Встречи руководства Ушачского района со священнослужителями стали традиционными

Общество

Сустрэчы кіраўніцтва раёна са свяшчэннаслужыцелямі напярэдадні значных хрысціянскіх святаў даўно сталі на Ушаччыне традыцыйнымі. Вось і на гэтым тыдні старшыня райвыканкама В.В.Родзіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка запрасілі да сябе святароў усіх канфесій, якія зарэгістраваны ў нашым рэгіёне. Змаглі адгукнуцца на запрашэнне благачынны раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец, настаяцель прыходу храма вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы іерэй Аляксандр Таляронак, протаіерэй царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў “Выратаванне” Пётр Лукашэвіч, пастар Евангельскай царквы “Благадаць” Айжан Сухастаўская.
Пачалася размова з абмеркавання, напэўна, самай яркай падзеі рэлігійнага жыцця Ушаччыны ў адыходзячым годзе – адкрыцця новага храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры ў г.п.Ушачы. Айцец Вячаслаў падзякаваў кіраўніцтву раёна за падтрымку, якая аказвалася на працягу ўсяго перыяду будаўніцтва. Шмат было зроблена грамадой, за ахвяраванні вернікаў, пры падтрымцы многіх арганізацый і прадпрыемстваў. Засталіся толькі работы па ўстаноўцы тут сістэмы ацяплення.
Пра тое, наколькі новы храм зараз запатрабаваны, сведчыць значнае павелічэнне колькасці яго прыхаджан – у святы і ў будныя дні не абмінаюць гэтае святое месца як ушачане, так і госці райцэнтра. “Гэта ва ўсіх сэнсах знакавы аб’ект, можна сказаць, візітная картка Ушаччыны, – адзначыў Віктар Віктаравіч. – Як, зрэшты, і ўсе культавыя будынкі раёна”.
Для таго ж, каб яны былі максімальна ўтульнымі і прыгожымі, робіцца многае. Так, па ініцыятыве кіраўніка раёна нядаўна праведзена значнае добраўпарадкаванне ля Дома малітвы евангельскіх хрысціян баптыстаў “Выратаванне”. Як расказала А.Сухастаўская, у бліжэйшых планах – устаноўка агароджы ля будынка Евангельскай царквы “Благадаць”. А айцец Аляксандр выказаў спадзяванне на будаўніцтва новага царкоўнага доміка ў Арэхаўне, што дазволіць прыходу прымаць больш вернікаў – іх колькасць у апошні час павялічваецца. Напачатку восені, напрыклад, у храме Параскевы Пятніцы адкрылася нядзельная школа, зараз яе наведваюць ужо 15 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што ўсе мы знаходзімся зараз на парозе няпростага часу, калі пераасэнсоўваюцца чалавечыя каштоўнасці. І ад таго, наколькі зладжана спрацуюць у такіх умовах дзяржаўныя інстытуты, царква, залежыць многае: адраджэнне духоўнасці, пабудова здаровага грамадства.
Падтрымала лейтматыў сустрэчы, выказаўшы спадзяванне на захаванне добрасуседства канфесій, далейшае “супрацоўніцтва” святароў і органаў мясцовай улады, старшыня райсавета Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Яна яшчэ раз падкрэсліла, што кіраўніцтва раёна заўсёды адкрыта для дыялогу і сумеснага вырашэння праблем.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *