В пору полевых работ в КУСХП «Глыбочаны» важен вклад каждого сотрудника

Сельское хозяйство

Калі раніцай серады мы прыехалі на глыбачанскі мехдвор – там ва ўсю кіпела работа: на гэты пагодны дзень у аграрыяў мелася шмат планаў, і для іх ажыццяўлення трэба было тэрмінова правесці наладку адпаведных агрэгатаў.

А.Жогаль.

Так, Леанід Сапега і Анатоль Брыцік завяршалі замену шнека на ПС-20, каб хутчэй аднавіць працэс пратручвання зерня. Побач цэлая брыгада рыхтавала да выезду ў поле “Дзвіну”. Зваршчык мясцовага ўчастка ЖКГ Артур Новікаў, які разам з іншымі сваімі калегамі заўсёды гатоў прыйсці на дапамогу механізатарам, паднавіў мацаванне крыла задняга кола, слесар Максім Целепень і трактарыст Аляксандр Дубоўскі рэгулявалі механізмы самаходнага апырсквальніка. “Спадзяюся, што хутка далучуся да пасяўной на МТЗ-3022, бо заўтра павінны прывезці з завода адрамантаваны рухавік, – дзяліўся планамі Аляксандр. – Ну а пакуль вось дапамагаю хлопцам у майстэрні”. Хоць “Дзвіна” і самаходная, ды па дарогах на пнеўмашынах не паедзеш, таму Уладзімір Кішчанка чапляў да свайго трактара лафет, на якім апырсквальнік адправіцца на далёкае поле ля Усвеі – менавіта там знаходзяцца азімыя рапсавыя палеткі, якія трэба падкарміць. Гэтай культуры восенню пасеялі 126 гектараў. У большасці ўшацкіх гаспадарак зрабілі стаўку на свірэпіцу, а ў “Глыбачанах” вырашылі захаваць роўны баланс паміж двума крыжакветнымі. Але, на жаль, пэўную іх частку знішчылі сакавіцкія маразы.

Уносяць глыбачанцы азот і на зерневыя палеткі – Алег Сурынаў зранку выехаў на падкормку азімай пшаніцы. Не было ўжо на мехдвары і механізатараў, занятых на падрыхтоўцы палёў да сяўбы. Трактар Аляксандра Малахава з дыскатарам мы ўбачылі ў наваколлі Кавалеўшчыны. Адзін з галоўных леташніх перадавікоў раёна чарговы хлебаробчы сезон распачаў на гэтым тыдні. “У халодны час працаваў у кацельні вяркудскага ўчастка, і канечне, вельмі радасна зноў вярнуцца на прыволле, сесці за руль трактара!” – не хаваў ён добрага настрою.

М.Целепень, А.Дубоўскі.

Фронт жа работ для энерганасычанага “Беларуса” падрыхтаваў Аляксандр Жогаль, які ўжо на працягу тыдня ўзворвае тутэйшыя палеткі. На дробнаконтурных няроўных участках, дзе летась расла кукуруза, яго шустры МТЗ-1221 з трохкорпусным плугам якраз дарэчы. Мужчына прыйшоў у сельгаспрадпрыемства мінулым летам, ці, дакладней, вярнуўся, бо адпрацаваў тут з маладосці 18 год, пакуль не перайшоў у лясную гаспадарку.

Рады былі ў “Глыбачанах” і яшчэ аднаму новаму работніку: Аляксей Барада таксама папоўніў штат летам. Навапалачанін, які займаўся міжнароднымі грузаперавозкамі, вырашыў змяніць уклад жыцця і пераехаў ва Усвею. “Мне тут вельмі падабаецца – азёры, рыбалка!.. Адрамантаваў бабуліну хату, знайшоў работу, а зараз і жонку з горада пераманіў – яна, дарэчы, таксама ў “Глыбачаны” ўладкавалася. Мяркую, што хутка многія пачнуць вяртацца на сяло: на зямлі лягчэй пераносяцца любыя выпрабаванні…”, – падзяліўся меркаваннямі машыніст “Амкадора”, які падбуртоўваў непадалёк кучы арганікі. Дарэчы, па яе вывазцы глыбачанцы выглядаюць у раённай зводцы лепш за ўсіх, бо ўжо перасягнулі запланаваны паказчык. Але ў цэлым у гаспадарцы пасяўная традыцыйна стартуе не без складанасцяў, якія найперш абумоўлены праблемай з гатоўнасцю тэхнікі. А вось гатоўнасць глыбачанскіх хлебаробаў укласці ў справу ўсе сілы як заўсёды стапрацэнтная.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *