Выясняем ситуацию: будет ли в Ушачах городская баня и какие варианты существуют на сегодняшний день?

Общество

Пытанне аб адсутнасці ва Ушачах гарадской лазні перыядычна паўстае на самых розных узроўнях. Людзі звяртаюцца і на “прамыя лініі”, што праводзіць кіраўніцтва раёна, і ў рэдакцыю, і да сваіх дэпутатаў. Наколькі актуальнае гэтае пытанне для ўшачан і якія варыянты існуюць на сённяшні дзень, мы спрабавалі высветліць у гэтым матэрыяле.

Не сацыяльны стандарт

З красавіка мінулага года паслугі лазні выключаны са спісу абавязковых сацыяльных стандартаў насельніцтву. Такое рашэнне было прынята Віцебскім аблвыканкамам 29 сакавіка 2021-га на падставе пастановы Саўміна Рэспублікі Беларусь №724. Кіраўніцтва Ушацкага райвыканкама і іншыя зацікаўленыя службы маглі б матываваць гэтым дакументам адказ на паўстаючыя пытанні ад насельніцтва, аднак наадварот, імкнуцца вырашыць яго на карысць людзей. Старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім даручана рознабакова вывучыць праблему, ацаніць, для якой колькасці насельніцтва яна такой сапраўды з’яўляецца, і шукаць варыянты вырашэння.

Хто пабудуе новую?

Лазня ў гарадскім пасёлку была зачынена з-за таго, што будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Варыянт з аднаўленнем аднаго, першага паверха, як прапаноўвалі нашы наведвальнікі, не разглядаецца. Наадварот, хутка памяшканне будзе разабрана. А таксама ў раёне дапамогуць з афармленнем адпаведных дакументаў тым прадпрымальным людзям, якія пажадаюць за ўласны кошт пабудаваць лазню і аказваць насельніцтву адпаведныя паслугі.

Як нам паведамілі ў падатковай інспекцыі, такі від дзейнасці не ўказаны ў пераліку паслуг для самазанятасці, таму на сённяшні дзень фізічная асоба, якая мае лазню, не можа на платнай аснове арганізоўваць калектыўныя памыўкі. Аднак магчыма аформіць індывідуальнае прадпрымальніцтва або зарэгістраваць сядзібу ў якасці аграэкатурызму. Наколькі б яны былі запатрабаваны, гаварыць складана, паколькі падымаюць гэтае пытанне пераважна ці выключна ўшачане, якія прывыклі да таннай лазні ў цэнтры, а не за горадам на беразе возера. Ды і любы прыватнік лічыць расходы. Напрыклад, з 12 кропак, якія аказваюць падобныя паслугі ў Полацку і Наваполацку, самай таннай аказалася гарадская лазня “Полацкводаканала”, білет у якой на 2 гадзіны каштуе дзесяць рублёў.

У Арэхаўне…

Ва Ушацкім раёне ёсць дзе памыцца і ў годных умовах, і танна. Гэта лазні ў аграгарадках Арэхаўна і Ільюшына. Кошт білета ў першай на сённяшні дзень чатыры рублі, з мая будзе пяць. Працуе яна па графіку. На адным тыдні толькі ў суботу з 10 да 22: у першай палове дня да 14 мыюцца мужчыны, з 15.00 да 19.00 – жанчыны, а апошнія дзве гадзіны (20-22) зноў моцная палова. На наступным тыдні лазня топіцца ўжо ў суботу і нядзелю, першы дзень – мужчынскі, другі – жаночы. Адначасова ў лазні могуць знаходзіцца 6 чалавек. Тэлефоны для браніравання ці ўдакладнення наяўнасці месцаў: 5-03-83 або непасрэдна ў баншчыка 8-029 812-62-47.

Рэдакцыя правяла апытанне ў сацыяльных сетках, папрасіўшы адказаць на адзін з трох варыянтаў. Калі б лазня была ў гарпасёлку:
1.Наведваў бы яе кожны тыдзень. 2. Аддаю перавагу ванне і душу, аднак наведваў бы зрэдку. 3. Наогул не люблю лазню.
У “Аднакласніках” прагаласавала 122 чалавекі і 77 працэнтаў з іх абралі першы варыянт, 15 – другі і 7 – трэці. У “ВКонтакте” і “Тэлеграме” ў апытанні паўдзельнічала 125 і 33 ушачаніны, з іх 63 і 44 працэнты адпаведна “наведвалі б лазню кожны тыдзень”.

…і Ільюшыне

У гэтым аграгарадку лазня аднавіла работу па просьбе жыхароў з сакавіка гэтага года і топіцца выключна пры заказе мінімум 10 білетаў, якія можна забраніраваць у майстра ўчастка камунгаса па нумары: 8 (044) 797-46-79.

На аздараўленчым комплексе

Замяняльнік лазні ў гарпасёлку з’явіўся з будаўніцтвам аздараўленчага комплексу ­“Юнацтва-Ушачы”. Тут можна схадзіць у душ. Прычым гадзінны сеанс у будныя дні да 17.00 каштуе 2,90 для працуючых і 2,60 для пенсіянераў, а вечарам і выхадныя дні – 3,50. За гэты час і сімвалічны кошт вы зможаце яшчэ і наведаць басейн. Такая ж магчымасць ёсць і ў тых, хто заказвае саўну. Кошт сеанса на дзве гадзіны з максімальнай колькасцю 8 чалавек складае 60 рублёў. Яе трэба браніраваць загадзя па нумары 5-01-75.

Планава-стратная

Якую ж колькасць насельніцтва сёння не задавальняюць існуючыя варыянты? І якой павінна быць лазня ва Ушачах, каб яна прыняла ўсіх жадаючых і не была стратнай для камунгаса. На жаль, нават невялікая ў Арэхаўне, якую абслугоўвае адзін чалавек, летась прынесла арганізацыі страты ў 21 тысычу рублёў. Там камфортна, добрая пара, вельмі блізка ад райцэнтра, аднак загружанасць за мінулы год склала толькі 60 працэнтаў. Гэта не азначае, што лазня пустуе, не, напрыклад, у гэту суботу яе наведала 17 мужчын і 14 жанчын, нехта мыўся па два ці тры чалавекі, хаця ў дзень могуць прыняць 36. Кошт білета не пакрывае і пятай часткі затрат: летась на адно памывачнае месца яны дасягнулі 27 рублёў 32 капейкі, сёлета ўжо больш 28 рублёў, і толькі дзевяць з іх субсідзіруюцца. Астатняе – прамыя выдаткі. Таму, каб не павялічваць іх, пасля выключэння лазняў з пераліку абавязковых сацыяльных стандартаў камунгас перастаў бясплатна падвозіць людзей да Арэхаўна. На колькасці наведвальнікаў гэта адбілася, аднак нязначна – з 1383 у 2020 годзе да 1272 летась.

Для параўнання: у Полацку гарадская лазня таксама запоўнена на 60 працэнтаў, аднак з’яўляецца прыбытковай, бо ў месяц яе наведвае 2220 чалавек – амаль у два разы больш, чым у нас за год.

Варыянты дастаўкі

Зразумела, што на сённяшні час праблематычным з’яўляецца не столькі адсутнасць лазні, колькі транспарту – магчымасці дабрацца да Арэхаўна. Кіраўніцтва раёна падключыла аўтапарк Ушачы філіяла АТП г.Наваполацк і камунгас, каб разгледзець варыянты дастаўкі людзей. Аднак усе яны – ці легкавым аўтамабілем апошняй арганізацыі, ці мікрааўтобусам першай – абыдуцца патэнцыяльным кліентам лазні прыкладна ў 7 рублёў.

У такім выпадку выгадней заказаць таксі, якое давязе да Арэхаўна за 10 рублёў (як аднаго чалавека, так і да чатырох). Калі максімальна скааперавацца, то туды і да дома вас даставяць за 5 рублёў. Тэлефон таксі 8-029-817-16-12.

Самым танным жа (66 капеек) з’яўляецца рэйсавы аўтобус, якім, дарэчы, некаторыя і карыстаюцца. У выхадныя дні ёсць тры рэйсы да аграгарадка і назад з інтэрвалам у дзве гадзіны – якраз сеанс наведвання лазні. Так, з аўтавакзала транспарт накіроўваецца ў 12.25 (Усвея) і 12.35 (Полацк), а назад вяртаецца ў 14.40 (у Арэхаўне прыкладна на 15 хвілін раней). Другі зручны час: 15.20 – туды і ў 17.10 у суботу і 17.40 у нядзелю назад, і апошні: 17.15 – 19.20. Ёсць і яшчэ адзін “калідор”: 9.10 туды і назад у 11.25 у суботу і 11.05 у нядзелю. Ён, як бачыце, вузкаваты, паколькі лазня адчыняецца ў 10 гадзін.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *