Зинаида Ларченко воспитала достойными людьми своих учеников, детей и растила внуков

Наш современник Наши земляки

Гэты прасторны дом па вуліцы Азёрнай у Казімірове заўсёды з гатоўнасцю расчыняе свае дзверы для гасцей. Дзіўная справа: ледзь пераступіла яго парог, як мяне ахапіла пачуццё дэжавю – быццам ужо бывала тут неаднойчы, сядзела ў гэтым крэсле ля вялікага абедзеннага стала – абсалютна па-дамашняму, падкурчыўшы ногі, каб зручней было піць мой любімы іван-чай – і размаўляла з гаспадыняй на самыя патаемныя жыццёвыя тэмы… Выпраменьвае ж гэтую магію цеплыні і ўтульнасці Зінаіда Цітаўна Ларчанка: настолькі светлы чалавек, што прыхільнасць да яе ўзнікае з першага імгнення знаёмства. Яна з той рэдкай кагорты людзей, якія абсалютна шчыра адказваюць на ўсе пытанні, нават калі яны абуджаюць не вельмі прыемныя ўспаміны…

Нарадзілася і скончыла школу Зіна ва Ушачах – вялікая сям’я Ларчанкаў жыла на льнозаводзе. А ў маляўнічае Казімірова дзяўчына трапіла па размеркаванні пасля заканчэння пед­інстытута. Выкладала беларускую мову ў Маладолецкай школе, выйшла замуж, нарадзіла сына і дачку. Але, як гэта часта бывае, сямейнае жыццё не склалася: дзяцей жанчыне давялося выхоўваць адной, а напамінам пра былога спадарожніка жыцця засталося хіба што нехарактэрнае для нашых мясцін прозвішча дзяцей – Рыталь.

Сын Вадзім знешнасцю пайшоў у маму: на абаяльнага падлетка заглядваліся дзяўчаты з усяго наваколля. Ён жа ў сямнаццаць год моцна закахаўся ў статную вясёлую прадаўшчыцу мясцовага магазіна Людмілу, якая была старэйшай за яго. А калі стала вядома, што яна чакае дзіця, маладыя ажаніліся і паехалі жыць ва Ушачы.

…Такія “хуткаспелыя” шлюбы рэдка бываюць даўгавечнымі. Не прайшоў выпрабаванне і гэты. Рамантыка першых пачуццяў хутка сышла, саступіўшы месца празе да вольнага жыцця, рэўнасці, узаемным папрокам, згубным звычкам. Не ўмацаваў адносін і цудоўны хлопчык, што з’явіўся на свет 2 жніўня і, зразумела ж, атрымаў імя Ілья. Бацькам было не да немаўляці, і Зінаідзе Цітаўне давялося ўзяць усе клопаты пра ўнука на сябе.

А сын з нявесткай тым часам вельмі хутка крочылі па слізкай нядобранадзейнай дарозе, збочыць з якой удаецца мала каму. Яна прывяла хлопца за краты, а яго спадарожніцу беззваротна зацягнула ў багну – праз некалькі год маладая жанчына трагічна загінула ад атрыманай падчас чарговай п’янкі траўмы, пакінуўшы без матчынай ласкі яшчэ адно дзіця – чатырохгадовую Лізу. Ні хвіліны не вагаючыся, Зінаіда Цітаўна ўзяла да сябе і сястрычку Ільі, аформіўшы над ёй апякунства. Для гэтага ёй нават давялося раней скончыць сваю настаўніцкую кар’еру, датэрмінова пайшоўшы на заслужаны адпачынак.

Зрэшты, менавіта ў гэты перыяд педагагічныя навыкі і вопыт спатрэбіліся жанчыне ў самым поўным аб’ёме. Новая жыхарка дома ў Казімірове аказалася вельмі няпростым дзіцем – што і нядзіўна, бо за сваё зусім яшчэ кароткае маленства дзяўчынка пабачыла ўвесь калейдаскоп дарослай жудасці. Вылечыць ужо паспеўшую ўвабраць у сябе шмат негатыву маленькую душу можна было толькі бязмежнай любоўю і вялікім цярпеннем. У гэтай справе Зінаідзе Цітаўне вельмі дапамагала прыехаўшая з Мінска дачка Юлія, якая на той момант была ў дэкрэтным водпуску пасля нараджэння сваёй дачушкі Арыны. З гатоўнасцю далучыўся да сямейнай выхаваўчай “місіі” і дзевяцігадовы Ілья, які з дарослай адказнасцю ўзяў сястрычку пад сваю апеку…

Цяпер нават не хочацца думаць, як мог бы скласціся лёс Лізы, калі б не трапіла яна восем год таму ў гэты цудоўны дом, дзе саграваюцца сэрцы. Зараз дзяўчынка з’яўляецца гонарам не толькі сваёй сям’і і Вялікадолецкай школы, у якой вучыцца, а нават усяго раёна: нядаўна мы пісалі пра яе паездку на Прэзідэнцкую ёлку – гэта пачэснае права Ліза атрымала за адметныя поспехі ў вучобе, творчасці і спорце.

“Пра такую ўнучку можна толькі марыць! – не шкадуе кампліментаў Зінаіда Цітаўна. – Паслухмяная, разумная, начытаная, а якая памочніца мне па гаспадарцы: яна і ўборку зробіць, і салаты прыгатуе, і нават кексы ў мікрахвалёўцы спячэ!” На жаль, убачыць на свае вочы ўсе гэтыя Лізіны “подзвігі” ў дзень прыезду ў Казімірова не ўдалася: дзяўчынка ўдзельнічала ў раённым этапе зімовага мнагабор’я “Здароўе”, па выніках якога, дарэчы, увайшла ў зборную каманду, што прадставіць Ушаччыну на абласным этапе спаборніцтваў. А яшчэ Ліза вельмі няблага гуляе ў настольны тэніс: у летнім доміку, што пабудаваў у двары яе тата Вадзім, маецца тэнісны стол для трэніровак. Зусім нядаўна, падчас зімовых канікулаў, тут праходзілі ўпартыя баталіі: Ліза з дваюраднай сястрычкай Арынай выяўлялі чэмпіёнку сям’і ў валоданні малой ракеткай. Дарэчы, на рахунку малодшай унучкі Зінаіды Цітаўны другое месца на леташнім чэмпіянаце Беларусі па каратэ – вось якія слаўныя ў гэтай сям’і спартыўныя традыцыі.

А ёсць яшчэ і музычныя! Пляменнік гаспадыні дома – знакаміты гітарыст, няблага іграе на гэтым інструменце Ілья, а нядаўна эстафету падхапіла і Ліза: дзяўчынка другі год наведвае дзіцячую школу мастацтваў. Тройчы на тыдзень яна адольвае няблізкі шлях у райцэнтр, каб навучыцца ігры на шасціструнцы – менавіта падчас уроку музыкі адбылася наша з ёй размова. “У Лізы выключныя здольнасці і цудоўны характар! – кажа пра сваю вучаніцу педагог Галіна Уладзіміраўна Хвошч. – Ужо зараз настойліва раю ёй абраць пасля школы прафесію, звязаную з музыкай”. Зрэшты, сама дзяўчынка з абсалютна такой жа, як і ў бабулі, шчырасцю прызналася, што марыць стаць… сцюардэсай. “Магчыма, канечне, я яшчэ перадумаю!” – з усмешкай пакінула яна сабе прастору для дзеяння. Але ж адно для мяне было несумненным: чым бы гэта дзяўчынка ні занялася ў дарослым жыцці – абавязкова будзе лепшай у той справе. Гэта ў іх таксама сямейная рыса – імкнуцца да дасканаласці і ставіць перад сабой толькі вышэйшыя мэты.

Даказвае гэта, дарэчы, і прыклад Ільі Рыталя – малады чалавек у цяперашні час заняты на самым, бадай, знакавым аб’екце нашай краіны – будаўніцтве першай беларускай атамнай электрастанцыі. Атрымаўшы пасля школы запатрабаваную прафесію кранаўшчыка, хлопец уладкаваўся ў адно са сталічных будаўніча-мантажных упраўленняў. Трэба сказаць, што для работы на АЭС спецыялісты праходзяць жорсткі адбор. Сярод патрабаванняў – высокі прафесіяналізм і выключная дысцыплінаванасць. 21-гадовы Ілья ў Астравенцы амаль з пачатку будаўніцтва і з’яўляецца адным з самых маладых прадстаўнікоў сваёй спецыяльнасці. Тым не менш за сваю работу заслужыў толькі станоўчыя водгукі кіраўніцтва. “Працаваць на гэтым аб’екце вельмі складана і адказна, – расказвае хлопец. – Уявіце сабе: дакладнасць апускання грузу падчас работ па манціраванні станцыі павінна быць у межах аднаго сантыметра!” Зараз наш зямляк разам з іншымі будаўнікамі займаецца ўзвядзеннем ахоўнай сцяны вакол рэактара атамнай станцыі.

Наўмысна так падрабязна расказала пра таленты і дасягненні ўнукаў галоўнай гераіні гэтага аповеду, каб падкрэсліць асноўную яго думку: вызначальныя рысы характару чалавека закладваюцца ў сям’і, на прыкладзе тых, хто побач. “Мы ўсе, як на адной лодцы!” – так вобразна сказаў пра сябе і сваіх блізкіх Ілья. І сапраўды, хоць жывуць яны зараз у розных кутках Беларусі, пастаянна адчуваюць роднасны клопат і дапамогу: калі Ілья падлеткам марыў пра гітару, інструмент яму падарыла Юля, а калі сёлета яе дачцэ Арыне спатрэбілася значная сума, каб паехаць за мяжу на спаборніцтвы – яе зарабіў, будуючы зрубы, Вадзім. Бо і сапраўды ўсе яны на адной сямейнай лодцы пад агульным ветразем любові. Стварыць жа гэтае трывалае судна на Азёрнай вуліцы змагла простая вясковая жанчына. З дапамогай самых надзейных матэрыялаў – дабрыні і пяшчоты, адказнасці і самаахвяравання. Пабудавала яго насуперак усім выпрабаванням і перашкодам, якія ставіў лёс.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *