Белорусский союз женщин отметил свой 30-летний юбилей. Лучшие представительницы награждены грамотами

Общество

Вось ужо тры дзясяткі гадоў Беларускі саюз жанчын аб’ядноўвае ініцыятыўных, мэтанакіраваных і неабыякавых прадстаўніц прыгожага полу. За гэтыя гады актывісткі грамадскага аб’яднання правялі тысячы мерапрыемстваў і акцый рознай накіраванасці, дапамаглі сотням тысяч людзей. Напрамкі дзейнасці арганізацыі ахопліваюць практычна ўсе сферы жыццядзейнасці беларускага грамадства. Бо каму, як не жанчынам, лепш за ўсё ведаць, дзе і калі патрэбна дапамога.

А.Міранкова, А.Пашковіч.

30 гадоў – 30 добрых спраў

Праект пад такой назвай у юбілейны год рэалізоўвала раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын сумесна з пярвічкай тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Хаця зразумела, што добрыя справы робяцца не толькі ў гэтым годзе, і не адной пярвічкай. Іх адназначна больш чым 30. Так, напрыклад, у рамках рэспубліканскіх акцый “Беларусь памятае. Жаночы твар Перамогі”, “Мы віншуем вас, баявыя сяброўкі” актывісткі саюза сумесна з раённай арганізацыяй “Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа” наведалі жанчын-ветэранаў вайны, парадаваўшы іх не толькі падарункамі, а і сваёй увагай.

Да Дня абароны дзяцей гульнявыя пляцоўкі ў гарадскім скверы набылі новы выгляд, дзякуючы старанням актывістаў саюза жанчын і прафсаюзаў. За спонсарскія сродкі пярвічкі “Белаграпрамбанка” быў набыты неабходны для справы матэрыял.

Актывісткі пярвічкі бібліятэчнай сістэмы наведваюць ветэранаў.

А напярэдадні новага навучальнага года раённая арганізацыя дапамагла сабраць партфель у школу мнагадзетнай сям’і з Казімірова, закупіўшы сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў не толькі ранцы, а і пісьмовыя прылады, а таксама пачастункі.

Сёння аб’яднанне налічвае больш за 143 тысячы чалавек – пярвічныя, раённыя, гарадскія, абласныя арганізацыі ёсць па ўсёй краіне.

У рамках акцыі “Дзень народнага адзінства – дзень добрых спраў” актывісткі Беларускага саюза жанчын накіраваліся да ветэранаў працы, інвалідаў, каб аказаць пасільную дапамогу па доме і на прысядзібным участку, перадаць гуманітарную дапамогу. Ніколі не застаецца ўбаку БСЖ ад раённых мерапрыемстваў, прафесійных святаў: падарункі сёлета, напрыклад, атрымалі медыкі, удзельнікі раённага конкурсу, прымеркаванага да Дня сям’і, мнагадзетныя маці з пярвічкі ТЦСАН, мама і выкладчык нашай юнай зорачкі Надзеі Раманоўскай. Актыўна ўключыліся актывісткі БСЖ і ў інфармацыйную работу па прафілактыцы распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, вакцынацыі.

Асобна хочацца вылучыць работу раённай арганізацыі па добраўпарадкаванні Ушаччыны. Менавіта БСЖ стаў ініцыятарам экалагічнай акцыі, прымеркаванай да Года народнага адзінства. Да вялікага суботніка па азеляненні гарпасёлка далучыліся грамадскія арганізацыі раёна на чале са сваімі кіраўнікамі. Старшыня раённай арганізацыі БСЖ Алена Пашковіч акумулявала грашовыя сродкі ўсіх удзельнікаў, а гэта больш за 600 рублёў, якія накіраваны на набыццё дэкаратыўных вечназялёных раслін-туй, ядлоўцаў. Іх набыта і пасаджана больш за 100 штук. Многія з іх упрыгожылі тэрыторыю ля новай дзіцячай школы мастацтваў. На азеляненне вакол РДК членскія ўзносы вырашылі накіраваць і жанчыны пярвічкі раённага цэнтра культуры. Акрамя гэтага, больш чым на 250 рублёў набылі пасадачны матэрыял для ўпрыгожання тэрыторыі аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў у Вяркудах. Заквітнеюць цюльпаны і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. І гэта далёка не ўвесь пералік спраў, якія і надалей будуць рабіць самыя актыўныя жанчыны Ушаччыны.

Жывуць клопатамі краіны

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю з дня ўтварэння грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” 4 снежня адбылося ў Палацы Рэспублікі з удзелам прадстаўніц БСЖ з усіх рэгіёнаў краіны. У іх ліку была і старшыня Ушацкай раённай арганізацыі Алена Пашковіч. Падчас сустрэчы адбылося ўзнагароджанне і ўшанаванне лепшых прадстаўніц БСЖ, ветэранаў жаночага руху. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, звяртаючыся да членаў саюза, падкрэсліла, што арганізацыя пачала сваю працу практычна з моманту станаўлення нашай маладой краіны: “За гэтыя гады яна ператварылася ў грамадскі рух, які ведаюць па тых справах і ініцыятывах, лепшых якасцях, якія праяўляюць нашы жанчыны. БСЖ аб’ядноўвае разумных, таленавітых, крэатыўных прадстаўніц з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Мы адзіныя і жывём праблемамі і клопатамі нашай краіны”. Добрыя словы ў адрас актывістак гучалі таксама ад віцэ-прэм’ера І.Петрышэнка, прадстаўнікоў міністэрстваў і арганізацый.

Падчас азелянення ў Вяркудах.

“Мы сябе бачым там, дзе патрэбны салідарнасць і падтрымка. Дзесьці гэта фінансавая дапамога, а дзесьці і проста добрае слова. Гэта і ёсць Беларускі саюз жанчын”, – падкрэсліла старшыня БСЖ Алена Богдан”. Свае віншаванні грамадскаму аб’яднанню даслаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

На гэтым тыдні ўрачыстае мерапрыемства з нагоды юбілею арганізацыі прайшло і ў Віцебску. Лепшыя прадстаўніцы жаночага руху вобласці былі адзначаны ўзнагародамі. Так, Ганаровая грамата Беларускага саюза жанчын уручана старшыні Ушацкага раённай арганізацыі Алене Пашковіч, а старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання райбальніцы Анжаліка Міранкова атрымала Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *