Горячий фронт кормозаготовки

Сельское хозяйство

Цяпер у сельскіх працаўнікоў няма больш важнай і неадкладнай работы, чым нарыхтоўка кармоў. Ад хуткага і якаснага яе правядзення ў рашаючай ступені залежыць паспяховае выкананне планаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў гэтым і будучым годзе. Летась “Глыбачаны” забяспечылі сябе дастатковай колькасцю кармоў і, як вынік – мелі нядрэнныя паказчыкі. Зараз працаўнікі стараюцца не губляць час, каб у аптымальныя тэрміны нарыхтаваць кармы з першага ўкосу. На палях поўным ходам ідуць работы. Больш чатырох тысяч тон трэба нарыхтаваць сенажу, сіласу, задаволіць патрэбы цялят у сене. Таму з самай раніцы і да вечара чуваць гул тэхнікі. Дзве касілкі спраўляюцца з аб’ёмам касьбы, праз пэўны час услед ідуць граблі, падборшчык. Як і ў папярэднія гады, на палях адзін кормаўборачны камбайн КЗР-10, на якім нязменна і бездакорна не адзін сезон працуе Васіль Мікалаевіч Сапега. Калі здараюцца паломкі, стараюцца як мага хутчэй іх выпраўляць, каб работа надоўга не спынялася. Хутка гаспадарка павінна атрымаць новы высокапрадукцыйны кормаўборачны камбайн КВК-800, што значна паскорыць правядзенне корманарыхтоўкі. Скошаная трава вылежваецца ў валках, а затым і падбіраецца “Палессем”. У такое спякотнае надвор’е яна імгненна становіцца правяленай і хутка сенам.  
Каб падборшчык не прастойваў у чаканні, на адвозцы зялёнай масы задзейнічана адразу тры адзінкі тэхнікі. Сянаж закладваецца ў траншэі каля комплексу ў Глыбачанах. Не будзе ніякіх праблем з дастаўкай у зімова-стойлавы перыяд. Таксама не спыняецца трамбоўка, яна вядзецца дзвюма адзінкамі ў дзве змены, у тым ліку і ноччу. Пастаянна кантралюецца якасць закладзеных кармоў.
Па адладжанай схеме шчыра працуюць з раніцы і да вечара, толькі ў час абедаў і вячэры, якія падвозяць на поле, работнікі маюць магчымасць крыху перавесці дух.
Ёсць стымул працаваць з кожным днём лепш: ход правядзення корманарыхтоўкі адлюстраваны на спецыяльным стэндзе ў дыспетчарскай, а механізатары атрымліваюць лісткі разліку, адкуль даведваюцца пра матэрыяльнае ўзнагароджанне за кожны дзень сваёй працы. Усім задаволены таму і стараюцца. 
Першым укосам у КУСГП “Глыбачаны” скошана 33 працэнты траў, закладзена больш 828 тон сенажу. Усяго ж у раёне яго нарыхтавана ўжо 12151 тона.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымках: брыгадзір С.Пячура, механізатары А.Дубоўскі, В.Сапега, А.Літвін; М.Лях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *