Весенняя ярмарка прошла в Ушачах. Популярные товары — бычки, картофель и тушенка из оленины

Общество

У топ самых папулярных тавараў на кірмашы ўвайшлі бычкі, бульба і тушонка з аленіны… Хаця свайго пакупніка знаходзілі і гарох з цімафееўкай, і саджанцы, і нават каралі з паўкаштоўных камянёў. А былі ўшачане, што прыйшлі проста прагуляцца. Вясенні кірмаш – заўсёды свята, тым больш калі гучыць музыка і стаіць такое выдатнае надвор’е.

“Мы крыху спазніліся, нас яшчэ не заўважылі, трэба было раней, мабыць месца больш бойкае б занялі”, – засмучаліся прадаўцы жывой рыбы арандатара Асанава. Хваляваліся, аднак, дарэмна, 150 кілаграмаў усвейскіх карасікаў па 6 рублёў за кг разышліся даволі хутка. Наогул у 11 гадзін плошча апусцела, завітвалі адзінкі спазніўшыхся ўшачан. Гандаль і на гэты раз распачаўся раней заяўленага часу. Патэнцыйныя пакупнікі, якія дакладна ведаюць, што ім трэба, у шапку не спяць. Таму і бычкі пайшлі з малатка, як толькі з’явіліся машыны. “Нас ужо чакалі”, – казала галоўны эканаміст КУСГП “Глыбачаны” Тамара Сурынава. Паказала пустую клетку і галоўны бухгалтар “Агра-Селішча” Святлана Салаўёва: “Яшчэ аднаго заберуць на месцы”. Па такім жа шляху пайшоў і “Ільюшынскі” – запісвалі жадаючых набыць жывы тавар, бралі гаспадаркі на карандаш і тых, каму трэба ўгнаіць агарод. А вось зерне літаральна ўсе сельгаспрадпрыемствы хоць і не ў вялікай колькасці, але павезлі назад, ажыятажу і дадатковых падвозаў, як восенню, не было. Па-першае, таму што сапраўды набылі з запасам у кастрычніку, па-другое, рэалізуюць фураж і на працягу года, а зерневыя летась урадзілі. Кошт жа вагаўся нязначна. Авёс у “Глыбачанах” па 18 рублёў за мяшок, пшаніца па 26. Крыху вышэйшы – 60 капеек за кілаграм ячменю аказаўся ў “Ільюшынскім”. “Ён жа ў нас насенны, зярнятка да зярнятка, М.В.Азевіч з інспекцыі па ахове раслін браў, а гэта паказчык”,– прыводзіла важкі аргумент бухгалтар Алена Халімоненка і адначасова шкадавала, што не расфасавалі па мяшках. Народ жа прывыкае да поўнага сэрвісу. Вось і бярозавік Ушацкі лясгас прапаноўваў у пяцілітровых слоіках, а першыя 100 літраў разляцеліся за 15 хвілін. Падвезлі дадатковую партыю. Напэўна рэалізавалі ўшачане за зіму запасы мёду, бо запыт на яго быў пастаянны. Чаго не хапіла – гэта кансерваў з аленіны, якіх не засталося і на складзе, прывезлі менавіта да кірмашу.

“А грэчка ёсць?” – пачула не ад аднаго прахожага. “Так”, – паказвалі ім на машыны гаспадарак, дзе сярод траў значылася і гэта культура. Пчаляры задаволена бралі, а вось многія засмучаліся, калі чулі, што яна насенная, неачышчаная. “Засумавалі за два гады ўшачане па нашай грэчцы, – казала Вольга Яловік. – Ды і мы самі хатнія запасы ўжо падчысцілі. Затое гарох нават мяшкамі куплялі. Адны, каб карміць парсюкоў, а другія – рыбу. Так, выдатная прынада, мы яму такую рэкламу і рабілі. А без яе ніяк. Чаму, думаеце, авёс і ячмень распрадалі, бо казалі, што ў нас самы смачны”. І калі топ самых папулярных тавараў мы вызначылі, то ў конкурсе прадаўцоў з камандай “Дземенца” дакладна канкурыраваў бы Ілья Шалонька з “Сафійскіх дароў”. Хлопца можна смела браць прадаўцом аўтакрамы – так умела ён рэалізаваў тры мяхі замест заяўленага аднаго, нахвальваючы зерне.

Падказка ад уладальнікаў пітомнікаў: Прычынай засыхання ўжо пладаносных дрэўцаў чарэшні і клубніц могуць быць лічынкі майскага жука, якія харчуюцца маладымі карэньчыкамі. Варта апрацоўваць расліны і кусты “Анкарой”.

У чарговы раз пераканаліся, што рэклама – рухавік прагрэсу і ля палатак Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Пакупнікі набывалі агародніну, мяса, ну і, канечне, суперэліту бульбы гатункаў “Палац” і “Скарб” па два рублі за кілаграм, як летась. Дзве тоны кожнага гатунку прывезлі якраз да кірмашу, 420 прадалі, астатнія паставілі па магазінах. Ну а кузаў глыбоцкага фермера за дзве гадзіны апусцеў падчыстую – аказаліся запатрабаванымі літаральна ўсе гатункі 30-кілаграмовых сетак з насеннай элітай. “Мы ў вашым раёне ўжо былі – людзі ў “Патрыёце” прачыталі, ды і на кірмашы заказаў набралі”. Не сумавалі і іх землякі з саджанцамі, якія паралельна давалі парады. Добрым пачаткам сезона назваў кірмаш і іх канкурэнт з Лепеля. З гэтага ж раёна прыехалі з бульбай прыватнікі, якія спецыяльна шукаюць інфармацыю аб кірмашах. Былі і ўшачане, якія чакалі кірмашу, каб распрадаць лішкі зерня, бульбы, насення кветак. А вось камбінат “Вясна-агра” з цяплічным таварам, гандлёвы дом “Усходні”, што прывёз канфіскаваны на мытні абутак і адзенне, як і пераважную большасць прадаўцоў запрашалі спецыялісты аддзела эканомікі і райсельгасхарча Ушацкага райвыканкама. З заяўленых не было толькі Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Кірмаш дзякуючы арганізатарам атрымаўся багатым, разнастайным, задаволенымі раз’язджаліся як прадаўцы – Ушацкі філіял, напрыклад, нагандляваў тры тысячы рублёў, так і пакупнікі, якія без вялікіх чэргаў набылі ўсё самае неабходнае для агародніцкага сезона.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *