Дети развивают свои таланты

Наши дети

Пасяджэнне метадычнага аб’яднання работнікаў дзіцячых дашкольных устаноў, якое праводзілася на базе ясляў-сада №2 г.п. Ушачы, сабраў разам загадчыкаў, метадыстаў, выхавацеляў і іншых супрацоўнікаў садоў. На гэты раз тэмай пасяджэння стала этнаграфічнае выхаванне дашкольнікаў. Пераняць вопыт сваіх калег, знайсці штосьці цікавае і незвычайнае імкнуліся ўдзельнікі мерапрыемства. А гаспадары шчыра дзяліліся напрацоўкамі.
Як арганізавана выхаваўчая і адукацыйная дзейнасць у дзіцячым садзе, як навучыць маленькіх непасед арыентавацца ў сучасным свеце, спасцігаць народныя традыцыі, расказала намеснік загадчыка ўстановы Ірына Уладзіміраўна Акулёнак. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на галоўных элементах культуры, якія павінны ведаць дашкольнікі. Былі абмеркаваны і іншыя пытанні правядзення заняткаў па этнаграфічным выхаванні дашкольнікаў.
Незвычайныя традыцыйныя элементы побыту беларусаў, прыгожыя кампазіцыі з саломы, дрэва, паперы і многае іншае змешчана ў міні-музеі “Спадчына”, створаным у “Малышку” намаганнямі педагогаў установы. Тут, па словах І.У.Акулёнак, з дзецьмі пастаянна праводзяцца заняткі па этнаграфіі, прычым старэйшыя выхаванцы самастойна спрабуюць праводзіць экскурсіі для самых маленькіх. Краязнаўчая работа па адраджэнні і захаванні нацыянальных традыцый роднага краю, прапагандзе беларускай народнай творчасці, безумоўна, дапамагае прывіць любоў да сваёй малой радзімы, імкненне захоўваць і памнажаць яе здабыткі, паважаць яе гісторыю.
У садзе дзеці не толькі вучацца, але і развіваюць таленты. Маленькія артысты проста пакарылі сваімі здольнасцямі: канцэрт, які складаўся з песень на беларускай мове, нацыянальных танцаў, невялікіх сцэнак, вельмі спадабаўся гасцям мерапрыемства. Прафесіяналізм выхавальнікаў і выдатная падрыхтаванасць дзяцей не засталіся без увагі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *