В ЖКХ и ДРСУ-105 работают круглосуточно для обеспечения комфорта на дорогах и тротуарах

Общество

Як падымаюцца ў тры гадзіны раніцы і не засынаюць за рулём – пыталася ў кожнага вадзіцеля камунгаса і ДРБУ-105 – і чула адзін і той жа адказ: “Выратоўвае кава, з сабой абавязкова тэрмас”. Ну а пад’ёмы бываюць розныя. “Здараецца, што і будзім, калі будзільнік не спрацаваў, ці чалавек ад стомы яго машынальна адключыў, – кажа галоўны інжынер ДРБУ-105 Андрэй Міхайлавіч Агіевіч. – Людзі ж не жалезныя, а нагрузка ў зімовы час на вадзіцелях намнога большая. Аднак здараецца такое вельмі-вельмі рэдка. Арганізм прыстасоўваецца да начнога рэжыму”.

А.Бародзіч.

Шчыра кажучы, сустрэць днём на прадпрыемстве тых, дзякуючы каму дарогі расчышчаны і пасыпаны да таго, як у рэйс накіруецца першы аўтобус, не спадзявалася. Меркавала, што работнікі адсыпаюцца. Аказалася, што ўсе на працоўных месцах – змена доўжыцца 12 гадзін. На тэрыторыі мехдвара прадпрыемства сустрэла толькі Аляксандра Анатольевіча Селівёнка, які на сваім МТЗ-1282 быў задзейнічаны на падвозцы дроў, і Андрэя Міхайлавіча Шчэрбіка, што рамантаваў МАЗ. Увогуле ж, каб вадзіцелям і пешаходам было зручна, штодня, а дакладней, штоноч на абслугоўванне 610 кіламетраў дарог накіроўваецца тры “пескача” – так называюць МАЗы з лапатай і раскідвальнікам сумесі, сем трактароў і аўтагрэйдар.

“Ці падзяляецца раён па меры заснежанасці”? – пытаюся ў А.Селівёнка. Механізатар зазначае, што ў апошні снегапад гурбы намяло ў кубліцкім баку, а вось пасля Новага года больш снегу аказалася ў глыбачанскім. “Вылучыць нейкі бок немагчыма, ападкі непрадказальны, а вось дакладна можна зазначыць, што апошнім часам зімы не такія снежныя, як раней. Памятаю часы, калі лапатамі масу не маглі зрушыць, таму задзейнічалі коўш і ўбіралі з дарогі лішняе покрыва”, – дадае А.Агіевіч.

А.Шчэрбік.

Калі дні снежныя, як у пятніцу, то задзейнічаны літаральна ўсе адзінкі, калі не ішоў некалькі дзён, то на падсыпцы частка тэхнікі, а некаторыя хлопцы заняты і на іншых работах. Як, напрыклад, у панядзелак Юрый Александровіч. На асфальтабетонным заводзе ў летні сезон ён “варыць” асфальт, увосень рыхтуе сумесь, якой і загружаў у панядзелак МАЗы.

Круглыя суткі заняты на расчыстцы дарог на Віцебск і Докшыцы МАЗ ДЭУ №37, на якім пазменна працуюць Станіслаў Малахаў і Сяргей Мялешка, якім на МТЗ дапамагаюць Валерый Баеў, Рыгор Шарамет і Аляксандр Шараг.

Пасыпаюцца дарогі толькі расчышчаныя, таму гэты від работ больш часазатратны. У камунгасе, каб крыху разгрузіць хлопцаў, падсыпку ажыццяўляюць па чарзе. Але гэта не азначае, што адпачываюць. Трэба падвезці паліва на кацельні ці разгрузіць яго з высокіх штабеляў, аб’ехаць кантэйнерныя пляцоўкі, дзе людзі пакінулі буйнагабарытнае смецце, падмяніць калегу на час непрацаздольнасці. Вось у панядзелак і гаспадарыў за Амкадорам на пагрузцы шчапы Андрэй Бародзіч. Паколькі дзень выдаўся няснежны, выехаў на пагрузку шчапы звычайным ранкам, а не пасля начнога аб’езду вуліц. Дзе знаходзяцца самыя маленькія завулкі, хлопец ведае выдатна, паколькі працуе на прадпрыемстве ўжо чацвёрты год.

А.Селівёнак.

Наогул працоўны дзень у камунальнікаў можа пачынацца нават раней, чым у 3 ночы. У дзень на адпачынак застаецца ўсяго некалькі гадзін, потым вячэрні аб’езд вуліц, зноў “паўза” і начны пад’ём. Выратоўвае загартоўка і маладосць – на 5 трактарах у райцэнтры і трох на раёне, заняты механізатары рознага ўзросту. Па сельсаветах расчыстка праходзіць у адпаведнасці з заяўкамі, пададзенымі сельвыканкамамі. Менавіта туды трэба звяртацца людзям, калі існуюць праблемы. Што датычыцца Ушач, то многія сёлета адзначаюць вельмі своечасовую і годную расчыстку і дарог, і тратуараў. Падзякі ў адрас камунальнікаў паступалі як у рэдакцыю, так і непасрэдна на прадпрыемства. “Нядаўна, напрыклад, тэлефанавалі з Камсамольскай,4 і хвалілі за выдатную ўборку снегу дваровай тэрыторыі персанальна Віктара Сіротку, – кажа запраўшчык камунгаса. – Аднак выдатна працуюць літаральна ўсе нашы хлопцы. А з 25 снежня, дарэчы, без выхадных”.

Дарэчы: За змену ў ДРБУ-105 разыходзіцца 40 тон сумесі, за месяц – 500, а за зімовы перыяд – звыш 2 тысяч тон. Ёсць асаблівасці і ў прыгатаванні. Напрыклад, на асфальтавае пакрыццё гравій і соль ідзе ў прапорцыі 3 да 1, а на гравійках – 19 да 1.

Аднак не толькі падзякі чуюць работнікі. Хапае і скарг, маўляў, чаму нашу вуліцу чысцяць не ў першую чаргу ці наогул патрабуюць “разабрацца” з участкамі, якія не адносяцца да зоны абслугоўвання камунгаса. Як нам патлумачыла намеснік дырэктара УП ЖКГ Вольга Віктараўна Шчэрбік, вуліцы чысцяцца згодна з графікам – ёсць першачарговыя – цэнтральныя, тыя, дзе знаходзяцца прадпрыемствы, потым маленькія, а вось тэрыторыю ля службовых будынкаў павінны чысціць ад снегу і наледзі ўласнікі. І немагчыма гэтага зрабіць на ўчастках, дзе стаяць машыны прыватнікаў.

А наогул нам трэба быць крыху больш цярплівымі і часцей казаць “дзякуй” работнікам, якія ствараюць кафморт на дарогах і тратуарах. Яны сапраўды гэтага заслугоўваюць.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *