Ирина Маркович — талантливый человек и ответственный библиотекарь

Общество

Шчыра кажучы, была пераканана, што ў будны дзень пагутарыць з бібліятэкарам Плінскай бібліятэкі Ірынай Генадзьеўнай Марковіч атрымаецца сам-насам. Тым больш што паміж тэлефанаваннем і прыездам прайшло некалькі хвілін. А ў чытальнай зале аказалася два чалавекі. “Гэта ж наш адзіны ачаг культуры, куды ж яшчэ ісці людзям”, – задаволена адказала гаспадыня.

І сапраўды, на творчыя вечарыны, юбілеі ветэранаў працы, выставы да знакавых падзей і нават тэатральныя пастаноўкі плінцы прыходзяць… у бібліятэку. Каля двух гадоў вакантнай заставалася пасада загадчыка клуба, таму чытальная зала ператварылася ў гасцёўню. А да гэтага быў удалы тандэм з Верай Васільеўнай Дрозд, былой калегай па Плінскай школе, і літаральна ўсе мерапрыемствы праводзілі разам. Вельмі эмацыянальная па характары, Ірына Генадзьеўна прасіла напарніцу зарыфмаваць сцэнарый, бо калі пачынае чытаць вершы, супакойваецца – і ўсё само сабой сістэматызуецца.

Шмат вершаў яна ведае на памяць, паколькі гэта яе любімы жанр. А вось беларускіх літаратараў яшчэ працягвае для сябе адкрываць. “Чую нядаўна песню “Завушніцы”, называюць аўтара – Яўген Скурко, так і даведалася, што гэта таксама твор Максіма Танка. Дапамагае ў гэтым і муж Мікалай Аркадзьевіч, які зараз многа чытае на беларускай мове і “пераносіць” на добра вядомы яму быт. Знаёмыя ж не маглі стрымаць усмешку, калі па-беларуску пачынала гаварыць Ірына Генадзьеўна. Яна скончыла школу ў Ніжнім Ноўгарадзе і вельмі мякка вымаўляе выбухныя літары. Нарадзілася ж наогул у Казахстане, дзе і пазнаёміліся яе маці і плінскі хлопец Генадзь Ярмош.

Ад матулі Ірына пераняла ўменні вышывання, вязання, зараз на памяць імкнецца аднавіць “Тройку”, што “імчала” на сцяне іх дома. А шыццё прафесійна асвоіла ў вучылішчы, таму першым яе працоўным месцам аказаўся Ушацкі камбінат бытавога абслугоўвання. На той час (у 39 гадоў) памерла маці і сям’я вярнулася ў Беларусь. Калі ж пачалі зачыняцца комплексныя прыёмныя пункты, І.Г.Марковіч прынялі настаўніцай працы ў Плінскую школу з абавязковай умовай атрымаць профільную адукацыю, што яна і зрабіла.

– У нас быў выдатны калектыў, які заўсёды падтрымліваў. Апроч урокаў працы я вяла і гурток рукадзелля – спачатку асвойвала сама, а потым вучыла дзяцей салома- і бісерапляценню, арыгамі і выцінанцы. Прачытала ў нядаўнім нумары “Патрыёта” верш Марыны Хамёнак і пераканалася, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім – дзяўчынка апроч выдатнай вучобы па ўсіх прадметах прымала ўдзел у абласной алімпіядзе па працы. Срэбра і бронзу прывозілі і іншыя дзеці. А яшчэ я 15 год загадвала школьнай бібліятэкай, гэта і вызначыла маю згоду на загадчыка Плінскай, – кажа жанчына.

Кніжны фонд тут намнога большы, ды і прынцыпы работы іншыя. Калі дзеці бралі пераважна праграмную літаратуру, то тут выбар часта грунтуецца на прапановах бібліятэкара. Таму і перачытвае Ірына Генадзьеўна дома навінкі, каб потым прапанаваць адпаведна густам – каму жаночы раман, а каму мемуары пра вайну. Бібліятэкар быў і застаецца псіхолагам, часта вызначае густ і выхаванне, паколькі нават кнігі з глыбокім зместам трэба “падаваць” як вопратку – “па росце”. “Вось кніга называецца “Шаснаццаць”, столькі ж і маёй унучцы, аднак, яе равеснікам не параю, лічу, занадта дарослы змест, – тлумачыць бібліятэкар. – Інвалідам і тым, каму цяжка дайсці, нашу кнігі дадому.”.

Працуе пры ачагу культуры і жаночы клуб “Сустрэча”, які праходзіць заўсёды па-сямейнаму цёпла. Бо сфарміравалася кола аднадумцаў, якія абмяркоўваюць агародніцкія справы, тое ж рукадзелле – вось і зараз акрамя работ самой І.Марковіч стаяць шэдэўры іншых аднавяскоўцаў. Папаўняюць яны і музей побыту продкаў. І канечне, разам чытаюць і слухаюць вершы, тым больш што сярод пастаянных наведвальніц столькі таленавітых паэтак – Тамара Бабянок, Вера Дрозд, Таццяна Палячэнка, Вера Пашута. Для кожнай вечарыны Ірына Генадзьеўна выпускае буклеты. А ўся яе чытальная зала зараз пярэсціць ад выстаў. Ну а віртуальная, прысвечаная 140-годдзю Янкі Купалы, атрымалася асаблівай – у ёй была нават пастаноўка з урыўка “Паўлінкі”, на якую задзейнічала не толькі плінскіх артыстаў, але і з навакольных вёсак. Невыпадкова, што яна прызнана лепшай на мінулагоднім раённым конкурсе бібліятэкараў.

Гэта адна з апошніх, але не адзіная ўзнагарода Ірыны Генадзьеўны за пяцігадовы час працы бібліятэкарам. За адказнае стаўленне да абавязкаў (а інакш яна не ўмее), актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах І.Марковіч нядаўна атрымала Падзяку старшыні райвыканкама. Ну а летась яе імя наогул занесена на раённую Дошку гонару. Канечне, вельмі прыемна, як і тое, што многія жыхары, як Ніна Яфімаўна Грак, заходзяцца ў бібліятэку не па шляху, а выключна спецыяльна і набіраюць па 8 экзэмпляраў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *