Около 40 тысяч цветов украсят этим летом общественные места Ушач

Общество

Каля сарака тысяч кветак складуць сёлета каляровыя кампазіцыі ў грамадскіх месцах Ушач і будуць радаваць вока жыхароў і гасцей райцэнтра.

Пасля выдалення старых дрэў светлым і прасторным стаў сквер з фантанам ля скрыжавання галоўных вуліц, а таму кветнікі зоймуць тут яшчэ большую плошчу. Як звычайна на працягу ўсяго лета тут будуць стракацець некалькі відаў аксамітак – адной з самых папулярных у азеляніцеляў аднагадовых кветак. Уплятуцца ў карункі і разам з маладымі туямі складуць адзіную кампазіцыю сквера сальвіі і астры, агератум і вербена, фуксія і бягонія, геліятроп і гацанія. Яркімі фарбамі будзе сустракаць падарожнікаў кветнік ля галоўнага ўязнога знака ў гарпасёлак. Як заўсёды прадуманая палітра красак аздобіць выгляд нашай цэнтральнай плошчы, парадуе вока адмысловы кветнік ля будынка загса.

Традыцыйна за ўсім гэтым хараством стаіць карпатлівая праца і дызайнерскі густ рабочай зялёнага будаўніцтва Ушацкага УП ЖКГ Святланы Васільеўны Ісаевай. Гэтая жанчына ведае пра расліны ўсё і шчыра клапоціцца пра іх. “У гарадах расаду пачынаюць вырошчваць у спецыяльных памяшканнях яшчэ ў снежні, у нас жа такіх умоў няма. У маім распараджэнні – толькі маленькая цяплічка 3 на 6 метраў, абсталяваная ў будынку цэнтральнай кацельні. У сакавіку там ужо падрасталі расліны, ну а астатнюю расаду як звычайна вырошчвала ва ўласным парнічку ля дома”, – расказвае С.Ісаева. Даведаліся ад яе і пра тое, што ў будынку РКБА ёсць пакойчык, дзе захоўваюцца мнагалетнікі – бегонія, напрыклад, павінна зімаваць у халаднаватым і светлым памяшканні, таму ў пакоі круглыя суткі гарыць святло.

Вядома ж, высадзіць, паліць, прапалоць адной усе кветкі проста фізічна немагчыма, таму пры патрэбе да Святланы Васільеўны далучаюцца памагатыя – рабочыя па добраўпарадкаванні камунгаса Галіна Маскаленка, Сняжана Спірыдонава, Наталля Роўба і іншыя. Ну а на традыцыйнае пажаданне моцнага здароўя напрыканцы нашай размовы С.Ісаева ўсміхнулася: “Дык я з пачатку эпідэміі нават думкі дрэнныя ад сябе адганяла, бо ніяк нельга мне хварэць – горад жа застанецца без кветак!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *