На Ушаччине прошёл районный этап республиканского семейного сельскохозяйственного проекта «Властелин села-2021»

Общество

Ці змаглі б вы распілаваць бервяно і насекчы дроў за некалькі хвілін? А на вачах у мноства людзей на хуткасць заплесці касу і перабраць крупы? Удзельнікі раённага этапу рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2021”, які праходзіў на Ушаччыне на мінулым тыдні, з гэтымі і іншымі іспытамі справіліся на “ўра”.

Раённы конкурс сёлета прымаў аграгарадок Глыбачка, а яго ўдзельнікамі сталі дзве сям’і – Лабэцкіх з Ільюшына і Баранавых з Арэхаўна. Трэба адзначыць, што абедзве сям’і вельмі хваляваліся, але расказалі пра сябе ў конкурсе візітак вельмі проста і шчыра.

Андрэй і Таццяна Лабэцкія разам ужо 10 гадоў, у сям’і выхоўваюцца сыночкі Мікіта і Ягор. “Моладзь імкнецца ў горад, а мы вырашылі застацца на малой радзіме і пабудаваць тут свой дом. Гледзячы, як нашы бацькі, бабулі і дзядулі шмат працавалі на зямлі, таксама не адмовіліся ад агарода і падсобнай гаспадаркі, у якой карова, свінні, птушка. Канечне, шмат на сваёй сядзібе спраў, але мы работы не баімся. Адпачынак заўсёды ладзім разам, напрыклад, перыядычна выязджаем на прыроду, паказваем дзецям прыгожыя месцы раёна, сярод якіх і мемарыяльны комплекс “Прарыў”. А як смачна гатуе наша мама, вы можаце ацаніць самі”, – расказваў галава сямейства, працаўнік ААТ “Ільюшынскі” і запрашаў усіх да загадзя падрыхтаванага стала. Гэта было дамашняе заданне – прадэманстраваць свае кулінарныя ці творчыя здольнасці. Любімай стравай, як высветлілася, у Лабэцкіх з’яўляюцца клёцкі. Смачнымі ў Таццяны заўсёды атрымліваюцца дранікі і булачкі, запечаная рыба, а колькі нарыхтовак на зіму робіць маладая жанчына, нягледзячы на занятасць з маленькімі дзецьмі ў дэкрэтным адпачынку!

А вось Крысціна Баранава ўразіла ўсіх сваімі творчымі здольнасцямі. Яна без праблем звяжа любую рэч для мужа і дзетак, а яшчэ захапляецца вышыўкай крыжыкам. Іконы, пейзажы і многае іншае ў яе выкананні атрымліваецца проста бездакорна. Захапленне Крысціны падтрымлівае муж Аляксей, які працуе ва ўпраўленні райсельгасхарча, а таксама дзеткі Ксюша і Глеб. У вольны час сям’я любіць разам падарожнічаць, ездзіць на экскурсіі.

Падрыхтаваныя арганізатарамі – райкамам БРСМ, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – іспыты былі падабраны такім чынам, каб журы магло ацаніць здольнасці маладых людзей у вядзенні традыцыйнай хатняй гаспадаркі, характэрнай для беларускай вёскі. Так, напрыклад, конкурс “Па дровы” меў на ўвазе хуткую распілоўку, колку і складванне дроў. З гэтай задачай вельмі хутка справілася ільюшынская сям’я. “Без дроў на вёсцы не абыдзешся, а таму гэтае заданне для нас лёгкае!” – патлумачыў поспех Андрэй Лабэцкі.

Рэспубліканскі сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла” рэалізуецца ў нашай краіне з 2008 года. У ім прымаюць удзел маладыя сем’і з дзецьмі, якія пражываюць у сельскай мясцовасці не менш трох гадоў.

Вясёлай атрымалася сямейная эстафета, самымі цікавымі момантамі якой аказаліся бег на трох нагах, а таксама спавіванне лялькі. На хуткасць перабіралі ўдзельнікі крупы. Сапраўдным выпрабаваннем для моцнай паловы стала заплятанне касы на доўгіх валасах. “Прыходзіцца калі-небудзь маму падмяняць і рабіць касічкі. Таму гэтае заданне не спужала”, – адзначыў Аляксей Баранаў. Зрэшты, не горш справіўся з гэтым і яго сапернік, хоць дачушкі пакуль у сям’і і няма. Паўдзельнічалі ў асобным конкурсе і дзеці, паспяхова перабраўшы бульбу і цыбулю. Прайшоўшы ўсе іспыты, сем’і прызналіся, што складана ім не было – яшчэ б столькі прайшлі, загартоўка дазваляе!

Як і мае быць конкурсу – трэба выбіраць пераможцу. Абедзве сям’і атрымалі падарункі, але вікторыю ў выніку святкавалі Лабэцкія. “Праект “Уладар сяла” накіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчай працы і быту, фарміраванне ў моладзі пазітыўнага стаўлення да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на вёсцы. Дастойныя, прыгожыя, вы – малайцы! Жадаю, каб у вас заўсёды было ўзаемаразуменне, павага, давер, каб радаваў дзіцячы смех, у доме панавала добрае надвор’е”, – падводзячы вынікі, казаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня журы конкурсу Пётр Аляксандравіч Алексяёнак.

Сям’я Андрэя і Таццяны Лабэцкіх тым часам рыхтуецца прыняць удзел у абласным этапе конкурсу, які пройдзе на наступным тыдні ў Паставах.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *