Профессиональный праздник отмечают работники землеустроительной и картографо-геодезической службы

К профессиональному празднику Общество

Развіццё грамадства ва ўсе часы было звязана з зямлёй, якая і цяпер застаецца асноўным сродкам існавання чалавецтва і крыніцай багацця, а прафесія землеўпарадчыка заўсёды карысталася павагай, бо прысвечана бясцэннаму скарбу.
Наталля Дзмітрыеўна Грабоўская ў гэтай прафесіі ўжо 12 гадоў – столькі часу яна з’яўляецца землеўпарадчыкам Сарочынскага сельсавета. Хаця можна сказаць, што прафесійна звязала сябе з зямлёй намнога раней, калі атрымала ў Лужаснянскім тэхнікуме спецыяльнасць агранома. Быў час, калі працавала зусім не па спецыяльнасці – выхавацелем у дзіцячым садзе, аднак пазней вярнулася да працы з зямлёй і ніколькі не шкадуе.
– Люблю сваю работу і з задавальненнем выконваю кожную заяўку, не люблю сядзець на адным месцы, падабаецца працаваць з людзьмі, а разуменне таго, што прафесія гэта патрэбная – заўсёды падбадзёрвае, – гаворыць Наталля Дзмітрыеўна.
А спраў у землеўпарадчыка сапраўды шмат. Яны сочаць за тым, каб зямельныя рэсурсы выкарыстоўваліся рацыянальна і эфектыўна, вядуць дзяржаўны ўлік зямель і рэгістрацыю землекарыстальнікаў, займаюцца выдачай актаў на права ўладання і карыстання зямлёй, праводзяць абмеры прысядзібных участкаў, пасяўных і ўборачных плошчаў, наноў асвоеных зямель. І гэта далёка не ўвесь пералік работы землеўпарадчыкаў. Часта прыходзіцца вырашаць і спрэчныя сітуацыі, якія ўзнікаюць паміж землекарыстальнікамі, напрыклад, з-за невялікага кавалка зямлі або памеру мяжы між агародамі. Тут неабходна знайсці правільны падыход, растлумачыць, упэўніць. У нейкай ступені трэба быць псіхолагам, каб вырашыць праблему карыстальнікаў.
Нягледзячы на вялікую колькасць спраў, Наталля Дзмітрыеўна спраўляецца з імі з лёгкасцю. Амаль паўтара года акрамя свайго сельсавета прыходзілася весці яшчэ і Вяркудскі, замест 62 вёсак было 100. Вырашала справы на месцы, а потым спяшалася ў Вяркуды.
Н.Д.Грабоўская ўжо мае немалы вопыт работы, за парадай, дапамогай да яе часта звяртаюцца маладыя работнікі, не заўсёды лёгка ім разабрацца ў складаных картах. І заўсёды знаходзяць у асобе Наталлі Дзмітрыеўны дарадчыка і памочніка. Заўсёды шчырая і спагадлівая, яна карыстаецца павагай у людзей.
Хочацца пажадаць Наталлі Дзмітрыеўне і яе калегам, каб іх работа з зямлёй і надалей была такой жа плённай і прыносіла задавальненне. 
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *