26 марта работники жилищно-коммунального хозяйства и бытового обслуживания населения отметят свой профессиональный праздник

Общество

Чалавек, які шые метал

Яшчэ няма яркага сонейка, Іван Петухоў не адпачываў у Тайландзе, а на твары карычневатае адценне. “Загар зваршчыка, – усміхаецца мужчына. – Ён у нас у любую пару года. Гэты – з падвала дома на Віцебскай, дзе зараз мяняем водаправод. Трубы ідуць зусім блізка да сцяны, у такіх цяжкадаступных месцах і даводзіцца варыць без маскі, усляпую – на гук металу”.

Метадаў зваркі, сапраўды, вельмі многа, але не магу ўявіць, як накладаць швы ўсляпую. Вось і тлумачыць Іван Іванавіч: “Вочы заплюшчваеш, каб іскрай не спаліць, і арыентуешся на гук – у метала, калі плавіцца, ён асаблівы, словамі не перадаць, аднак любы зваршчык мяне зразумее”.

Трываласць зваркі залежыць ад многага. Напрыклад, ад вугла злучэння, віду і якасці металу. Самым цяжкім Іван называе лёгкі алюміній: мала таго, што плавіцца імгненна, дык і справу даводзіцца мець з дробнымі дэталямі. Складана варыць і ацынкаваны метал. Хаця ў яго рабоце наогул не бывае лёгкіх участкаў. Практычна ўсе – пад ціскам. На цэнтральнай кацельні, дзе ён яшчэ выконвае функцыі слесара, цяпло падаецца пад 6-7 атмасферамі, а 10-цю правяраюцца звараныя ім швы. І ўсе паспяхова праходзяць іспыт. Зараз, напрыклад, ад якасці яго работ залежыць падача вады да 40 кватэр дома па Віцебскай, 2. У другім корпусе распачалі капрамонт, а замена водаправоду праходзіць без адключэння ўсёй сістэмы, што ўскладняе працэс.

Хоць і працавала ў падвале цэлая брыгада, ні ў каго з хлопцаў і ценю зайздрасці не закралася, чаму прыйшлі “па душу” Івана Петухова. “Даўно пара напісаць, адзіны зваршчык у камунгасе”, – далі лаканічную ацэнку напарнікі, дадаўшы, што нядаўна з’явіўся і другі такі спецыяліст, аднак не заняты на складаных участках.

Характарыстыку газаэлектразваршчыка дапоўніла і галоўны інжынер камунгаса Анжаліка Джонаўна Хахлова:

– За шэсць гадоў пераканаліся ў высокім класе Івана. Ён у нас сапраўды незаменны і ўсюдыісны. Рамонт цеплатрас, водаправодаў у жылфондзе, абслугоўванне ўсіх дзесяці кацельняў, падключэнне малых катлоў у арэндным жыллі. Усё на ім. Таксама як і экстранныя выпадкі: крый бог што прарвала, адразу выклікаецца Іван, не раз даводзілася і ноччу варыць ва ўмовах, калі ваду не спыніць. І мала таго, што прафесіянал, дык і чалавек безадмоўны, нефанабэрысты.

Аб тым, што спецыяліста на прадпрыемстве цэняць, сведчыць і выдзеленая яму арэндная трохпакаёўка – у часы, калі ў старым жылфондзе былі толькі адзінкі такіх кватэр. Гэта, а таксама нараджэнне другога дзіцяці, паўплывала на спыненне качавога ладу жыцця – Іван пасля заканчэння Полацкага будаўнічага каледжа працяглы час працаваў на вялікіх аб’ектах у Маскве.

“А ці маеце імянное кляймо?” – пытаюся пра паказчык найвышэйшага ўзроўню зваршчыка. “Намер, канечне, ёсць, аднак гэта, як і самы высокі шосты клас, залежыць не ад майго ўмення, а ад складанасці аб’ектаў. У камунгасе такія работы не прадугледжаны. Але за свае швы я ўпэўнены. Аднойчы варылі мост. Не я адзін – працяглы быў. Калі закончылі, прараб запытаўся, хто стане пад сваім участкам пад 35-тонным цяжарам. Я выклікаўся. Не хвалюся, аднак халтуры ў рабоце не дапускаю”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

Каб быў камфортным быт людзей

Дзякуючы рабоце вытворчага ўчастка УП ЖКГ аграгарадка Арэхаўна бесперабойнае якаснае цеплазабеспячэнне атрымліваюць мясцовыя ФАП, школа, Дом культуры. На балансе камунальнікаў знаходзіцца таксама 11 шматкватэрных жылых дамоў, 10 катэджаў, грамадская лазня. Здаецца, нямнога аб’ектаў, але ж і штат работнікаў тут невялікі – у падначаленні майстра А.В.Баяронка ўсяго 12 спецыялістаў. Працуюць зладжана, адказна – як вынік: участак з’яўляецца адным з лепшых структурных падраздзяленняў вялікага прадпрыемства.

В.Праннік, У.Маслюк, А.Ігнатовіч, М.Прашкевіч, А.Баяронак.

Улічваючы спецыфіку дзейнасці, калектыў пераважна мужчынскі. Шмат гадоў машыністамі-качагарамі працуюць Андрэй Леанідавіч Барысавец, Цімафей Станіслававіч Іваноў, рабочы па абслугоўванні жылфонду Алег Уладзіміравіч Птушка, якіх Арцём Валер’евіч небеспадстаўна называе надзейным стрыжнем участка. “З калектывам мне адназначна пашанцавала, на кожнага магу разлічваць! – зазначае ён. – У любой экстраннай сітуацыі мы з імі “на тэлефоне”. Скажам, прарвала ўначы дзе-небудзь каналізацыю, пакінуць кацельню абодвум работнікам, што знаходзяцца на змене, адначасова нельга – выязджаю на месца сам ці звязваюся з іншымі падначаленымі. Ніхто не адмаўляе. Зручна, што ўсе жывуць непадалёк”.

А.В.Баяронак, які восем гадоў адпрацаваў на ўчастку машыністам кацельні, а апошнія два займае пасаду майстра, шчыра хварэе за даручаную справу. Улічваючы зношанасць абсталявання, трымае на кантролі “праблемныя” кропкі жылфонду. Нароўні з падначаленымі бярэцца за любыя віды работ. А яны падтрымліваюць парадак у мясцовым парку, на вуліцах аграгарадка – займаюцца абкосам травы, расчысткай снегу, зразаюць аварыйныя дрэвы…

У дзень нашага візіту на ўчастак майстар, а таксама машыністы-качагары Віктар Праннік і Артур Ігнатовіч, слесар Мікалай Прашкевіч і трактарыст Уладзімір Маслюк займаліся нарыхтоўкай дроў. Хоць і заканчваецца ацяпляльны сезон, такога матэрыялу тут ужо дастаткова на ўвесь будучы.

“Хутка многіх з нас “перакінуць” ва Ушачы, – адклаўшы на хвіліну пілы, расказвалі мужчыны. – Летам на кацельні спраў няшмат – будзем дапамагаць калегам з райцэнтра з ямкавым рамонтам, добраўпарадкаваннем. На рабочы дзень, які, бывае, не ўкладваецца ў адведзеныя рамкі, не скардзімся: галоўнае – каб у дамах землякоў было цёпла, не працякаў дах, а наваколле радавала чыстым і прывабным выглядам”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

Беларусы не падводзяць!

“Дзень і ноч” – так лаканічна ахарактарызаваў свой сёлетні зімовы працоўны графік трактарыст участка Ільюшына Ушацкага камунальнага прадпрыемства Пётр Міхайлавіч Клопаў. Яго “Беларус” нястомна шчыраваў на дарогах населеных пунктаў Жарскага і Вялікадолецкага сельсаветаў, каб жыхары глыбінкі не засталіся адрэзанымі ад свету.

“Бывала, выязджаў на змену і а чацвёртай гадзіне раніцы. А калі моцна перамятала, даводзілася праходзіць участкі па некалькі разоў, бо вялікі пласт лапата не захопіць… Вось, здаецца, тое ж Вацлавова ля бойкай шашы, а адкрытыя ветру вуліцы так засыпае – неяк рады даць. І так амаль у кожнай вёсцы…”, – распавядае Пётр Міхайлавіч.

Завеі адмялі, а руплівы МТЗ-82 зноў на дарогах: на гэтым тыдні работніка адправілі на дапамогу калегам, што займаюцца ямкавым рамонтам разбітых за зіму вуліц райцэнтра. Калі ж пацяплее – замест лапаты і фразы ён зачэпіць касу. Будзе бараніць ад пустазелля вёскі і аграгарадкі, як той рыцар на жалезным кані, кінецца ў бой з “зялёным захопнікам” – баршчэўнікам. Летась давялося камунгасаўцу прыкласці руку і да высакароднай аграрнай справы: на палеткі, праўда, свой трактар не выводзіў, а займаўся слясарнымі работамі ў “Вялікадолецкім” і “Дземенцы” – залішне казаць, як важна ў час пасяўной і ўборачнай тэрмінова вяртаць тэхніку ў строй.

Разбірацца ў ёй ураджэнца Бараўцоў навучыў бацька – перадавік мясцовай гаспадаркі Міхаіл Рыгоравіч Клопаў. Герой аповеду прыгадвае, што гадоў у 10 ужо ведаў, як кіраваць трактарам, дапамагаў тату ў гаражы, правы ж атрымаў разам з атэстатам: у Вялікадолецкай школе было наладжана навучанне старшакласнікаў. Пасля службы ў марфлоце вярнуўся на радзіму: працаваў у аграрнай сферы, меліярацыі і вось ужо сёмы год – у камунгасе.

“У нас на ўчастку цудоўны калектыў: годна спраўляецца са сваімі абавязкамі майстар Валерый Волкаў, ды і ўвогуле ўсе хлопцы працавітыя, адказныя”, – зазначае трактарыст. Гэтыя эпітэты, канечне, падыходзяць і самому Пятру Міхайлавічу. Хоць ужо і належыць ён да рангу ветэранаў – але, як і яго немалады “Беларус” (які, дарэчы, ні разу не падвёў за напружаную зіму), з’яўляецца надзейнай і важнай “адзінкай” вялікага і вельмі патрэбнага ўшачанам прадпрыемства.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 

100 працэнтаў аплаты – зусім не фантастыка!

Пасля атрымання насельніцтвам жыровак спецыялісты па камунальных разліках называюць свае тэлефоны “чырвонымі”. Званкі паступаюць адзін за адным, звычайна – са скаргамі на суму налічаных плацяжоў. У групе ж па разлікова-пашпартным абслугоўванні г.п.Ушачы такой праблемы няма: Т.М.Ганчаронак настолькі скрупулёзна вывярае даныя, што памылак проста быць не можа.

“Канечне, бываюць звароты наконт выстаўленай у жыроўцы сумы, напрыклад, за ваду, – расказвае спецыяліст з вышэйшай матэматычнай адукацыяй. – Тлумачу, што ў бягучым месяцы аплата бярэцца за кубаметры, спажытыя ў мінулым. Многія проста не разумеюць нюансаў, і мая задача – усё даступна растлумачыць”.

Дарэчы, у сваёй рабоце Таццяне Міхайлаўне даводзіцца быць не толькі разлікоўцам, кансультантам, але і псіхолагам. Калі па нейкіх прычынах чалавек своечасова не аплаціў камунальныя паслугі, трэба з ім звязацца (па тэлефоне ці праз сацыяльныя сеткі) – удакладніць, калі зможа ўнесці неабходную суму, аднаму спакойна параіць, другому настойліва рэкамендаваць. Займаюцца гэтым усе 4 работнікі групы на чале з Антанінай Іосіфаўнай Пашута. У спісе даўжнікоў зараз каля 300 жыхароў раёна, у пераважнай большасці – з сельскай мясцовасці. Бывае, чалавек прынцыпова не ўносіць усяго адзін рубель, а ёсць і своеасаблівыя рэкардсмены: адна жанчына, напрыклад, не аплачвала камуналку звыш 6 гадоў, назбіраўшы запазычанасць у 3400. Адключылі ваду, газ, электраэнергію – не дапамагло… Дарэчы, калі па-добраму вырашыць пытанне не атрымліваецца, у групе рыхтуюцца патрэбныя дакументы – і за справу бяруцца судовыя выканаўцы.

“Дасягнуць па разліках ад налічанага 100 працэнтаў і нават больш летась здолелі ажно 6 разоў! – з гонарам зазначае Т.М.Ганчаронак. – Радуе такая адказнасць грамадзян!”. А вось А.І.Пашута сакрэт поспеху бачыць у іншым. “Калі ў 2016-м Таццяна прыйшла ў наш калектыў, ёй дастаўся, бадай, самы адказны і цяжкі ўчастак работы – камунальныя разлікі, ад якіх залежыць уся наша дзейнасць. Тым больш, уводзілася новае праграмнае забеспячэнне, з асваеннем якога ў многіх раёнах дагэтуль ёсць праблемы. У нашага ж спецыяліста (дарэчы, з багатым вопытам работы ў адзначанай сферы) усё выдатна атрымліваецца з самага пачатку! Хвалюе толькі, што яе ўжо спрабуюць пераманіць віцебскія калегі”.

Між тым, сама Т.М.Ганчаронак мяняць штосьці ў сваім жыцці пакуль не збіраецца. Заўсёды з радасцю ідзе на работу, дзе, абклаўшыся папкамі са шматлікімі дагаворамі з ЖКГ, водаканалам, вынікамі праведзеных імі праверак, іншай дакументацыяй, працягвае прафесійна і якасна выконваць даручаную справу. Сёлета па выніках работы за 2022-і Таццяна Міхайлаўна адзначана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *