізаваным аварыйным падраздзяленні – прымае трывожныя тэлефанаванні. Менавіта прыёмшчыкі заказаў з’яўляюцца першым звяном службы, а таму на іх кладзецца значная адказнасць: трэба імгненна зразумець і ацаніць сітуацыю, перадаць інфармацыю і правесці прыгаданы вышэй інструктаж. 21 год працуе жанчына на гэтым участку і нягледзячы на складаны графік з начнымі дзяжурствамі сцвярджае, што работа ёй вельмі падабаецца і ў іншай сферы яна сябе не ўяўляе. А ключавой якасцю дыспетчара лічыць веды і культуру зносін – бывае, што ўсхваляванага абанента на іншым канцы проваду варта супакоіць, каб ён дакладна апісаў сітуацыю, даць рэкамендацыі, як сябе паводзіць да прыезду брыгады – нагадаць, напрыклад, што нават уключанае святло можа стаць прычынай выбуху ў загазаваным пакоі.

Цікава, але менавіта зносіны з кліентамі называе самым прыцягальным момантам сваёй прафесіі і Уладзімір Васільевіч Маковіч. Слесар аварыйна­аднаўленчых работ за 17 год працы ў газавай сферы дасягнуў вельмі высокай ступені прафесіяналізму: адказнасць, глыбокія веды і вопыт дапамаглі яму стаць адным з лепшых работнікаў райгаза – на яго рахунку шмат розных узнагарод, сярод якіх занясенне на раённую Дошку гонару. Тое ж, як працуе гэты чалавек, давялося бачыць на свае вочы: неяк прыйшлося пазваніць у службу з прычыны паху газу на кухні, і прыбыўшы па выкліку Уладзімір Васільевіч не толькі вельмі хутка дыягнаставаў і ўхіліў няспраўнасць пліты, але і ўзняў настрой, бо валодае выдатным пачуццём гумару.

Пасля знаёмства з работнікамі аварыйнай газавай службы ўмацавалася ў меркаванні, што ім па плячы любыя заштатныя сітуацыі і яны зробяць усё, што ў іх сілах, каб захаваць нашу бяспеку. Вось толькі вельмі многае ў гэтым залежыць і ад нас, карыстальнікаў: часта менавіта нашы памылкі і легкадумства дадаюць турбот і выпрабаванняў гэтым людзям, адданым сваёй складанай і стрэсавай прафесіі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *