Рекордные для Ушачского района привесы удаётся получать оператору по обслуживании свиней производственного участка «Слобода» ЗАО «Витебскагропродукт» Александру Долгому

Экономика и малый бизнес

– Наколькі паменшацца прывагі, пакуль мы з вамі будзем гутарыць? – жартам пытаюся ў аператара па абслугоўванні свіней вытворчага ўчастка “Слабада” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Аляксандра Уладзіміравіча Долгага, які выйшаў да мяне на прахадную. І чую абсалютна сур’ёзнае: “Дык мяне ў гэты час начальнік Наталля Уладзіміраўна Бачалянкова падмяняе”.

Ад майго здзіўлення павісла нядоўгая паўза, якую хутка перарваў аператар: “Так, у нас не бывае вольных хвілін, цэлы дзень на нагах. Перапынак на абед і два перакуры, калі хто курыць. А астатні час у станках свінарніка. Падапечных жа амаль 2 тысячы галоў і трэба, каб у кармушках пастаянна ляжаў корм».

Так А.Долгі і адказаў, якім чынам парсючкі за дзень прыбаўляюць амаль на кілаграм. Хаця комплекс поўнасцю механізаваны і камбікорм аўтаматычна сыплецца ў кармушку – варта толькі датыкнуцца лычом да дазатара, тым не менш у кожным адсеку ўстаноўлена некалькі дадатковых карыт, каб 60 гадаванцаў не перашкаджалі адзін аднаму і мелі доступ да ежы. А за ноч, не гаворачы пра раскладзеную “вячэру”, кожны бункер менее прыкладна на паўтары-дзве тоны.

– Канечне, бывае, наядаюцца і кладуцца, аднак толькі групамі, так што кармушкі пастаянна заняты і да дазатара яшчэ дабрацца трэба, калі раніцай прыходзіш, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – Мінімум дзве гадзіны займае першы абход, гэта калі не аказалася хворых і не давялося дастаўляць іх да ветэрынара. “Бальнічныя” ў свіней звязаны пераважна з няшчаснымі выпадкамі, у станку іх многа, штурхаюцца, вось і ламаюць ногі. А пасля таго, як карыты запоўнены, пачынаецца чыстка ўсіх 26 загонаў. Потым – чарговае кармленне.

Паведаміў А.Долгі і пра свой пастаянны атрыбут. Вядро, шуфлік для засыпкі камбікорму… і абавязкова прут. Гадаванцы ж шустрыя, асабліва задзірыстыя “дзюркі”, якія імкнуцца ўхапіць за ногі. Вось і прывучае да розг з маленства – двухмесячнага ўзросту, як прымае групу.

Аляксандр Уладзіміравіч на ўчастку “Слабада” толькі з ліпеня. Аднак навічком у свінагадоўлі не з’яўляецца. Амаль дваццаць гадоў адпрацаваў на комплексе “Сарочына” аператарам, асемянатарам, слесарам, ведае пра гадаванцаў і абсталяванне, здавалася б, усё. Да фізічнай працы прывыкшы, узрост – у самым росквіце, і ўсё ж першы тыдзень вельмі стамляўся: гудзела ўсё цела. Але не толькі хутка ўцягнуўся, а і па сваім першым “выпуску” атрымаў рэкордныя па сектары прывагі ў 930 грамаў.

– Ён вельмі адказны, працалюбівы, – тлумачыць Н.Бачалянкова сакрэт лідарства. – Ды ў нас усе такія, а прывагі астатніх аператараў адрозніваюцца ўсяго на 20-30 грамаў. Заробкі практычна ўсіх залежаць ад прываг, таму абавязкова дапамагаем адзін аднаму, і мне таксама не сорамна ўзяць у рукі вядро.

“Імкнуся ўсё паспець, добрыя ў нас і падменныя, наогул калектыў цудоўны, – дадае А.Долгі. – Кормяць, да работы прывозяць і адвозяць, вопратка кожны дзень памытая… Што яшчэ трэба? Канечне, зарплата, якая ў мяне зараз у разы чатыры вышэй, чым апошнія тры гады на паўстаўкі на водаканале. Свіней трымаць дома ў Арэхаўне толькі нельга, дык мы гэтага і не рабілі, тым больш што можна ўзяць як мясам, так і гатовай прадукцыяй у “Мясной лаўцы”, што належыць нашаму галаўному прадпрыемству. Літаральна ўсе задаволены, што з’явіўся такі аб’ект і новыя працоўныя месцы”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *