Чудотворная икона Пресвятой Богородицы «Табынская» побывала в Ушачах

Общество

З серады па пятніцу на Ушаччыне знаходзілася Цудатворная ікона Прасвятой Багародзіцы “Табынская”. Сімвалічна, што гэты расійскі абраз пабываў у нашым раёне напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, бо праваслаўная вера – тыя магутныя карані, што звязваюць людзей нашых дзвюх краін незалежна ад часоў, палітычных абставін і рангаў. Паломнікі з Расіі імкнуцца прыхіліцца мошчам Ефрасінні Полацкай, беларускія вернікі пускаюцца ў далёкія падарожжы на Валаам… І куды больш людзей могуць дакрануцца да святых абразоў падчас вось такіх хрэсных хадоў.

Традыцыя ладзіць “вандроўкі” з іконай “Табынская” з’явілася ў 1848 годзе, калі святы абраз спыніў эпідэмію халеры ў Арэнбурзе. Цудатворных вылечванняў, дапамог за некалькі стагоддзяў у іконы было шмат, а адзін хрэсны ход працягваўся ажно 70 гадоў – да 1918-га. Падчас Грамадзянскай вайны ікону вывезлі ў Кітай расійскія эмігранты і дзе яна зараз – невядома. Цяпер па свеце з 2010 года вандруе копія той цудатворнай іконы. Летась, падчас хрэснага ходу па Беларусі, калону ўзначальваў менавіта гэты абраз. “Вельмі рада, што маці Божыю “Табынскую” прывезлі ва Ушачы. Для мяне абраз асаблівы і вельмі дарагі. Па-першае, рэдкі, я не чула аб ім раней, але за час паломніцтва летам мінулага года настолькі зрадніліся. Нават падчас прывалаў ікона “не адпачывала” – дакрануцца да яе ішлі і ішлі людзі”, – казала Ганна Мікалаеўна Пашкова.

Казакі, што суправаджаюць ікону, за два гады хрэснага ходу па Беларусі добра пазнаёміліся з нашай краінай, з цікавасцю пабывалі яны на мемарыяльным комплексе “Прарыў” і ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка.

Шмат людзей прыйшло праводзіць яе і ў Падсвіллі, таму нават крыху зрушыўся час прыезду ва Ушачы, дзе, нягледзячы на рабочы дзень, ікону чакала вялікая калона. Многа святых праваслаўных мясцін наведала Вольга Пятроўна Захарэнка, а ў гэты ўрачысты дзень, канечне, узяла з сабой прыехаўшых на канікулы ўнукаў: “Інфармацыю пра ікону мне пераслала сяброўка з Наваполацка, праводзілі там святыню са слязамі на вачах, таму я чакала прыезду і прыходзіла ў храм некалькі разоў”. Плакалі, падыходзячы да іконы, і ўшацкія вернікі. Кожны прасіў Багародзіцу, якая знешне падобна на Казанскую, аб выздараўленні, дапамозе ў жыццёвых выпрабаваннях. А падчас акафістаў абавязкова гучалі малітвы аб міры, спакоі ва ўсім свеце, паколькі маці Божая “Табынская” лічыцца заступніцай менавіта ад ваенных ліхалеццяў. Суправаджаюць жа яе выключна мужчыны – зводны атрад казакоў – расказваюць пра ікону, выдатна спяваюць. Некаторыя – з радзімы святыні – Паўднёвага Урала, ёсць і з Паволжа. Склад чаргуецца, людзі ездзяць на непрацяглыя пабыўкі дамоў. “Дзякуй Богу, паўсюдна ў Беларусі нас сустракаюць цёпла, розніцы паміж вашымі і расійскімі населенымі пунктамі не заўважаем. Вельмі чулы, гасцінны народ”, – сказаў старэйшы групы казачага атрада Аляксей. Няхай жа цудатворная ікона дапамагае ў галоўным, аб чым марыць кожны чалавек – міры, і не толькі ў Год міру і стварэння.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *