В необычном формате в Ушачах прошёл праздник, посвящённый Дню учителя

Общество

У незвычайным фармаце прайшло ў чацвер свята, прысвечанае Дню настаўніка. Звязана гэта з тым, што ўшацкія педагогі сёлета не толькі традыцыйна адзначыліся дастойнымі вынікамі ў прафесійнай дзейнасці, але і занялі першае месца ў вобласці і рэспубліцы па падпісцы на сваю ведамасную “Настаўніцкую газету”, якая ў знак пашаны за плённае супрацоўніцтва падарыла нашым рупліўцам педагагічнай нівы незабыўнае мерапрыемства.

Раней прафесійнае свята педагогаў на раённым узроўні так шырока не адзначалася. Звычайна ўсе ўзнагароды знаходзілі сваіх герояў падчас традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі. Урачыста яна праходзіць заўсёды, але ўсё ж гэта больш рабочае, справаздачнае мерапрыемства, дзе падводзяцца вынікі і акрэсліваюцца задачы на новы навучальны год. Сёлета ж, як адзначыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, калектыў выдання вырашыў бліжэй пазнаёміцца з педагогамі раёна, якія заслужылі свята сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, а педагагічная грамадскасць краіны атрымае магчымасць больш поўна даведацца пра тыя падзеі, што адбываюцца ва ўстановах адукацыі Ушаччыны.

Гэта быў той выпадак, калі ў зале ў прамым сэнсе слова яблыку недзе было ўпасці. Акрамя дзеючых педагогаў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама запрасіў на мерапрыемства ветэранаў працы, арганізаваў іх падвоз з сельскай мясцовасці – яны занялі некалькі пярэдніх радоў і былі ў ліку пачэсных гасцей свята.

На яго пачатку педагогаў з прафесійным святам віншаваў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Л.М.Сцяпанаў. Ён заўважыў, што Дзень настаўніка адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка не проста так: “Тарыфікацыя састаўлена, поўным ходам пайшлі навучальны і выхаваўчы працэсы: расклад урокаў – у настаўніцкай, дзеці – у школе… Можна і адзначыць!”. Але дадаў, што для сапраўднага настаўніка прафесійным святам з’яўляецца кожны праведзены ля класнай дошкі дзень. Не згодзен ён са сцвярджэннем, што ў сучасных педагогаў няма таго аўтарытэту, які быў у іх папярэднікаў – прафесіяналы, якія жывуць сваёй справай, заўсёды ў пашане. Адным з такіх з’яўляецца метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Канстанцінаўна Турло, плённая шматгадовая дзейнасць якой адзначана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама.

Ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі педагогі ўзнагароды раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Без настаўніка не было б ні вучонага, ні рабочага, ні чыноўніка – вялікую ролю педагогаў у жыцці грамадства адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка: “Шмат дарог, але адна з галоўнейшых, калі не самая галоўная – да школьнага парога”. – Гэтыя словы выклікалі дружныя апладысменты залы – педагогі без залішняй сціпласці разумеюць – сістэма адукацыі працуе на будучыню.

Важнасць працы настаўнікаў і выхавальнікаў дашкольных устаноў адзначыла і намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч.

У гэты дзень было шмат падарункаў. Усе ветэраны акрамя станоўчых эмоцый і зараду бадзёрасці атрымалі сувеніры ад “Настаўніцкай газеты”. Каштоўнымі прызамі ўзнагароджаны аддзелы адукацыі Аршанскага і Верхнядзвінскага райвыканкамаў – педагогі гэтых раёнаў таксама сябруюць з “Настаўніцкай газетай”. А галоўны прыз – камплект мэблі для школьнага класа – упрыгожыць кабінет геаграфіі Арэхаўскай школы. На 23 педагогі тут выпісваецца 21 экзэмпляр ведамаснай газеты. Лічбы не супадаюць толькі таму, што не лагічна выпісваць па дзве газеты на сям’ю. Трэба сказаць, што настаўнікі школы цікавяцца не толькі навінамі сваёй галіны – на рахунку “чытаючага” калектыву дзясяткі экзэмпляраў рэспубліканскіх і абласных перыядычных выданняў і, канечне, “Патрыёта”. Вопытныя педагогі Васіль Ігнатавіч Карчэўскі, Людміла Вячаславаўна Міхашонак, Святлана Васільеўна Лісоўская прэсу выпісваюць і чытаюць на працягу ўсёй працяглай прафесійнай дзейнасці. А тое, што новая мэбля будзе ўстаноўлена ў “вотчыне” С.В.Лісоўскай, таксама цалкам лагічна – менавіта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце з’яўляецца галоўным арганізатарам падпісной кампаніі, тлумачыць важнасць гэтай справы для самаадукацыі маладым калегам. Таксама за паспяховую сумесную працу з “Настаўніцкай газетай” у бягучым годзе ўзнагароджаны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка, загадчык раённага вучэбна­метадычнага кабінета аддзела Галіна Пятроўна Гайко, завуч Вялікадолецкай школы Ірына Іосіфаўна Мычко.

І.Ф.Сыроўчанка таксама адзначыла некаторых са сваіх калег. Ганаровыя граматы аддзела ўручаны завучу Вяркудскай школы Галіне Васільеўне Казловай, выхавацелю ясляў­сада №3 гарпасёлка Іне Мікалаеўне Сасніной і настаўніку працы Ільюшынскай школы Дзмітрыю Пятровічу Дразду.

Мерапрыемства, якое доўжылася амаль тры гадзіны, прайшло на адным дыханні. Радавалі гледачоў сваімі выступленнямі лепшыя калектывы з розных куткоў краіны: Мінска і Ашмян, Полацка і Салігорска, Петрыкава і Дзятлава, Слаўгарада і Хойнікаў. Прыемна было, што на іх фоне (і гэта адзначылі гледачы) нічым не горш выглядалі прадстаўнікі нашай творчай інтэлігенцыі і іх выхаванцы. Ну а кульмінацыяй канцэртнай праграмы стала з’яўленне на сцэне народнай артысткі Беларусі Іны Афанасьевай, якая на Ушаччыне выступае не ўпершыню, запомніла цёплы прыём гледачоў і з задавальненнем адгукнулася на запрашэнне выступіць тут у чарговы раз.

Не шкадавалі апладысментаў педагогі – ні для артыстаў, ні для сваіх калег – шчыра радаваліся іх працоўным поспехам. Карацей кажучы, весяліліся ад душы. Менавіта так, ад душы, яны і працуюць, а яе цеплыні хапае і на вучняў, і на бацькоў, і на сваіх паплечнікаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *