Когда пройдут бесплатные консультации нотариуса и как использовать чеки «Жильё»

Правовая консультация

У запатрабаванасці кансультацый натарыуса сумнявацца не даводзіцца, пра што сведчаць шматлікія звароты жыхароў Ушацкага раёна да ўзгаданага спецыяліста. Таму працягваем знаёміць нашых чытачоў з найбольш актуальнымі пытаннямі і, вядома ж, адпаведнымі тлумачэннямі натарыуса натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Жанны Леанідаўны КАВАЛЕНКА.

– Прачытаў у раённай газеце “Патрыёт”, што натарыусы перыядычна праводзяць бясплатныя кансультацыі. Калі і дзе можна будзе скарыстацца такой паслугай?

Пётр Фёдаравіч.

– У бліжэйшы час запланавана правядзенне падобнай акцыі да Дня студэнтаў, ці 25 студзеня бягучага года. Бясплатную кансультацыю па любым натарыяльным пытанні змогуць атрымаць навучэнцы вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў – па прад’яўленні студэнцкага білета. Іншых акцый пакуль не запланавана. Зрэшты, знайсці такую інфармацыю заўсёды можна як у сродках масавай інфармацыі (у газеце “Патрыёт” у прыватнасці), так і на сайце Беларускай натарыяльнай палаты: www.belnotary.by. Традыцыйна такія акцыі праводзяцца напярэдадні 8 Сакавіка, 9 Мая, Дня сям’і, Дня юрыста і г.д. У залежнасці ад падзеі, да якой прымеркавана мерапрыемства, кансультацыі могуць атрымліваць ці ўсе грамадзяне, якія звярнуліся, ці асобныя катэгорыі.

Хацелася б адзначыць, што ад выплаты натарыяльнага тарыфу за аказанне паслуг прававога і тэхнічнага характару – у тым ліку кансультацыю – заўсёды вызваляюцца інваліды і ­ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Інвалідам жа I і II груп, а таксама законным прадстаўнікам асоб, прызнаных ва ўстаноўленым парадку недзеяздольнымі, якія дзейнічаюць ад іх імя і ў іх інтарэсах, – не трэба плаціць за вусную кансультацыю.

– Маці зрабіла мне дароўную на дом. Ніхто з сясцёр не супраць таго, каб пасля яе смерці жыллё дасталася менавіта мне. Але нядаўна з Расіі прыехаў старэйшы брат, ужо пенсіянер, просіць прапісаць яго. Скажыце, калі я яго гэта зраблю, ці зможа ён потым прэтэндаваць на дом?

Вольга Іванаўна.

– У тым выпадку, калі мама падарыла Вам дом, то ўжо сёння (не пасля смерці мамы!) Вы з’яўляецеся яго ўласнікам. У такім разе самі вырашаеце, ці падаваць іншым асобам, у тым ліку брату, права валодання і карыстання домам – гэта значыць, пражывання ў ім. У далейшым патрабаваць сваёй долі яны не змогуць. Права валодання і карыстання – неадчужальнае, неперадавальнае і не пераходзіць да спадчыннікаў, а таксама не з’яўляецца падставай для пражывання членаў сям’і такога грамадзяніна (за выключэннем непаўналетніх дзяцей).

– Маю чэкі “Жыллё”. Што я магу з імі зрабіць, куды выкарыстаць?

Марына Уладзіміраўна.

– Выкарыстаць імянныя прыватызацыйныя чэкі “Жыллё” могуць грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. “Укласці” іх можна ў куплю жылля, аплату першага ўзносу ў жыллёвым ці жыллёва-будаўнічым кааператыве, у долевы ўдзел у жыллёвым будаўніцтве, фінансаванне індывідуальнага ці калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыю аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, а таксама ў пагашэнне запазычанасці па крэдытах банкаў і пазыках юрыдычных асоб, узятых і выкарыстаных на любую з вышэйпералічаных мэт. Ну і, вядома ж, можаце падарыць чэкі сваім родным.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *