Жители Глыбочки Ирина и Василий Литвины — хозяева замечательные

Общество

Ужо сам адрас дома сям’і Літвін – Цэнтральная, 3 – сведчыць аб тым, што іх сядзіба стаіць на віду і спыняе на ёй погляд літаральна кожны, хто ўязджае ў Глыбачку. Але нават і без гэтага “стымулу” Ірына Іванаўна і Васіль Васільевіч, канечне, трымалі б свой падворак у належным стане: людзі яны руплівыя і не церпяць вакол сябе беспарадку – прычым, у любым яго праяўленні.

У афармленні іх прыдамавой тэрыторыі няма нічога звышнатуральнага, але з густам зробленыя кветнікі з каменным аздабленнем, любімыя гаспадыняй шматлікія лілеі і ружы, дэкаратыўныя дрэўцы і кусты, высаджаныя перад домам, ствараюць прывабны вобраз – і невыпадкова летась гэта сядзіба была прызнана лепшай у сельсавеце на раённым конкурсе па добраўпарадкаванні.

Хоць і не карэнныя яны глыбачанцы, але жывуць у населеным пункце ужо 40 год: тут у штодзённай працы мінаюць будні, нарадзіліся і выраслі дзеці – і, канечне, гэтыя мясціны даўно сталі роднымі. Прыехалі ж у Глыбачку ў пачатку 80-х, калі цэнтральная сядзіба перадавой гаспадаркі актыўна развівалася і будавалася. Маладой ушацкай сям’і прапанавалі тут жыллё – прасторны калгасны дом, які яны пазней прыватызавалі. Васілю даручылі ГАЗ-53, на якім ён развозіў работнікаў па шматлікіх аб’ектах, Ірыну цёпла прынялі ў калектыве сельскай бальніцы.

Абое былі з дзяцінства прывучаны да працы. Сям’я хлопца жыла ў Сорзаве, трымала шмат жывёлы. “І зараз памятаю, як перад навальніцай складаў з дарослымі сена ў капешкі – працавалі ў шалёным тэмпе, бо калі не паспееш – гэта ж будзе катастрофа! Увогуле па гаспадарцы рабіў усё хутка і спрытна, бо хацелася пагуляць з сябрамі ў футбол ці хакей – зімой мы заўсёды ладзілі пляцоўку на бліжэйшым возеры Камароўка. А ў старэйшых класах “захварэў” валейболам – каманда Кубліцкай школы на чале з нашым настаўнікам Аляксандрам Іванавічам Селівёнкам тады была мацнейшай у раёне, і я штодня заставаўся пасля ўрокаў на трэніроўкі, а вечарам пешшу ішоў у Сорзава. І зараз лічу, што менавіта спорт і фізічная праца падрыхтавалі мяне да дарослага жыцця”, – разважае В.Літвін.

А вось яго будучая жонка прыехала на Ушаччыну з Казахстана, дзе бацькі ўзнімалі Цаліну: дзяўчынка была хваравітая і ўрачы параілі тэрмінова змяніць клімат. У хірургіі райбальніцы выпускніца медвучылішча адпрацавала паўтара года – пакуль сяброўка, з якой жылі на кватэры, не пазнаёміла з сімпатычным вясёлым вадзіцелем паштовай машыны, які адразу пакарыў яе сэрца.

Пасля пераезду, як і прынята на сяле, маладая сям’я завяла гаспадарку: трымалі па дзве каровы, цялят, авечак, свіней, птушку. З маленства спрытнымі ў працы раслі і дзеці. “У часы, калі кожнаму двару размяркоўвалі па 20 сотак саўгасных буракоў, мы спраўляліся з праполкай хутчэй за ўсіх, – прыгадвае Васіль Васільевіч. – Суседзі нават зайздросцілі, маўляў, вашы хлопчыкі хоць яшчэ малыя, а працуюць, як дарослыя”. Сыны выраслі адказнымі і ўмелымі: Дзяніс зараз жыве ў горадзе, ён ужо мнагадзетны тата, а Ігар прыехаў да бацькоў, дапамагае па гаспадарцы, актыўна прыкладае руку да аздаблення сядзібы і нават вырошчвае з галінак маладыя туйкі.

Гады праляцелі хутка. Гаспадар большую іх частку шчыраваў у сельгаспрадпрыемстве, быў узнагароджаны медалём ВДНГ, працаваў таксама рабочым у бальніцы, а зараз на пенсіі. А вось Ірына Іванаўна, хоць таксама магла б ужо адпачываць, з любімай работай ніяк не развітаецца. “Больш 40 год у гэтай бальніцы, за такі час роднымі сталі не толькі калегі, а і хворыя! Вось і наш урач Ганна Сямёнаўна Прыходзька ўжо двойчы спрабавала завяршыць кар’еру і штораз не вытрымлівала, паддавалася ўгаворам і зноў вярталася на работу!” – адзначае І.Літвін. Сама ж яна настолькі хварэе за справу, што нават у водпуску ледзь не кожны дзень заглядала ў бальніцу, каб праведаць сваіх бабуль і дзядуляў. Зараз на сацыяльных ложках установы знаходзіцца 13 чалавек, 9 з іх – ляжачыя, а адна 97-гадовая пацыентка тут ужо з 2010-га – добры догляд, рэжым, цёплыя адносіны персаналу аблягчаюць іх стан і падаўжаюць жыццё.

Апошні год працаваць медыкам давялося ў асаблівым рэжыме, не засцераглася ад каранавіруса і Ірына Іванаўна, і вельмі ўдзячная калегам з інфекцыйнага аддзялення райбальніцы, якія дапамаглі адолець хваробу. А як толькі пачалася вакцынацыя – зрабіла прышчэпку. У Глыбачцы ўвогуле людзі ў гэтым плане свядомыя: па словах медсястры, у адзін з панядзелкаў прышчапляцца прыйшло аж 30 чалавек. Яшчэ вясной правакцынаваўся і Васіль Васільевіч. “З дзяцінства меў праблемы з лёгкімі і разумею, што хваробу магу не перанесці. А ўвогуле ўпэўнены, што без пагалоўнай вакцынацыі пандэмію мы не спынім, і тыя, хто не згаджаецца, перашкаджаюць грамадству ствараць калектыўны імунітэт. Таму меры “заахвочвання” асабіста я б зрабіў больш суровымі”, – разважае мужчына.

Шмат якія тэмы абмеркавалі мы з сям’ёй Літвін на іх утульным падворку – яны ж не толькі гаспадары цудоўныя, а і субяседнікі цікавыя. Звычайныя сумленныя і сціплыя вяскоўцы, на якіх, зрэшты, і трымаецца наша зямля.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *