Ремонт дорог, новые автобусные остановки и тротуары — это и многое другое сделано стараниями ушачских дорожников

К профессиональному празднику

Апошнія гады не самыя лёгкія для большасці прадпрыемстваў раёна. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, песімістычнага настрою напярэдадні прафесійнага свята ў філіяле Ушацкае ДРБУ­105 КУП “Віцебскаблдарбуд”, галоўнай дарожна­-будаўнічай арганізацыі раёна не дапускаюць: усе намаганні накіраваны на тое, каб з мінімальнымі стратамі пераадолець цяперашні няпросты этап.

Арганізацыя займаецца ўтрыманнем, бягучым і капітальным рамонтам больш за 600 кіламетраў аўтамабільных дарог мясцовага прызначэння. Прадметам клопату прадпрыемства з’яўляюцца таксама масты, пад’езды да некаторых могілак. На балансе арганізацыі асфальтабетонны завод і пясчаны кар’ер.

Сёлета адрамантавана 5 кіламетраў дарог – з розным пакрыццём, ідзе рамонт аб’язной гравійкі для машын з вялікай грузападымальнасцю каля Гуты. Гэтыя работы распачалі ў бягучым месяцы, асвоена тут будзе каля 50000 рублёў. За апошні год устаноўлены і два аўтобусныя прыпынкі – у Старым Сяле і Глыбачцы.

Вялікі аб’ём работы ў гэтым годзе выкананы філіялам на мемарыяльным комплексе “Прырыў”, дзе асвоена каля двух мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Па зробленых рукамі дарожнікаў пешаходных дарожках і асфальтавым пакрыцці будуць хадзіць ушачане каля фізкультурна-­аздараўленчага комплексу і новага 40­кватэрнага дома. Многія ўжо ацанілі зручнасць тратуараў на вуліцы Калінінскай. Іх будавала брыгада майстра Дзяніса Салодкіна (на здымку).Дарэчы, аб’ект яшчэ поўнасцю не завершаны, у наступным годзе тратуар будзе даведзены да канца вуліцы. 

Акрамя таго рабочыя ДРБУ­105 працуюць на будаўнічых аб’ектах гарпасёлка, добраўпарадкоўваюць вуліцы і дарогі райцэнтра, сельскіх населеных пунктаў, тэрыторыі гаспадарчых аб’ектаў, шукаюць работу і за межамі раёна. Так, напрыклад, ушацкія дарожнікі выйгралі тэндар і на працягу кастрычніка займаліся рамонтам пешаходных дарожак і ўкладкай бардзюраў у Наваполацку.

Загадзя падрыхтаваліся працаўнікі ДРБУ­105 і да зімовага сезона: гатова тэхніка, прызначаная для расчысткі і падсыпкі дарог (новай на прадпрыемстве не атрымлівалі даўно, таму для паспяховага выканання задач імкнуцца рацыянальна, беражліва выкарыстоўваць тую, што маецца), у патрэбнай колькасці назапашана пясчана­салявая сумесь.

Сёння колькасць работнікаў арганізацыі складае 60 чалавек. Ёсць у калектыве моладзь, але ў асноўным ён трымаецца на вопытных працаўніках – гэта як рабочыя, так і прадстаўнікі адміністрацыі. Яны захавалі вернасць сваёй арганізацыі і з’яўляюцца прыкладам для маладых. Ветэранамі галіны лічацца работнікі, стаж якіх налічвае дваццаць і больш гадоў. Сёлета гэтае званне прысвоена Леаніду Якусіку і Але Лодзіс. Да прафесійнага свята Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд” узнагароджаны майстар Дзяніс Салодкін, Падзяка аб’яўлена трактарысту Уладзіміру Коршуну. Па добрай традыцыі лепшых работнікаў адзначаюць і на ўзроўні прадпрыемства. Сёлета ў іх ліку Зоя Ільінова, Таццяна Цімафеева, Вольга Урбан, Андрэй Агіевіч, Дзмітрый Смаляк, Пётр Дунік, Дзяніс Асоўскі.

Ушанаванне ўсіх дастойных прадстаўнікоў калектыву, ветэранаў прадпрыемства прайшло ўчора ва ўрачыстай абстаноўцы на мерапрыемстве, прысвечаным прафесійнаму святу людзей, праца якіх заўсёды на віду.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *