Черничный сезон короткий, но прибыльный. Как ушачане зарабатывают в лесу?

Общество

Любоў Іванаўну Гарыслаўку і Валянціну Пятроўну Міцкевіч (на здымку) сустрэла на выездзе з лесу. Хоць і правялі ў ім жанчыны паўдня, выглядалі абсалютна нястомленымі і шчаслівымі. Вярталіся з неблагім “уловам”, які надзейна замацавалі на рулі сваіх веласіпедаў. Больш таго, і бялюткая майка засталася незапэцканай, ды і рукі сінімі не былі.

– Мы ж калі збіраем, не ласуемся, у руках камбайн – таму і чыстыя. Толькі другі дзень, як выбраліся ў лес. Учора ірвалі рукамі, для сябе. Але прачулі, што прымаюць і неперабраную, з-пад камбайнаў, таму сёння па 15 літраў сабралі выключна на здачу, на якой мяркуем падзарабіць. Прымаюць як на выездзе з лесу, так і ва Ушачах і Кавалеўшчыне – здаць не праблема, а камбайнам збіраць намнога выгадней.

Так, чарнічны сезон штогод становіцца крыніцай заробкаў для многіх ушачан – і неблагой, асабліва ў такі год, як сёлета, калі ягада ўрадзіла. Напрыклад, муж з жонкай за тыя ж пяць гадзін назбіралі 40 кілаграмаў і зарабілі 120 рублёў. Ды нават калі 30, як лёгка атрымалася ва Уладзіміра Скрабатуна, гэта таксама вельмі неблагі заробак. І гэта яшчэ пры кошце тры рублі, які зараз істотна падняўся і мяняецца лічы штодня.

Пункты прыёму чарніц існуюць ва ўсіх магазінах Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, аднак больш гібка працуюць камерсанты, павышаючы кошт у залежнасці ад прапаноў канкурэнтаў. Іх прыёмшчыкі працуюць ва ўсіх “чарнічных” вёсках, як Матырына, Касары ці Сарочына, і нават не па адным. Цана на ягаду істотна розніцца: ад 2.60 да 3.80 неперабранай, па 3.50 – чыстай, толькі да мікрааўтобуса з такой прапановай ніхто не падыходзіў. Ды і на рынку ягады было няшмат. Па чатыры рублі за кілаграм, адзінае вядзерца хутка перайшло да новага ўладальніка.

– Нявыгадна пакуль пры такіх суадносінах цэн прадаваць чыстую. Пакуль пераберыш, потым пастаіш на рынку – купяць ці не, нявядома. Таму мы з мужам адразу здаём з-пад камбайнаў, – гаворыць Галіна Мацвееўна Балабоўкіна. – За чатыры гадзіны збіраем 20 літраў, а гэта 70 рублёў – неблагі дадатак да пенсіі.

Вольга Караленка.

 

Факт

  • Афіцыйных тэрмінаў збору чарніц не існуе, ёсць прагнозныя, што складаюцца на падставе шматгадовых назіранняў. У кожнай вобласці яны адрозніваюцца. Па словах начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіла Аляксандравіча ШУКА па Віцебскай вобласці на 2020 яны наступныя: чарніцы – 3 ліпеня, брусніцы – 14 жніўня, журавіны – 6 верасня. Пра тэрміны афіцыйнага дазволу збору брусніц і журавін мы паведамім пазней.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *