Летний отдых в оздоровительном лагере «Туросполье»

Наши дети

Лета. Хто не любіць гэту пару года за сонечныя дзянькі, спевы птушак, купанне ў рацэ? А яшчэ гэта – сезон адпачынку для дарослых і дзяцей. Першыя стараюцца ўзяць водпуск, другія радуюцца працяглым канікулам. І ўсё ж, сапраўдны падарунак для дзіця – гэта пуцёўка ў летнік, дзе можна сустрэць шмат сяброў, запасціся ўспамінамі на цэлы год.
Цудоўныя краявіды на беразе ракі Дзіва. Цёплае летняе надвор’е. Непаўторны водар свежага паветра. Гэта дзіцячы аздараўленчы лагер “Турасполле”, у якім 2 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё першай змены.
Дарослыя паклапаціліся своечасова падрыхтаваць летнік для адпачынку дзяцей: быў абсталяваны пляж, устаноўлена новае гульнявое і спартыўнае абсталяванне, пафарбаваны сцены ў клубе. За змену працягласцю ў 18 дзён тут могуць адпачыць каля 70 чалавек. Як расказаў нам начальнік лагера Дзмітрый Пятровіч Дрозд, у гэтым годзе акрамя ўшацкіх школьнікаў у “Турасполлі” адпачываюць хлопчыкі і дзяўчынкі з іншых рэгіёнаў, пераважна з Шаркаўшчыны. У дзяцей ёсць цудоўная магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, даведацца пра іх жыццё. 

Падчас візіту ў летнік асабіста ўпэўнілася ў тым, што для ўсіх дзетак адпачынак тут вельмі камфортны. Жыццё ў хлопчыкаў і дзяўчынак насычанае, багатае на падзеі. Пастаянна праводзяцца разнастайныя забаўляльныя, спартыўныя мерапрыемствы. Зараз, у спякотнае надвор’е, дзеці шмат часу праводзяць на рэчцы. Тут заўсёды чутны іх смех і шчаслівыя воклічы. За бяспекай школьнікаў пільна сочаць вопытныя педагогі.
Дарэчы, бяспецы дзяцей у “Турасполлі” нададзена вялікая ўвага. За лагерам замацаваны супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў, які праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні правапарушэнняў, ахоўвае грамадскі парадак у месцы размяшчэння ўстановы.
– Мы вельмі ўдзячны начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Л.Р.Карабань і Ушацкага РАУС С.А.Алабіну за тое, што яны заўсёды ідуць нам насустрач, – адзначае Д.П.Дрозд, – накіроўваюць для работы ў лагеры самых лепшых сваіх супрацоўнікаў.
Сапраўды, калі бачыш, наколькі лёгка работнікі лагера спраўляюцца з усімі задачамі, з якім задавальненнем працуюць з дзецьмі, разумееш, што ўсе яны – невыпадковыя тут людзі. І іх выхаванцы гэта адчуваюць. Ва ўстанове пануе па-сямейнаму цёплая атмасфера, у чым вялікая заслуга, безумоўна, яе начальніка Дзмітрыя Пятровіча, які ўмела арганізуе работу лагера, пастаянна клапоціцца пра інтарэсы кожнага.
Калі чым і нагадвае пра сябе лета, дык гэта ўспамінамі пра адпачынак і прывабным загарам. Упэўнена, неаднаразова ўспомняць летнія дзянькі тыя дзеці, якія будуць адпачываць у аздараўленчым лагеры “Турасполле” гэтым летам. Выхаванцы першай змены ўжо спаўна адчулі смак адпачынку ў летніку. А для астатніх школьнікаў усё самае цікавае яшчэ наперадзе! 

А можна мы прыедзем яшчэ?..

Пагутарыла з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія адпачываюць падчас першай змены ў аздараўленчым лагеры “Турасполле”. Яны адказалі на пытанні:
– Ці падабаецца тут адпачываць? Што ў “Турасполлі” самае цікавае?
Каця Багданава (г.п.Ушачы):
– Больш за ўсё падабаецца рэчка, заўсёды з нецярпеннем чакаю чарговага купання! У лагеры адпачываю ўжо ў чацвёрты раз і ні разу не пашкадавала, што для летняга адпачынку прыехала ў Турасы. Прыеду сюды яшчэ і на трэцюю змену.
Насця Рэут і Насця Клопава (аграгарадок Вялікія Дольцы):
– Падабаецца. Больш за ўсё любім наведваць дыскатэкі, якія праходзяць у лагеры кожны дзень. Безумоўна, падабаецца купацца ў рацэ. Абавязкова прыедзем яшчэ, калі атрымаецца.
Хлопчыкі другога атрада:
– Абавязкова прыедзем яшчэ. Мы тут пасябравалі. Кожны дзень гульні, конкурсы. Сумаваць няма часу. Будзе пра што ўспомніць! Тут нас выдатна кормяць, бацькі часам наведваюць, а таму і дамоў вяртацца не надта хочацца.
Дзяўчынкі першага атрада:
– Адпачываць весела: тут столькі розных мерапрыемстваў! Дамоў? Ды вы што! Нам сумна будзе. А можна мы прыедзем яшчэ? У лагеры ёсць дзяўчынкі і хлопчыкі, якія тут па чатыры і нават па шэсць гадоў запар адпачываюць. Ім бацькі кожнае лета пуцёўкі бяруць. Мы тут і на ўсё лета згодныя застацца.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *