Одна из старейших жительниц деревни Мосор Ольга Маркиановна Клопова воспитала не одну сотню учеников

Ветераны с нами

“Заходзьце, госцікі дарагія! Чым жа мне вас пачаставаць? – шчыра ўзрадавалася нашаму нечаканаму візіту адна са старэйшых жыхарак Мосара Вольга Маркіянаўна Клопава. – А ў мяне сёння працоўны дзень – лісце ў двары прыбрала, сучча на падпалку нарыхтавала…” Канечне, гэтыя гаспадарчыя справы зрабілі б сацыяльны работнік ці родныя, што пастаянна прыязджаюць з горада, ды толькі жанчына ўпэўнена, што і ў яе шаноўныя 90 абавязкова трэба рухацца, выконваць пасільную работу – а таму паціху, абапіраючыся на кіёчак, наводзіць парадак на падворку ля свайго невялікага акуратнага дома. Тут жа, на лавачцы, у лагодных промнях нечакана цёплага кастрычніцкага сонейка, і адбылася наша гутарка з гаспадыняй, за плячыма ў якой доўгае і няпростае жыццё.

Нарадзілася Вольга Маркіянаўна ў вёсцы Клапы, што ўваходзіць зараз у склад Судзілавіч. Яе маці была перадавым паляводам мясцовага калгаса, бацька ж меў адукацыю і займаўся бухгалтарскай справай. З самага маленства Оля і яе старэйшыя браты Міша, Вася і Пеця спазналі ўвесь цяжар сялянскай працы. У даваенных успамінах дзяўчынкі засталося і шмат светлых момантаў: напрыклад тое, як прыгожа спявала мама, а сама яна вывучылася іграць на балалайцы і вясковая моладзь запрашала маленькую музыку на свае вечарынкі.

Вайну сям’я сустрэла ва Ушачах, куды пераехала напярэдадні. Адным з самых жахлівых уражанняў перыяду акупацыі стаў для дзяўчыны масавы расстрэл яўрэяў: “Мы, падлеткі і дарослыя, назіралі за гэтым праз раку, адкуль было бачна, як фашысты гналі да могілак некалькі соцень звезеных з розных месцаў людзей, былі добра чутны стрэлы. Мой тата, які раней жыў на кватэры ў яўрэйскай сям’і, вельмі паважаў прадстаўнікоў гэтай нацыі і нават ведаў іх мову, пасля трагедыі тыдзень не мог размаўляць…”

А незадоўга да вызвалення Беларусі давялося дзяўчыне трапіць у нямецкі лагер. “Памятаю, як нас гналі ў бок Старога Лепеля, а потым – далей на захад, – прыгадвае Вольга Маркіянаўна. – Работа была цяжкая, а ў лагеры кармілі дрэнна. Аднойчы я захварэла і трапіла да нямецкага ўрача. Той паглядзеў на мае запалыя шчокі і мовіў: “Ты што такая? Трэба больш есці!” Так і не зразумела, ці то пажартаваў, ці паспачуваў… Тым часам фронт хутка набліжаўся: мы ўжо нават бачылі ў небе савецкія самалёты, і ў лагеры казалі, што, напэўна, перад адыходам немцы нас расстраляюць. Разам са мной там была суседка з трыма дочкамі, і неяк раз, калі працавалі на рамонце дарогі, мы вырашылі збегчы. Убачыўшы гэта, немец стрэліў нам услед, а потым махнуў рукой… Кінуліся мы прэч – дзе бягом, дзе паўзком, у полі сустрэлі сівога дзеда і той сказаў: “Ідзіце сцежкай да лесу, там будзе вартавы з вінтоўкай – не палохайцеся, гэта свае…” Прыйшлі да камандзіра, той загадаў нас накарміць і пакінуць у атрадзе. А хутка і савецкія войскі падышлі…”

Трэба сказаць, што сям’і Клопавых моцна пашанцавала: усе тры браты Вольгі, якія ваявалі на франтах і ў партызанскіх атрадах, засталіся жывымі. Пасля вайны дзяўчына скончыла Ушацкую школу і Віцебскі педінстытут – для будучых выкладчыкаў малодшых і сярэдніх класаў у той час існавала скарочаная двухгадовая праграма навучання. У Мосарскую школу маладую настаўніцу беларускай мовы запрасіў тагачасны дырэктар Алесь Антонавіч Карабань – меў віды не толькі на яе педагагічныя, а і на музычныя здольнасці, якія вельмі спатрэбіліся для арганізацыі канцэртаў, вечароў і іншых мерапрыемстваў. А неўзабаве ў школу прыйшоў настаўнік рускай мовы і літаратуры Канстанцін Аляксандравіч Швядко – таксама чалавек творчы, які спяваў, пісаў вершы, іграў на скрыпцы. “І, як у той песні, музыка нас звязала!” – жартуе Вольга Маркіянаўна, прыгадваючы сваё знаёмства з будучым мужам. Гэта сямейная пара ўсё жыццё прысвяціла роднай Мосарскай школе.

…“Вы былі строгім настаўнікам?” – пытаюся ў сваёй субяседніцы, і тая адмоўна круціць галавой. “Думаю, што не. Падтрымліваць парадак на занятках імкнулася, зацікавіўшы дзяцей расказам. А каб завесці каго да дырэктара ці выгнаць з уроку – дык увогуле такога не практыкавала. Калі ж нехта шумеў, проста спыняла тлумачэнне матэрыялу і ва ўпор глядзела на вучня – маўляў, усё, выказаўся? Цяпер можна працягваць? А яшчэ кіравалася вельмі важным правілам: аднолькава ставіцца да ўсіх…”

Выхаваўшы сотні вясковых вучняў, Вольга Маркіянаўна і Канстанцін Аляксандравіч нарадзілі і трох уласных дзетак. Ды толькі лёс быў да іх жорсткім: адна дзяўчынка яшчэ школьніцай памерла ад хваробы, маладым трагічна загінуў і сын. Але надзейнай апорай для матулі ў старасці з’яўляецца дачка Тамара, якая даўно кліча яе пераехаць у Мінск. Не забываюцца пра любімую бабулю і ўнукі. Апошнія два гады зіму яна праводзіць у сталіцы. “Для мяне там найлепшыя ўмовы створаны, нават культурная праграма ладзіцца – пабывала ў тэатрах, на канцэртах “Песняроў”, “Бяседы”, – расказвае Вольга Маркіянаўна і дадае, што ў горадзе, канечне, добра, ды ў родным Мосары ўсё роўна лепш. Сёлета на яе 90-гадовы юбілей блізкія заказалі святочны торт у форме кнігі – сімвала ведаў, якімі Вольга Маркіянаўна ўсё жыццё дзялілася з вучнямі. Нам жа ў эпілогу гэтага аповеду хочацца пажадаць, каб у жыццёвай кнізе яго гераіні аказалася яшчэ нямала цікавых і змястоўных старонак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *